Апошні месяц вясны прынясе беларусам шэраг змяненняў. Сярод іх – рост бюджэту пражыткавага мінімуму, старт летняга сезону і ўступнай кампаніі ды змяненні ў рэгуляванні цэнаў. Пра гэтае і іншае – у аглядзе «Белсату».
Амністыя без палітвязняў
У Беларусі збіраюцца правесці амністыю з нагоды 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Законапраект у двух чытаннях ужо прынялі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў – засталося, каб яго ўхвалілі чальцы Савету Рэспублікі і падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле афіцыйных падлікаў, мяркуецца ўжыць амністыю ў дачыненні 7630 асуджаных. Палітвязняў сярод іх не будзе.
Вырастуць пенсіі і дапамога сем’ям
З 1 траўня на 15 рублёў, або на 3,3 %, павышаецца памер бюджэту пражыткавага мінімуму, ад якога залежаць некаторыя сацыяльныя выплаты, надбаўкі і павышэнні. Новы памер БПМ у сярэднім на асобу складзе Br 462,58. У сувязі са змяненнем бюджэту пражыткавага мінімуму аўтаматычна пераглядаюцца розныя надбаўкі і павышэнні, якія залежаць ад яго, а таксама асобныя сацыяльныя выплаты. Напрыклад, сацыяльныя і мінімальныя працоўныя пенсіі, даплаты да пенсіяў, дапамога на дзяцей і на догляд інвалідаў першай групы і дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў.

Вырастуць заробкі педагогаў
З 1 траўня настаўнікі-дэфектолагі (лагапеды, тыфлапедагогы, сурдапедагогі, алігафрэнапедагогі) атрымаюць надбаўку 35 % ад акладу. Такую ж дапамогу атрымаюць выхавальнікі.
Працаўнікі Рэспубліканскага інстытуту прафесійнай адукацыі атрымаюць надбаўку ад 5 да 20 % у залежнасці ад кваліфікацыі. А дырэктары бібліятэкаў і іхныя намеснікі, бібліёграфы, бібліятэкары і загадчыкі аддзелу – 20 % ад акладу.
Канец навучальнага года
У вучняў малодшых і сярэдніх класаў заняткі скончацца 31 траўня. У вучняў дзявятых і адзінаццатых класаў апошні дзень заняткаў будзе 23 траўня, апошні званок для іх празвініць на наступны дзень.
Пачнецца ўступная кампанія
Стартуе ўступная кампанія. 26 траўня пройдзе цэнтралізаваны экзамен для 11-класнікаў і цэнтралізаванае тэставанне для іншых выпускнікоў па ўсіх прадметах, акрамя беларускай і расейскай моваў. ЦЭ і ЦТ па апошніх пройдзе 29 траўня.
Змены датычна ветэранаў
З 1 траўня набываюць моц змены законаў у пытаннях ветэранаў. Да ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны будуць залічаныя асобы, узнагароджаныя медалямі СССР за бездакорную вайсковую службу ў тыле. Яны будуць атрымліваць павялічаную ў пяць разоў даплату да пенсіі – 250 % замест ранейшых 50 % ад мінімальнай пенсіі, або амаль Br 280. Акрамя таго, яны атрымаюць ільготы і сацыяльныя гарантыі, што належаць удзельнікам баявых дзеянняў.

У працаўнікоў тылу, якія маюць дзяржаўныя ўзнагароды, пенсійная даплата вырасце з 50 % да 100 % мінімальнага памеру пенсіі, да амаль Br 112.
Вязні фашызму атрымаюць бясплатнае забеспячэнне лекамі і тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі, бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне, бясплатны выраб і рамонт зубных пратэзаў ды іншыя льготы.
Ветэраны вайны ў Афганістане, якія атрымалі інваліднасць у мірны час, набываюць права датэрміновага выхаду на пенсію – на пяць гадоў раней вызначанага тэрміну. Грамадзяне, якія працавалі ў Афганістане з 1979 да 1989 года, будуць штомесяц атрымліваць дадатковую выплату 100 % мінімальнай пенсіі. Таксама бацькі і жонкі загінулых, якія не ўступілі ў новы шлюб, атрымаюць бясплатныя лекі ды санаторна-курортнае лячэнне.
Выплаты ветэранам
Традыцыйную выплату да 9 траўня пачнуць выдаваць за тыдзень да свята. Br 5000 атрымаюць інваліды і ўдзельнікі ВАВ, асобы, якія бралі ўдзел у баявых дзеяннях да 3 верасня 1945 года, Br 2500 – узнагароджаныя ордэнамі або медалямі СССР за самаадданую працу ў тыле і на вайсковых аб'ектах, Br 1500 – іншыя пацярпелыя ад вайны.
Без гарачай вады
Пачнуцца адключэнні гарачай вады. У Менску першымі сутыкнуцца з гэтым жыхары дамоў на вуліцы Арлоўская 76 і праспект Пераможцаў 12. У іх гарачай вады не будзе ўжо з 14 траўня.
Новыя правілы Нацбанку
Нацбанк з 1 траўня пашырае пералік фінансавых інструментаў крэдытна-дэпазітнага рынку, на якія ўстанаўліваюцца значэнні разліковых велічыняў стандартнай рызыкі. РВСР уводзяцца ў новых крэдытах, выдадзеных юрыдычным асобам у рублях на тэрмін больш як тры гады. Таксама аднаўляецца ўстанаўленне РВСР у новых тэрміновых безадзыўных банкаўскіх укладах фізічных асобаў з тэрмінам вяртання больш як адзін год.

