«Белсат» аналізуе вынікі чарговага тыдня поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра сітуацыю на фронце станам на 18 лістапада чытайце ў нашым матэрыяле.
Адносная стабільнасць на Куршчыне
Апошні тыдзень працягваліся актыўныя баявыя дзеянні на тэрыторыі Курскай вобласці РФ. Тут ініцыятывай валодаюць расейскія вайскоўцы, якія імкнуцца атачыць праціўніка на асобных участках, а ў больш далёкай перспектыве – выціснуць яго за дзяржаўную мяжу. Пакуль істотных поспехаў УС РФ не адзначаецца.
Так, на заходнім участку фронту ў Суджанскім раёне УС РФ крыху прасунуліся ў ваколіцах паселішча Дар’іна, але пры гэтым расейцам па-ранейшаму не ўдаецца атачыць праціўніка вышэй на лініі фронту паміж сёламі Тоўсты Луг і Ніжні Клін.
На паўночным фланзе войскі РФ імкнуцца адрэзаць значныя сілы ўкраінцаў, атакуючы ў ваколіцах паселішчаў Паграбкі і Арлоўка, але пакуль маюць толькі лакальныя поспехі. У гэты ж час Збройныя сілы Украіны атакуюць на прылеглай тэрыторыі суседняга Коранеўскага раёну – на ўсходзе і поўдні ад адміністрацыйнага цэнтру.
На паўднёвым усходзе Суджанскага раёну асноўныя баявыя дзеянні лакалізуюцца ў ваколіцах паселішча Плёхава, дзе яшчэ захоўваецца прысутнасць ЗСУ. Імаверна, у далейшай перспектыве расейцы разлічваюць адсюль распачаць паступовае акружэнне гораду Суджа з поўдня.

Часовы заход расейцаў у Купянск
У пачатку мінулага тыдня нагадала пра сябе складаная для ЗСУ сітуацыя на паўночным усходзе краіны. Тут Узброеныя сілы РФ, скарыстаўшыся невыразнай лініяй сутыкнення ў лясным масіве з поўначы ад Купянску, высунуліся дзвюма калонамі тэхнікі і дасягнулі паўночнай часткі гораду. Неўзабаве тэхніка расейцаў была знішчаная, але дэсанту УС РФ удалося высадзіцца і разасяродзіцца на прылеглай тэрыторыі.
Праўкраінскія крыніцы паведамляюць, што сілы праціўніка былі знішчаныя або ўзятыя ў палон цягам содняў. Таксама адзначаецца, што расейцы намагаліся паўтарыць заход у горад новымі групамі, але гэтым разам былі загадзя выяўленыя ды ліквідаваныя.
Сам факт пачатку баёў у Купянску ўказвае на хісткае становішча плацдарму ЗСУ на левым беразе ракі Аскіл, які адначасова з баямі на поўначы сціскаецца безупыннымі атакамі расейцаў на поўдні і ўсходзе.
Падобным чынам развіваецца сітуацыя і ніжэй па фронце – на плацдарме ўкраінцаў на левым беразе ракі Жарабец: тут войскі РФ не маюць маштабных поспехаў, але лакальна паступова прасоўваюцца ў ваколіцах паселішча Тэрны.
Агулам, гэтыя два кірункі маюць хутчэй другаснае значэнне для расейцаў, аднак і ў такіх умовах яны маюць істотную перавагу над праціўнікам у жывой сіле і тэхніцы, што дазваляе ім разлічваць на ліквідацыю абодвух плацдармаў у найбліжэйшай перспектыве.

Узмацненне ціску на курахаўскім кірунку
На поўначы Данецкай вобласці расейцы дасягнулі лакальных поспехаў у ваколіцах гораду Часаў Яр і на тэрыторыі тарэцкай агламерацыі. Агулам лінія сутыкнення на абодвух участках застаецца адносна стабільнай, хоць і характарызуецца істотнай перавагаю расейцаў.
Тым часам у цэнтральнай частцы рэгіёну – пакроўскі і курахаўскі кірункі – становішча Збройных сілаў Украіны робіцца ўсё больш крытычным.
У прыватнасці, на першым кірунку расейцы паспяхова развіваюць наступ уздоўж трасы на захад ад раней занятага гораду Сэлыдава, што ў далейшым пагражае абыходам Пакроўску з поўдня. Так, за мінулы тыдзень пад кантроль УС РФ перайшлі паселішчы Грыгораўка і Пятроўка.
У гэты ж час на паўднёвым фланзе кірунку войскі РФ зачышчаюць паўночны бераг Курахаўскага вадасховішча, паступова прасоўваючыся на захад. Увесь выступ па фронце пад пагрозаю акружэння праз ранейшы заход расейцаў у паселішча Санцоўка (месціцца на паўночным захадзе ад вадасховішча).
,,«Яшчэ больш крытычным выглядае становішча Сілаў абароны Украіны на курахаўскім кірунку, дзе расейцы намагаюцца абысці з флангаў аднайменны горад».
На момант напісання матэрыялу асаблівай увагі вартая сітуацыя на паўднёвым усходзе ад Курахава: тут цягам апошняга тыдня расейцы прарваліся да сяла Дальняе, у выніку чаго ЗСУ апынуліся пад пагрозаю магчымага акружэння ў «кішэні» на вялізным участку фронту з усходу ад лініі Дальняе – Успенаўка.
Апошні населены пункт мае важнае значэнне для ЗСУ ў плане лагістыкі, таму цяпер расейцы імкнуцца прасунуцца да яго не толькі з поўначы, але і з поўдня. Вайскоўцы ЗСУ мяркуюць, што неўзабаве расейцы могуць нанесці маштабны ўдар на ўчастку Касцянтынопальскае – Успенаўка для далейшага блакавання Курахава з захаду.
Адначасова расейцы цягам апошніх некалькіх тыдняў перакідаюць на курахаўскі кірунак рэзервы з Запарожскай вобласці і больш далёкіх ад фронту ўчасткаў. Пры гэтым маштаб гэтых сілаў указвае на тое, што камандаванне УС РФ найбліжэйшым часам разлічвае не толькі заняць Курахава, але і развіць далейшы поспех на захад: імаверна, рух будзе ажыццяўляцца ўздоўж трасы Данецк – Запарожжа з перспектываю выхаду да мяжы Данецкай вобласці, бо менавіта на гэтым участку ўкраінскі бок не паспеў падрыхтаваць сур’ёзных абарончых лініяў.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu