Прадстаўнік «BELPOL» Мацвей Купрэйчык пракаментаваў «Белсату» затрыманне жыхаркі Калінкавічаў за відэа падзення ў горадзе расейскага «Шагэду». На ягоную думку, сілавікі такімі дзеяннямі ставяць пад пагрозу ўласныя ж сем’і.
Мацвей Купрэйчык падкрэсліў, што чарговы прылёт «Шагэду» ў Беларусь – гэта «надзвычайнае становішча», бо стварае пагрозы жыхарам Беларусі. Але сілавікі, паводле яго, пра гэта не думаюць.
«Для тых, хто застаўся ў сістэме, для большасці з іх, сям’я ўжо не значыць нічога. Адзінае, каго яны абараняюць, гэта рэжым дыктатара [Аляксандра] Лукашэнкі, ягоны клан і гэтак далей. Гэта значыць, для іх няма нічога святога. Яны нават не могуць сабе ўявіць, што адзін, два, тры „Шагэды“ – што з кожным разам гэта ўсё можа стаць толькі горш. І насамрэч могуць пацярпець звычайныя нявінныя людзі», – сказаў прадстаўнік «BELPOL».
Купрэйчык адзначыў, што затрыманая жанчына не здзейсніла ніякага злачынства ці супрацьпраўнага дзеяння, нават паводле законаў лукашэнкаўскай Беларусі.
,,«Мы проста цудоўна разумеем, што менавіта дыктатар Лукашэнка і ягоныя карнікі запалохваюць насельніцтва. І спрабуюць прадэманстраваць і свету і той самай катэгорыі беларусаў, якія сумняваюцца, падтрымліваць рэжым ці не падтрымліваць рэжым, што яны гарантуюць бяспеку. Як любіць казаць дыктатар, мірнае неба над галавой і гэтак далей», – заявіў ён.
Аднак, на думку прадстаўніка «BELPOL», як падзенне беспілотніка, гэтак і рэакцыя на гэта ўладаў паказваюць «толькі тое, што яны не здольныя кантраляваць у гэты момант сітуацыю ў краіне. І што дыктатару ўжо даўно-даўно час на супакой».
Дроны лятаюць і падрываюцца ўсё часцей
Відэа падзення дрону першапачаткова з’явілася ў чаце дарожнай дапамогі «Калинковичи, Авто, ГАИ». Відэа суправаджаецца ўсё большым шумам бензінавага рухавіка і дэтанацыяй боепрыпасу. Гэты гук пачулі жыхары ўсяго райцэнтру і суседніх вёсак 3 кастрычніка а 04:54, паведамляў «Флагшток».
За 12 хвілінаў да гэтага ўкраінскія рэсурсы паведамілі пра заход расейскага «Шагэду» ў паветраную прастору Беларусі і яго руху ў кірунку Мазыра, шляхам на ўсход ад Нароўлі.

«Адлегласць ад Нароўлі да Калінкавічаў складае 40 км, якія „Шагэд“ можа пераадолець усяго за 11 хвілінаў (сярэдняя хуткасць – 200 км/г). Траекторыя і хуткасць руху „Шагэду“ сведчаць пра тое, што ў момант выбуху дрон ужо быў над горадам», – адзначыў «Беларускі Гаюн», дадаючы, што ў гэты час беларускай авіяцыі над Гомельшчынай не фіксавалася.
Ці здэтанаваў дрон самастойна ці быў збіты сіламі СПА – невядома. Інфармацыі пра пацярпелых няма.
А раніцай 4 кастрычніка сталася вядома, што ў Калінкавічах цэлай камандай Спецыяльнага атраду хуткага рэагавання, пры ўдзеле КДБ, затрымлівалі мясцовую жыхарку, камеры дому якой зафіксавалі выбух. Яе абвінавацілі ў супрацы з «экстрэмісцкімі» рэсурсамі, а таксама ў дэзынфармацыі і распаўсюджванні панікі. Пры тым, што першапачаткова відэа з’явілася ў мясцовым пабліку, адкуль яго ўжо потым узялі медыі.
Затрыманне праходзіла ў тыповым стылі беларускіх сілавікоў – групай СОБРу ва ўсёй амуніцыі, размахваннем зброяй, са скокамі праз плот і ўзломам адкрытых замкоў. Кантраляваў усё працаўнік КДБ з паперкай. Затрыманай жанчыне выставілі крымінальны артыкул.
Гэта чарговы факт прылёту расейскага вайсковага дрона ў Беларусі. Напрыклад, у ноч на 5 верасня ў Гомельскі раён заляцелі прынамсі два расейскія ўдарныя беспілотнікі тыпу іранскіх «Шагэдаў». Выглядае, што іх збіла беларуская супрацьпаветраная абарона. Гомельцы назіралі, як штосьці ў небе гарыць і падае.
За два тыдні перад тым было зафіксавана сем выпадкаў, калі падчас расейскіх атак на Украіну ў паветраную прастору Беларусі заляталі дроны-камікадзэ з РФ. Прычым у асобныя дні над Беларуссю з’яўлялася адразу па 4-6 «Шагэдаў».
Руслан Ігнатовіч, Якуб Хруст belsat.eu