Рэпартаж

«Нашыя паэты - ніколі не расстраляныя!» У Музеі вольнай Беларусі ўшанавалі памяць ахвяраў 1937 года

Людзі чытаюць вершы паэтаў, якія былі расстраляныя ў 1937 годзе ў Менску. Імпрэза пад назвай «Ноч расстраляных паэтаў» з нагоды гадавіны тых падзей адбылася ў Музеі новай Беларусі.
Людзі чытаюць вершы паэтаў, якія былі расстраляныя ў 1937 годзе ў Менску. Імпрэза пад назвай «Ноч расстраляных паэтаў» з нагоды гадавіны тых падзей адбылася ў Музеі новай Беларусі. Варшава, Польшча. 29 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Увечары 29 кастрычніка «Белсат» трапіў на вечарыну «Ноч паэтаў» у варшаўскім Музеі вольнай Беларусі. Свечы, прыцішаная музыка, мінімум пафасу. І вершы тых, чые жыццёвыя і творчыя мары былі абарваныя сталінскімі катамі ў ноч на 30 кастрычніка 87 гадоў таму. Напэўна, менавіта так - у амаль сямейнай і троху містычнай атмасферы - і трэба ўспамінаць аб закатаваных і расстраляных. Тады яны вяртаюцца. Як дамоў…

«У нас сёння не будзе падзелу - падзелу на тых, хто слухае, і хто выступае, паміж паэтамі і іх прыхільнікамі, паміж жывымі і памерлымі… Усе мы сёння разам», - казала на самым пачатку імпрэзы адна з вядоўцаў - акторка і сузаснавальніца тэатральнай ініцыятывы «Дзея другая» Вольга Каралёнак.


«На вялікі жаль, гэтая ноч усё яшчэ трывае» 


Людзі проста выходзілі і чыталі вершы. І мёртвыя станавіліся жывымі: Міхась Чарот, Юлі Таўбін, Анатоль Вольны, Алесь Дудар, Мойшэ Кульбак, Валеры Маракоў, Фёдар Кляшторны, многія іншыя. 


Ксёндз Вячаслаў Барок чытае верш «Ніколі» беларускага святара Аляксандра Астрамовіча, які пісаў пад псеўданімам Андрэй Зязюля. Паэт і святар сышоў з жыцця задоўга да 1937 года - у 1921-м. 


«Дык чаму тады я адважваюся згадаць пра ягоную творчасць і ягонае імя? Таму што Ноч расстраляных паэтаў у беларускім грамадстве пачалася значна раней, чым у 1937 годзе 29 кастрычніка. І, на вялікі жаль, гэтая ноч усё яшчэ трывае», - гаворыць Вячаслаў Барок.


Гэтая чорная ноч трывае дагэтуль, бо ў беларускім грамадстве заўсёды ёсць людзі, якія жывуць паводле годнага настаўлення паэта Андрэя Зязюлі, тлумачыць Барок. 


А настаўленне такое: «Бушуе хай бура, віхор хай злуецца, Хай вецер панура завые на рэчцы, Я роднага краю, што рвецца да волі, Не здраджу ніколі…»


«Няхай гэты верш натхняе нас. Беларусам не хапае сёння вернасці гэтай ідэі, калі Беларусь - перад усім. І сёння прыгадваем імёны тых, хто за любоў да Айчыны, да беларушчыны, аддалі сваё жыццё. Няхай гэтая праўда асвятляе нас, акрыляе нас! Каб мы заставаліся вернай гэтай прысязе і ніколі не здрадзілі нашай роднай Беларусі», - заклікае беларускі святар.


Людзі чытаюць вершы паэтаў, якія былі расстраляныя ў 1937 годзе ў Менску. Імпрэза пад назвай «Ноч расстраляных паэтаў» з нагоды гадавіны тых падзей адбылася ў Музеі новай Беларусі. Варшава, Польшча. 29 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат
Людзі чытаюць вершы паэтаў, якія былі расстраляныя ў 1937 годзе ў Менску. Імпрэза пад назвай «Ноч расстраляных паэтаў» з нагоды гадавіны тых падзей адбылася ў Музеі новай Беларусі. Варшава, Польшча. 29 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат

«Мы будзем запальваць і запальваць гэтыя свечы!»


Клятва Андрэя Зязюлі ўзмацняецца «Прысягай» (1937) Міхася Чарота. Пранізлівыя радкі гэтага верша чытае прадстаўнік Таварыства беларускай мовы Сяржук Герасімовіч. «Я прысягаю вам, сябры, Мае палі, Мае бары, - Кажу вам - я не вінаваты!». 


Паэтычныя словы паглыбляюцца музыкай, якую сінхронна з вершаванымі радкамі стварае кампазітар Ілля Семашкевіч. Імправізуе. 


«Самае цяжкае было - не перашкодзіць тэксту, наадварот - паглыбіць і падкрэсліць эмоцыі вершаў, а яны былі вельмі розныя», - прызнаецца нам Ілля Семашкевіч ужо пасля заканчэння вечарыны.


А падчас выступу стваралася ўражанне, што Семашкевіч ідзе ў сваім гучанні не толькі за тэкстам, але і за святлаценем - на самых глыбокіх музычных момантах пачыналі раптам трымцець аганькі свечак. 


