Прабач, што звяртаюся, непасрэдна да цябе, але, мабыць больш ні на каго надзеі ўжо і няма. Неяк так атрымалася, што за 8 гадоў існавання «Струнных тэхналогій» у Рэспубліцы Беларусь, ніхто з адказных асобаў, так і пацікавіўся, а што гэта за кампанія, якія ў яе гісторыя і імідж.
Разумею, Мікалай, што ты цяпер крыху заняты, з поспехам канцэртуеш па райцэнтрах Беларусі з фартэпіяннымі нумарамі, нясеш класічную культуру ў масы, разам з гуртам «Дразды» і Аляксандрам Саладухам, аднак, прашу цябе звярнуць увагу на крыху іншую праблему.
Яна, як ні дзіўна, таксама звязаная са струнамі, але не з тымі, што там, ўнутры піяніна або раяля.
На нядаўняй нарадзе з дарожнымі нашымі чыноўнікамі, твой тата кінуў фразу, праз якую я падавіўся вечаровай канапкай, і, калі б побач не было блізкіх, справа магла б скончыцца сапраўднай трагедыяй.
Фраза была такая:
,,«Трэба ствараць нармальныя, не толькі аўтамабільныя, але і чыгуначныя і іншае злучэнні. Ведаю, што і струнны транспарт распрацоўваецца. Шмат распрацовак у свеце ўжо ёсць, добрыя прыклады. У гэтым кірунку рухацца...»
Здавалася б, ну і што такога? Ці мала, сапраўды, у свеце цікавых распрацовак.
Ну, шчыра кажучы, такіх – малавата.
Справа ў тым, мой дарагі Мікалай, што гэта – шматмільённая афёра самай чыстай вады.
Не, тое, каб твайго бацьку разводзілі на грошы ўсё каму не лянота, гэта не навіна. Дастаткова паглядзець на проста падборку суперпраектаў – ад Светлагорскага ЦКК і завода газетнай паперы ў Шклове да беларускага электрамабіля і біятэхналагічнай карпарацыі.
,,Усюды, куды ні тыкні пальцам, па ўсёй краіне, што ні праект, дык абяцанняў на многія мільёны прыбытку, а вынік... такі ж, толькі са знакам мінус.
Так што «інвестыцыйныя» страты, што пакрываюцца з бюджэту (г. зн. за кошт грамадзян), гэта справа звыклая, такі нацыянальны від спорту, але, каб дзяржаўнае прызнанне (і грошы?) атрымліваў адкрыты махляр, які не зрабіў нічога, такое ўсё ж здараецца вельмі рэдка.
Справа ў тым, дарагі Мікалай, што «распрацоўніка» гэтай «добрай распрацоўкі» у свеце ўжо даўно ведаюць як аблупленага, і ў прыстойных дамах на парог не пускаюць.
Сама «ідэя» складаецца ў такім ўдасканаленні звыклага фунікулёра (падвесных вагончыкаў на дратах, што ездзяць у горнай мясцовасці), пры якім гэтая канструкцыя павінна разганяцца да хуткасці ў 500 км/г і проста змяніць сам спосаб перамяшчэння як пасажыраў, так і грузаў. І, пакуль ты яшчэ не зачыніў рот (адкрыты ад здзіўлення), удакладню, што не толькі на зямлі гэта павінна спрацаваць, але і ў космасе. Так што і Маск, і Раскосмас могуць згортваць лавачку – ідзе «акадэмік» Анатоль Юніцкі, гамяльчук, 74 гадоў ад роду.
Пры чым тут Беларусь? Ну толькі тут наш Анатоль знайшоў роднасныя душы і атрымаў участак прыстойнага памеру (35 га) пад выпрабавальны палігон, прыгожа названы «ЭкаТэхнаПарк».

Там чагосьці будавалася, ездзіла на малой хуткасці. Да дасягнення вау-эфекту, які выклікалі прэзентацыі «канкурэнта» з Tesla, было яшчэ далекавата, нягледзячы на ўпэўніванне нашага вынаходніка, што ў ягоных распрацовак эфектыўнасць у 7 разоў вышэйшая!
Ці былі на праект выдзеленыя нейкія дзяржаўныя грошы?
Я вельмі-вельмі-вельмі спадзяюся, што не. Праўда, сітуацыя ад гэтага становіцца нават горшаю. Справа ў тым, дарагі Мікалай, што гэтая кампанія запэцкалася па самыя вушы ў фінансавых маніпуляцыях. Дый чаго яшчэ можна чакаць, калі галоўная старонка сайта беларускай кампаніі «Струнныя тэхналогіі», ахвотных падрабязней пазнаёміцца з рэалізацый тэхналогіі, перакідвае на іншы сайт, які распісвае прывабнасць укладанняў у іх жа. А там чорным па белым адрас галаўной кампаніі – Брытанскія Віргінскія астравы, афшорная тэрыторыя, што ўваходзіць у найбольш «чорны» з магчымых спісаў беспадатковых тэрыторый.
