Дэфіцыт вонкавага гандлю за студзень – верасень склаў $ 356 млн, паведаміў Нацбанк. Імпарт рос амаль удвая шпарчэй за экспарт.
За дзевяць месяцаў года, як падлічыў рэгулятар, Беларусь прадала за мяжу тавараў і паслугаў на $ 36,7 млрд, а купіла імпартнага на $ 37 млрд. Экспарт год да года павялічыўся на 4,4 %, а імпарт – на 7 %.
У выніку сальда вонкавага гандлю склала мінус $ 356 млн, хаця ў статыстыцы месяцам раней яно было дадатным: $ 187 млн.
З гандлем таварамі – бяда. Паводле Нацбанку, іх экспарт павялічыўся на 3,1 %, імпарт – на 7,6 %, а адмоўнае сальда ледзь не дасягнула $ 3 млрд (у студзені – верасні летась было ўдвая менш: мінус $ 1,5 млрд).
А паводле Белстату, у якога іншыя вынікі падлікаў, дэфіцыт вонкавага гандлю яшчэ большы: мінус $ 3,4 млрд. Ведамства старанна хавае падрабязную статыстыку, у якіх аб’ёмах і ў якія краіны ідзе зробленае ў Беларусі, даючы толькі разбіўку на краіны СНД і ўвесь астатні свет. Гэтыя звесткі сведчаць, што «дальняя дуга» купляць беларускае не спяшаецца: экспарт у дзяржавы па-за СНД упаў на 4,4 %, затое імпарт адтуль вырас на 1,3 %.
Пастаўкі ў краіны былога Савецкага Саюзу павялічыліся на 6,7 %, а імпарт адтуль – ажно на 12,1 %. Адметна, што з $ 30,3 млрд агульнага таварнага экспарту краіны $ 21,6 млрд (70 %) прыпадае на дзяржавы СНД, і амаль усё тут спажывае Расея. Такім чынам, калі галоўны партнёр з нейкіх прычынаў (ці то эканамічны крызіс, ці то палітычны ціск) адмовіцца ад беларускай прадукцыі, то паўстане пытанне, куды гэта ўсё дзяваць. І гэта не кажучы пра тое, што праз тэрыторыю Расеі Беларусь экспартуе тавары ў іншыя краіны. Незалежныя эканамісты сцерлі языкі, папярэджваючы пра рызыкі такой удушлівай залежнасці ад адной дзяржавы.
Зрэшты, улады маюць інструменты штучнага абмежавання імпарту, каб запаволіць вымыванне валюты, і эксперт даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук не выключае, што гэтыя захады ў пэўны момант «расчахляць».
Дарэчы, рост імпарту – пабочны эфект павелічэння прыбыткаў беларусаў, тлумачыла раней «Белсату» эканамістка BEROC Настасся Лузгіна:
«Тут ролю адыгрывае спажывецкі попыт: заробкі ў нас растуць, крэдытаванне расце, адпаведна, не зніжаецца попыт на імпарт».
Традыцыйна прыстойны выгляд вонкаваму гандлю надаюць паслугі, але цяпер і яны не ўратавалі, хаця дынамікаю паказнікаў улады мусяць быць задаволеныя.
Экспарт паслугаў вырас на 10 % да $ 7 млрд, а імпарт – на 2,4 % да $ 4,5 млрд. За кошт чаго расце экспарт, можна толькі здагадвацца, бо і гэтую статыстыку хаваюць, аднак адно тлумачэнне ўсё ж маецца: ажыўленне IT-галіны, якая адштурхнулася ад дна і ў студзені – верасні сёлета вырасла на 0,7 % год да года.
Для здаровай эканомікі дэфіцыт вонкавага гандлю не крытычная праблема. Звычайна яго кампенсуюць інвестыцыямі або крэдытамі. А ў Беларусі на такі выпадак засталіся спадзевы толькі на Расею.
«Калі дэфіцыт будзе хранічна расці, могуць папрасіць падтрымання ў Расеі, улічваючы, што там, наадварот, актыўна расце дадатнае гандлёвае сальда. І гэта прывядзе да яшчэ большай залежнасці ад суседняй краіны. Яшчэ і палітычныя патрабаванні могуць высунуць», — папярэджвала Настасся Лузгіна.
Сцяпан Кубік belsat.eu