«Гляджу на гэтыя свечкі, і прыходзіць такая думка, што жыццё чалавека - як свечка. Яна згарыць - чалавек сыходзіць у іншы свет. Або - хтосьці можа патушыць гэтую свечку. У 1930-я гады - гэта былі тыя пачвары, якія проста падыходзілі і тушылі свечы - забівалі эліту нашай нацыі, нашага народу», - гаворыць намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінету і кіраўнік НАУ Павел Латушка, які выходзіць на імпразаваную сцэну, каб прачытаць верш Анатоля Вольнага «Паўстанцы».


Павел Латушка ўспамінае, як у 2012 годзе, едучы цягніком у Вену, заплакаў, дачытаўшы да канца сцэнарый Алены Калюновай да фільму «Купала», бо той сцэнарый заканчваўся мартыралогам - «прозвішчамі і імёнамі расстраляных - не расстраляных! - беларускіх паэтаў». Латушка распавядае, як у Адміністрацыі Лукашэнкі адказалі пазней на прапанову зняць гэты фільм катэгарычным «не». Але фільм быў усё ж створаны, прэм'ера планавалася на 2020 год, але тады рэжым па-сапраўднаму спужаўся. Бо гэтая стужка - «пра барацьбу супраць расейскай навалы, супраць навалы сталінізму».  


«Вось такое маё ўласнае разуменне гэтай свечкі, якая гарыць, і ўласнае разуменне жыцця, якое згарае. Але яно не згарыць, бо за іншымі свечкамі будуць з'яўляцца іншыя - мы будзем іх запальваць і запальваць! І я веру ў тое, што яны змогуць асвяціць нам нашую дарогу да свабоды. Веру ў тое, што Беларусь будзе вольнай. Нашыя паэты ніколі не расстраляныя! Яны сёння з намі, у нашых сэрцах і душах», - казаў Павел Латушка.


Палітык згадаў таксама ахвяраў лукашэнкаўскага рэжыму - Рамана Бандарэнку, Алеся Пушкіна, Мікалая Клімовіча ды іншых. Заклікаў змагацца за волю тых дзеячаў культуры, якія і сёння ўтрымліваюцца ў беларускіх турмах. Іх - больш за 200 чалавек.

Кіраўнік НАУ Павал Латушка прамаўляе падчас імпрэзы з нагоды гадавіны «Ночы расстраляных паэтаў» у Музеі новай Беларусі. Варшава, Польшча. 29 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат
Кіраўнік НАУ Павал Латушка прамаўляе падчас імпрэзы з нагоды гадавіны «Ночы расстраляных паэтаў» у Музеі новай Беларусі. Варшава, Польшча. 29 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат

«Пакуль сварымся паміж сабой, лёс Беларусі могуць зноў вырашыць без нас»


Вольга Каралёнак чытае верш Валерыя Маракова «О, каменне замоўкла, каменне маўчыць…» і пасля дзеліцца ўласнымі думкамі: трэба паспрабаваць ставіцца да сваіх ворагаў як да камянёў - проста прыбраць іх са сваёй дарогі і са сваёй раллі, калі прыйдзе час яе засяваць.


«Мы не шкадуем мазалёў. Мы за чужых праклёны роім, Але без торгу і без слоў Мы аддаем сваіх герояў…» - болем аддаюцца радкі верша Алеся Дудара «Пасеклі Край наш папалам…» у выкананні журналіста Змітра Лупача



,,

«Пакуль мы тут сварымся паміж сабой, маўляў, я туды не пайду, бо там будзе той і той, лёс Беларусі, як і ў 1921 годзе, і ў 1939 годзе, і пасля Другой сусветнай, - могуць вырашыць без нас - ізноў могуць пасекчы наш Край», - папярэджвае Зміцер Лупач.



Яшчэ адзін твор Алеся Дудара гучыць у выкананні былога палітвязня і ўдзельніка тэатральнай ініцыятывы «Дзея другая» Данілы Ганчарова (ён жа наўпрост прычыніўся да цёплага і густоўнага афармлення імпрэзы). Чытае верш «Я малады»: «Гэта кроў не баіцца смерці, гэта сэрца распаліць лёд, гэтых думак кіпучага смерчу не абгоніць птушыны лёт…».


З крэсла ўстае яшчэ адзін былы палітзняволены Зміцер Г. Распавядае, што, калі быў у калоніі, прачытаў у часопісе «Дзеяслоў» артыкул пра паэта Змітра Віталіна, які быў арыштаваны яшчэ ў 1933-м, але выжыў і дажыў да 2004 года. Не расстраляны, але ягоны лёс сугучны з лёсамі ўсіх беларускіх творцаў, усіх беларусаў. Зміцер чытае верш пад назвай «Адпомсціць»…


Вечарына памяці заканчваецца радкамі Анатоля Сыса: «Адпусціце мяне, Курапаты, нават з куляю ў галаве, да дзяцей, да жаны, да хаты. Як там бацькаўшчына жыве?..»


У самым фінале гучаць імёны тых, каго назваць не паспелі. Свечкі разгараюцца. Святлее. Нібы і праўда ўсе мёртвыя сталіся жывымі…


У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Менску былі расстраляныя больш за 100 беларускіх дзяржаўных і культурных дзеячаў і навукоўцаў. Сярод іх - 22 літаратары: паэты, празаікі, перакладнікі, крытыкі. Сёлета акцыі памяці «Ноч расстраляных паэтаў» беларусы ладзілі ў многіх гарадах свету - ад Нью-Ёрку да Кіева. Толькі ў Варшаве, амаль адначасова на розных пляцоўках, адбыліся чатыры імпрэзы, удзельнікі якіх ушанавалі памяць аб ахвярах сталінскага і лукашэнкаўскага рэжымаў.


Зміцер Міраш belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10