Так, і побач з адрасам штампік – Акадэмія Навук, Рэспубліка Беларусь. Праўда, прыгожа?
Гэта ўсё пры тым, што яшчэ ў 2016 годзе гэтая самая Акадэмія адмовіла кампаніі ў статусе «навуковай арганізацыі» – нічога навуковага ў ёй не знайшла.
Усё гэта ані не замінае Універсітэту Нацыянальнай акадэміі навук вазіць у Мар'іну Горку магістрантаў і паказваць... цікава, што ж яны там ім паказваюць?
Як не перашкаджае гэтая акалічнасць выдавецкаму дому «Беларуская навука» НАН Беларусі публікаваць манаграфію А. Юніцкага «Струнныя транспартныя сістэмы: на Зямлі і ў космасе», а акадэміку, доктару тэхнічных навук, прафесару, заслужанаму дзеячу навукі Рэспублікі Беларусь, начальніку ўпраўлення аэракасмічнай дзейнасці, намесніку кіраўніка (не стаміліся? крыху засталося) Агенцтва па касмічных даследаваннях НАН Беларусі Пятру Віцязю выступаць з прывітальным словам на VI Міжнароднай навукова-тэхнічнай канферэнцыі «Безракетная індустрыялізацыя блізкага космасу: праблемы, ідэі, праекты», якая прайшла дзе? Правільна! У Нью-Васюках! Гэта значыць – у Мар'інай Горцы, вядома.

Па выніках канферэнцыі быў выпушчаны зборнік матэрыялаў на 500 старонак, з якіх 400 займаюць матэрыялы, аўтарства або суаўтарства таварыша Юніцкага.
Паколькі суарганізатарам канферэнцыі былі не толькі ЗАТ «Струнныя тэхналогіі», але і ТАА «Астраінжынерныя тэхналогіі» (якія належаць яму ж), узнікае адчуванне, што проста так чалавецтва ад яго, Юніцкага, ужо не адкараскаецца.
Адчуванне гэта пагаршаецца пры азнаямленні з уласнай ацэнкай вынаходнікам сваёй кампаніі яшчэ ў 2013 годзе ($400 млрд, 3-я ў свеце, пасля Apple і ExxonMobil), а таксама з ягонымі ж рэгаліямі: ганаровы віцэ-прэзідэнт Араба-славацкай гандлёва-прамысловай палаты; доктар філасофіі транспарту; акадэмік Рускай (менавіта так, не блытаць з Расейскай) акадэміі навук і мастацтваў.
Гэта было б проста смешным анекдотам, калі б у выніку афёраў з прыцягненнем грошай пад гэтую кампанію не было некаторай колькасці пацярпелых (некалькі тысяч чалавек).
,,Міжнародны і ўсекасмічны геній гуляе не на свае. Улады Літвы, Эстоніі, Чэхіі, Латвіі выпусцілі афіцыйную заяву, што дзейнасць ягонай кампаніі незаконная на тэрыторыі гэтых краінаў, але грошы даверлівых і мала пісьменных «інвестараў» працягваюць прыцягвацца і сёння абяцаннямі тысяч адсоткаў заробку тады, калі свет «уцяміць». І штампік «Акадэмія Навук Рэспублікі Беларусь» дапамагае гэта рабіць.
Я гэта ўсё, да чаго, дарагі Мікалай.
Твой тата відавочна мае жаданне перадаць Беларусь у спадчыну Табе асабіста. У мяне ж ёсць вялікая надзея, што гісторыя маёй краіны ўсё ж пойдзе крыху іншым шляхам, і ваша манархічная лінія на ім і абарвецца.
Але ні табе, ні мне дакладна не патрэбны вось такі імідж Беларусі: «Краіна, дзе можна зарабляць грошы, пускаючы брыльянтавы пыл у вочы малапісьменнаму кіраўніку...».
Гэта ж вельмі сорамна, і ўдвая сорамна, што за 8 гадоў існавання «Струнных тэхналогій» у Рэспубліцы Беларусь, ніхто з адказных асоб, так і не звярнуў на гэты непарадак ўвагі. Ці – не захацеў звярнуць?
Таму, толькі на цябе, Мікалай, уся мая надзея.
P.S. Цікава, што ў Telegram-канале «Пул Першага» цытата пра «сучасныя струнныя тэхналогіі» ёсць, а вось на сайце «СБ» рэдактары працуюць больш кемлівыя і менавіта гэтую фразу падрэзалі, аднак у YouTube-версіі нарады яна на сваім месцы.
belsat.eu / ЮК