Указ супраць беспілотнікаў дапоўнілі правам ужываць фізічную сілу, спецсродкі і зброю супраць усяго беспілотнга, а не толькі БПЛА і авіямадэляў. А права біць беспілотнікі далі пракурорам, следчым і іншым сілавікам.
Аляксандр Лукашэнка дапоўніў указ «Аб прадухіленні палётаў авіямадэляў і беспілотных лятучых апаратаў», паведаміў ананімны Telegram-канал «Пул первого», які выконвае функцыі прэс-службы Лукашэнкі. Следам за ім пра гэта паведаміла дзяржаўнае інфармагенцтва «БелТА».
Сам абноўлены ўказ яшчэ не апублікаваны. Але абяцаюць, што ў ім будзе дзве навінкі:
• Ужываць фізічную сілу, спецыяльныя сродкі, зброю, баявую і спецыяльную тэхніку можна будзе не толькі супраць беспілотных лятучых апаратаў (БПЛА) і авіямадэляў, але і супраць беспілотных паветраных суднаў, беспілотных транспартных сродкаў, у тым ліку падводных і надводных суднаў, наземных апаратаў і комплексаў з дыстанцыйным ці аўтаматычным кіраваннем.
• Ужываць усё гэта супраць беспілотнікаў змогуць не толькі байцы вайсковых фармаванняў і органаў унутраных справаў, але і супрацоўнікі іншых ваенізаваных фармаванняў: органаў пракуратуры, Следчага камітэту, Дзяржаўнага камітэту судовых экспертызаў, органаў фінансавага расследавання Камітэту дзяржаўнага кантролю, Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, мытных органаў.
Што з беспілотных паветраных суднаў не ўваходзіць у БПЛА, незразумела: згодна Паветранаму кодэксу, беспілотны лятучы апарат – гэта паветранае судна, прызначанае для палётаў без экіпажу на борце.
Але беспілотныя машыны – ужо не фантастыка, а сапраўдныя таксоўкі на вуліцах сапраўдных гарадоў. Нават беспілотныя трактары ўжо выпускаюць у Беларусі – праўда, у адзінкавых экзэмплярах. Беспілотныя пасажырскія лятучыя апараты – пакуль толькі прататыпы, але ўжо гатовыя да масавага рынку. Марскія дроны паспяхова ўжываюць украінцы ў вайне супраць Расеі.
Ды з паведамленняў прэс-службы Лукашэнкі незразумела, супраць якіх наземных ці марскіх дронаў могуць ужываць фізічную сілу следчыя ці інспектары па жывёльным і раслінным свеце. Падобна, указ перадусім пашырае магчымасці барацьбы з расейскімі дронамі-камікадзэ, якія ўсё часцей залятаюць у Беларусь, і мірнымі грамадзянскімі беспілотнікамі, забароненымі з канца 2023 года.
Тым часам Міністэрства абароны Беларусі плануе рыхтаваць аператараў БПЛА не толькі ў ДТСААФ, але і ў Сувораўскай вучэльні, і на вайсковым факультэце БДУІР.
Алесь Наваборскі belsat.eu