навіны

Пянькоўскі: Трамп не зменшыць падтрымку Беларусі, а ў Крамлі дарэмна цешацца

Антон Пянькоўскі
Дарадца Агенства еўраатлантычнага супрацы, амерыканіст Антон Пянькоўскі. Фота: Inimoigusedeestis.ee
podpis źródła zdjęcia

Доналд Трамп, імаверна, перамог на прэзідэнцкіх выбарах у Злучаных Штатах. Чаго чакаць Беларусі і Украіне ад палітыка, які хваліўся добрымі стасункамі з Уладзімірам Пуціным? Спыталі дарадцу Агенства еўраатлантычнага супрацы.

Доналд Трамп на перадвыбарчым мітынгу. Рэдынг, штат Пенсільванія, ЗША. 4 лістапада 2024 года. Фота: realdonaldtrump / Instagram

Што Доналд Трамп абяцаў перад выбарамі: пра ЗША, Украіну і Беларусь

Аналітыка

Дарадца Агенства еўраатлантычнага супрацы, амерыканіст Антон Пянькоўскі ў перадачы «Белсат Zoom» адзначае, што варта казаць не столькі пра паразу Дэмакратычнай партыі, а больш менавіта пра перамогу Доналда Трампа. За яго галасавалі не таму, што дэмакраты правалілі кампанію, хоць змена кандыдата дэмакратаў за лічаныя месяцы да выбараў і магла паўплываць на вынікі.


Трамп абяцаў спыніць вайну ва Украіне і прадухіліць Трэцюю сусветную вайну. Пянькоўскі падкрэслівае: ніхто не ведае планаў Трампа, бо той агучвае свае планы вельмі акуратна. Трамп нават казаў, што не будзе раскрываць сваіх планаў адносна Украіны і ідэяў наконт Кітаю, бо павінен быць элемент раптоўнасці.

,,

«Ён некалькі разоў казаў, што спыніць вайну ва Украіне за 24 гадзіны, – згадвае Пянькоўскі пра Трампа. – Я мяркую, што гэта не вельмі магчымы сцэнар, але ж мы разумеем, што ён паспрабуе дамовіцца з Украінай і Масквой на нейкія перамовы, на нейкае спыненне агню».


З мінулага тэрміну бачна, што Трампу «вельмі не падабаюцца войны», працягвае Пянькоўскі. Трамп – «перамоўнік», можна чакаць нечаканых і складаных перамоваў. Ягоная палітыка будзе мець уплыў і на Блізкі Усход, і на Іран, і на сітуацыю між Кітаем і Тайванем.


Міжнародная палітыка не дамінавала ў кампаніях на гэтых выбарах: перадусім – унутраная палітыка, а вонкавая, паводле Пянькоўскага, гэта другое ці нават трэцяе пытанне. Але і Аляксандр Лукашэнка, і Святлана Ціханоўская ўжо завочна павіншавалі Трампа з выбраннем. Уладзімір Пуцін на момант публікацыі яшчэ не віншаваў, але перамозе Трампа цешацца расейскія дзяржаўныя медыі і нават «атрады Пуціна»


Перамога Трампа не вартая эйфарыі ў Крамлі, перакананы Пянькоўскі. Можа, прыхільнікі Пуціна і Лукашэнкі цешацца ад недасведчанасці ці кепскай памяці: за Трампам у Белым доме ўвялі шмат абмежаванняў і санкцыяў на крамлёўскі рэжым, а наратывы пра Трампа як «сябра Пуціна» не суадносіцца з тым, што Трамп рабіў у мінулы тэрмін. 


Што да супрацы ЗША з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, Пянькоўскі не бачыць падставаў да зменаў. Інстытуты і Дэмакратычнай, і Рэспубліканскай партыі падтрымліваюць беларускі дэмакратычны рух на ўсім працягу ягонага існавання. У Вашынгтоне ёсць кансэнсус адносна Беларусі: у Кангрэсе ёсць група за вольную Беларусь (Free Belarus Caucus), якая складаецца з прадсташўнікоў абедзвюх партыяў. І абедзве партыі адназначна выказваюцца ў падтрымку беларускага народу. 

,,

«Я б не чакаў ніякіх зменаў наконт падтрымкі беларускага дэмакратычнага руху, – кажа Пянькоўскі. – Нават я б чакаў нейкага ўзмацнення гэтай падтрымкі».


Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Ian Hutchinson / Unsplash)

«Прызнаць КР і Пераходны кабінет легітымнымі інстытутамі». ЗША апублікавалі новы Акт аб дэмакратыі ў Беларусі

навіны

Акрамя таго, менш як праз два месяцы мае адбыцца чарговы раўнд стратэгічнага дыялогу ЗША з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Гэтым дыялогам з амерыканскага боку займаецца Дзяржаўны дэпартамент (Міністэрства замежных справаў) – і Пянькоўскі ўжо бачыць «пэўныя крокі» з амерыканскага боку.


Вядоўца перадачы «Атма$фера» Аляксандр Кныровіч піша, што «Трамп – гэта не пра дэмакратычныя прынцыпы, гэта пра дамовы», а значыць, дэмакратычным сілам трэба будзе «прад’явіць» Вашынгтону нейкія вынікі. Пянькоўскі нязгодны: кажа, Кныровіч ацэньвае Трампа «як бізнесовец бізнесоўца», але ў вонкавай палітыцы не ўсё працуе так, як у бізнесе, і не заўсёды гэта «ўгода за тры хвіліны». 


Ці не павялічацца пагрозы паглынання Расеяй для Украіны і Беларусі ад прыходу Трампа, які больш будзе займацца ўнутранай палітыкай? Пянькоўскі кажа, што Трамп мае «вельмі складаныя» асабістыя стасункі з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, які адмовіў яму ў дапамозе ў палітычнай барацьбе з Джо Байдэнам. Але асабістыя стасункі Трампа і Зяленскага не могуць змяніць трэнд падтрымкі Украіны, упэўнены Пянькоўскі. Дапамога Украіне можа змяніцца, але не значна. Адносна Беларусі ў Вашынгтоне «ёсць пэўныя ідэі» як пра «суцяшальны прыз для Пуціна», але гэтыя ідэі ўспрымаюцца пераважна як «тое, чаго немагчыма дапусціць».


Сяргей Падсасонны, Глеб Нержын belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10