Змена рэгулявання цэнаў
З 1 траўня ў Беларусі перастануць дзеяць гранічныя цэны на прадукты з баршчовага набору: бульбу, цыбулю, буракі, моркву, капусту і яблыкі. З гэтага ж дня да іх будуць ужывацца гранічныя надбаўкі.
Цыгарэты даражэюць
З 1 траўня падаражэюць на 10 капеек цыгарэты «Корона слим», «Корона стиль» і «Корона элит». Таксама вызначаныя цэны на цыгарэты «Dunhill Compact Silver» у памеры Br 7,4.
Змены МТС
МТС з 1 траўня мяняе ўмовы выкарыстання мабільнага інтэрнэту для некаторых тарыфаў. Змены закрануць як кошт інтэрнэту, гэтак і колькасць трафіку.
Летнія зніжкі для пенсіянераў
Пенсіянеры з 1 траўня да 31 кастрычніка атрымаюць зніжку 50 % на праезд у цягніках рэгіянальных лініяў эканомкласу. Для куплі білету і праезду са зніжкаю неабходна паказаць арыгінал пенсійнага пасведчання. Льгота не дзее ў цягніках рэгіянальных лініяў бізнес-класу, а таксама гарадскіх і міжрэгіянальных лініяў.
Летнія маршруты
З 6 траўня на вяснова-восеньскі перыяд «Менсктранс» арганізуе рэйсы на прыгарадных маршрутах да садовых таварыстваў: Вясёлка, Трактар, Лысая Гара, Вішнёўка, Бараўцы, Фізік, Нялідавічы, Жукаўка.
А «Белавія» аднаўляе чартарную праграму ў Анталью (Турцыя) з абласных цэнтраў. Авіярэйсы злучаць з папулярным курортам Гомель (з 11 траўня), Берасце (з 12 траўня), Магілёў (з 18 траўня) і Віцебск (з 25 траўня).
З 6 да 7 траўня ў сувязі з планавым рамонтам чыгуначнага моста асобныя цягнікі на ўчастку Маладзечна – Ліда будуць ехаць змененымі раскладам і маршрутам.

Летні сезон адпачынку
З 1 траўня ў Беларусі стартуе купальны сезон. На яго ў краіне вызначаныя 450 месцаў масавага адпачынку ля вады.
У Менску да вяснова-летняга сезону таксама падрыхтуюць больш за 1100 вулічных абʼектаў гандлю і грамадскага харчавання, у тым ліку летнія тэрасы пры кавярнях і рэстаранах, кіёскі, павільёны, пляцоўкі фудкорту. Сезонны гандаль будзе арганізаваны каля стацыянарных крамаў, у парках, скверах і на пляжах. У большасці выпадкаў праца пачнецца з 1 траўня.
Партал станцыяў электразарадкі
1 траўня запрацуе дзяржаўны партал устаноўкі зарадных станцыяў. Ён надасць інвестарам, малому і сярэдняму бізнесу інструмент хуткай устаноўкі зарадных станцыяў пад ключ без неабходнасці развязання тэхнічных і адміністратыўных пытанняў. Зарадная станцыя пры гэтым будзе інтэграваная ў дзяржаўную зарадную сетку і атрымае доступ да базы кліентаў.
Дапамога на пахаванне
З 1 траўня памер дапамогі на пахаванне будзе істотна павялічаны – на Br 173. Ён пераглядаецца штомесяц зыходзячы з сярэдняга заробку за пазамінулы месяц.
Змены ўезду ў Тайланд
З 1 траўня ўсе замежнікі, якія ўязджаюць у Тайланд, у тым ліку беларусы, мусяць за тры дні да візіту запоўніць лічбавую карту прыбыцця (TDAC). Пры гэтым яна не ёсць візаю. Для падачы лічбавай карты прыбыцця трэба зайсці на сайт іміграцыйнага бюро, запоўніць сваю заяўку, адправіць яе і спампаваць дакумент TDAC, а затым захаваць яго ці раздрукаваць для паказу іміграцыйнаму працаўніку ў Тайландзе.
Макар Мыш belsat.eu