навіны

Салодкі шок: некаторыя цукеркі ў крамах падаражэлі ўдвая і абагналі ў цане мяса

Некаторыя цукеркі ў крамах падаражэлі ўдвая і абагналі ў цане мяса
Некаторыя цукеркі ў крамах падаражэлі ўдвая і абагналі ў цане мяса. Фота: mixnews.lv
podpis źródła zdjęcia

Цяпер у беларускіх крамах з'явіліся і залатыя цукеркі. Кілаграм «Мишек на поляне» – 63 рублі. Гэта нават болей за добры кавалак мяса. Хтосьці жартаўліва прапануе шукаць у цукерках залатыя зліткі, іншыя заклікаюць байкатаваць беларускіх вытворцаў цукерак. «Белсат» вывучыў цэны, рэакцыі пакупнікоў і сапраўды параўнаў кошты на мяса і цукеркі ў Беларусі. Атрымалася салодка, але не танна.

«Зайшоў учора ў «Ласунак» па гарбату, што на праспекце, і ўзяў дадаткова тры цукеркі. Быў шакаваны коштам», – напісаў карыстальнік Threads.

За тры цукеркі мужчына заплаціў 2,18 рубля. На здымку, размешчаным у сацсетках у якасці доказу, відаць, што беларус набыў адну цукерку «Любимая Алёнка», адну – «Мишка на поляне» і адну цукерку «Столичные».

За тры цукеркі беларус аддаў больш за 2 рублі. Фота: скрыншот
За тры цукеркі беларус аддаў больш за 2 рублі. Фота: скрыншот

Цэны выклікалі не проста здзіўленне, а сапраўдную буру каментароў.


«Я лепш зʼем «Bounty», «Mars», «Twix», чымся гэты тоўсты, салодкі пластылін», – піша карыстальнік у Threads.


«Гэта даражэй за добры кавалак свініны на рынку», – каментуе яшчэ адзін беларус.


Мы праверылі: сапраўды, на сайце «E-dostavka» кілаграм цукерак «Мишки на поляне» каштуе 63,58 рубля, а «Любимая Алёнка» – 46,99 рубля, «Столичные» – 39,75 рубля.

Цэны на некаторыя цукеркі шакуюць. Фота: скрыншот
Цэны на некаторыя цукеркі шакуюць. Фота: скрыншот


І калі ўжо беларусы параўналі цэны на цукеркі з мясам, мы прааналізавалі і іх.

Цэны на свініну. Фота: скрыншот
Цэны на свініну. Фота: скрыншот

На тым жа сайце «E-dostavka»: цэны на свініну, якая была ў наяўнасці на дзень рыхтавання матэрыялу, – ад 15 да 25 рублёў у залежнасці ад віду мяса, ялавічыны – ад 10 да 65 рублёў.

Цэны на ялавічыну. Фота: скрыншот
Цэны на ялавічыну. Фота: скрыншот


«Няхай ужо ў «Залатой калекцыі» будзе золата»


«Дырэктар прынёс у офіс «Мішак» і абураўся: «Што за цэны?!» Аказалася, ён узяў з «Залатой калекцыі» – нават не заўважыў. Але потым ужо сам сказаў: «Гэта іншыя цукеркі. І яны вартыя сваёй цаны», – апавядае яшчэ адна пакупніца ў водгуку.


Сярод самых дарагіх салодкіх пазіцыяў – цукеркі з той самай «Залатой калекцыі» фабрыкі «Камунарка». Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, «Залатая калекцыя» – гэта лімітаваная лінейка, створаная да 120-годдзя фабрыкі. У яе ўваходзяць палепшаныя версіі культавых цукерак – з новым складам і дызайнам.

Цукеркі з «Залатой калекцыі». Фота: irecommend.ru
Цукеркі з «Залатой калекцыі». Фота: irecommend.ru

Склад «залатой» цукеркі: шакалад з утрыманнем какавы больш за 70 %, міндаль, натуральны ванільны араматызатар, какава-масла, вафельны ліст з прэміум-інгрэдыентамі.


На фоне беларускага рынку гэта рэдкасць. Але пакуль адны гатовыя плаціць за «сапраўдны шакалад», іншыя пытаюцца:


«Навошта мне цукеркі за 63 рублі, калі за гэтую ж суму я магу купіць кілаграм мяса?», «Я лепш з’ем «Twix» або «Mars», – пішуць у Threads.

 

Вінаватыя какава-бабы?

 

Знайшлася ў TikTok і яшчэ адна шакавальная гісторыя пра тое, як «Труфелі» ў гіпермаркеце да абеду каштавалі 38,39 рубля, а пасля абеду цэннік вырас да 63,36 рубля.

Вось так цэны на цукеркі выраслі за дзень. Фота: скрыншот
Вось так цэны на цукеркі выраслі за дзень. Фота: скрыншот

Як сцвярджае аўтарка відэа, «цэннік памянялі пасля візіту прадстаўнікоў «Камунаркі».


Пад відэа імгненна з’явіліся дзясяткі каментароў: «Настаяліся», «Адзінае, што не мяняецца, – гэта заробкі», «Я ў шоку ад іх цэнаў!», «Цукеркі – гэта цяпер інвестыцыі?»


Пасля хвалі абурэння ў сацсетках, кандытарская фабрыка «Камунарка» пастанавіла адказаць. У афіцыйным тлумачэнні на сваім Telegram-канале яны паведамілі:


«З пачатку года цэны на какава-бабы і іх вытворныя выраслі больш як на 30 %. У цукерцы «Труфель» утрыманне какава-прадуктаў перавышае 70 % яе сабекошту. Мы разглядалі варыянт зняць прадукт з вытворчасці, але пастанавілі захаваць выбар для пакупніка, павысіўшы цану».


Гэтае тлумачэнне аднак не задаволіла ўсіх. У TikTok і Threads карыстальнікі працягвалі спрачацца:


«Не «Камунарка», а гіпермаркет выстаўляе такія цэны», «Цэны дыктуе дастаўца. «Камунарка» сама!»


У інтэрв’ю для Telegraf.news галоўны тэхнолаг «Камунаркі» Ірына Мацыгуд дадала, што на цэны ўплываюць два фактары.


Склад: натуральны шакалад, міндаль, какава-алей – даражэйшыя за кандытарскую глазуру. Тэхналогіі вытворчасці: калі лінія старая і інгрэдыенты дарагія, сабекошт расце. Але шмат якія беларусы думаюць, што тлумачэнні – недастатковыя:

,,

«Залатая калекцыя» – дык няхай у ёй і будзе золата. А пакуль што гэта гучыць як кпіны з людзей, якія жывуць на 500 рублёў за месяц», – адзначае іншы каментатар.


На першы погляд, гісторыя пра дарагія цукеркі можа падацца дробяззю. Але грамадская рэакцыя паказвае, што праблема глыбейшая.


«Раней бабулі маглі ўзяць 200 грамаў цукерак у падарунак унукам. Цяпер гэта 12 рублёў. А пенсія 500. Падлічыце самі», – напісала адна з карыстальніц TikTok, рэагуючы на відэа пра кошт «Труфеляў».


Да таго ж падаражэнне цукерак супала і з іншымі эканамічнымі трывогамі: агуркі па 6–8 рублёў, гнілая бульба з чорнымі плямамі, забарона экспартаваць сельгаспрадукцыю. Таму беларусы сапраўды вымушаныя адмаўляцца нават ад дробных радасцяў, а наконт таго, калі гэта скончыцца, прагнозы не самыя станоўчыя.

 

Надзея Вольная belsat.eu

апошнія

Item 1 of 10