У тэлеграм-канале Рамана Пратасевіча былі апублікаваныя імёны яшчэ дзесяці палітвязняў, вызваленых па памілаванні ўказам Аляксандра Лукашэнкі.
Гэта Аляксандр Рукойць, Аляксандр Пугач, Дзмітрый Кушалевіч, Алег Завадскі, Аляксандр Жук, Мікалай Амельчанка, Дзмітрый Сінюта, Сяргей Мазоль, Віталь Санько, Андрэй Рамановіч.
Аляксандр Рукойць быў затрыманы 8 лістапада 2022 года як адзін з удзельнікаў закрытага чату «Саюз беларускага нацыянальнага шчыта». Яго судзілі за стварэнне экстрэмісцкага фармавання паводле арт. 361-1 КК РБ і распальванне варожасці або разладу паводле арт. 130 КК. Прысуд – тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Аляксандр Пугач быў затрыманы 17 жніўня 2022 года паводле падазрэння ў злачынстве паводле ч. 1 арт. 130 КК («Распальванне варожасці»), ч. 1 арт. 366 КК («Гвалт або пагроза ў дачыненні службовай асобы»), арт. 369 КК («Знявага прадстаўніка ўлады»), ч. 1 арт. 368 КК («Знявага Лукашэнкі»). Пазней яго прысудзілі да 3,5 года пазбаўлення волі ва ўмовах калоніі агульнага рэжыму.
Дзмітрый Кушалевіч быў прысуджаны 13 снежня 2022 года да пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 366 («Пагроза ў дачыненні службовай асобы»), арт. 367 КК («Паклёп у дачыненні Лукашэнкі»), арт. 368 КК («Знявага Лукашэнкі»). Дакладны тэрмін, які прысудзілі Дзмітрыю, не быў вядомы. Сваё пакаранне ён адбываў у папраўчай калоніі № 15.
Алега Завадскага затрымалі 12 студзеня 2023 года і абвінавацілі ў публічнай знявазе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК), а таксама ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці або разладу (ч. 1 арт. 130 КК). Ён быў асуджаны на 3,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Аляксандр Жук – адзін з фігурантаў так званай карагоднай справы за акцыю пратэсту ў Берасці, якая адбылася 13 верасня 2020 года. Аляксандра абвінавацілі паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») і прысудзілі яму 2,5 года калоніі агульнага рэжыму. Да гэтага ён цалкам адбыў пакаранне ў выглядзе 1,5 года «хіміі» паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу.
Мікалай Амельчанка быў асуджаны паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 130 («Распальванне варожасці або разладу»), арт. 367 («Паклёп у дачыненні Лукашэнкі»), арт. 203-1 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных») і арт. 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Пра тое, якім быў прысуд, інфармацыі ў праваабаронцаў не было.
Дзмітрыя Сінюту судзілі 5 верасня 2023 года паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), ч. 1 арт. 130 КК («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або разладу»), ч. 1 арт. 368 КК («Знявага Лукашэнкі»). Дакладнага прысуду праваабаронцы не ведалі.
Сяргей Мазоль быў асуджаны Берасцейскім абласным судом на 2,5 года пазбаўлення волі за спрыянне «экстрэмісцкай дзейнасці». Падставаю паслужыла паведамленне, якое ён адправіў у тэлеграм-бот NEXTA, пацвярджаючы запуск ракетаў з самалёта. Абвінавачаны сцвярджаў, што не ведаў пра статус NEXTA як «экстрэмісцкага фармавання» на момант адпраўкі паведамлення. Апеляцыя не змяніла прысуду. 8 верасня 2023 года Сяргей быў унесены ў спіс асобаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
Віталь Санько быў затрыманы паводле арт. 361-2 («Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці») і ч. 1 арт. 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці») Крымінальнага кодэксу. Прысуд, які вынеслі Віталю, невядомы. Адбываў пакаранне ў турме № 1.
Андрэя Рамановіча затрымалі 3 траўня 2023 года за відэаролік, які ён накіраваў у «экстрэмісцкі» тэлеграм-канал. На хлопца была заведзеная крымінальная справа паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Палітвязню прысудзілі два гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму з канфіскацыяй камп'ютарнай тэхнікі.
Нагадаем, што сёння ў тэлеграм-канале Рамана Пратасевіча былі апублікаваныя прозвішчы дзесяці палітзняволеных, якіх учора сваім указам памілаваў Аляксандр Лукашэнка: гэта Аляксандр Емяльянаў, Ігар Барысаў, Аляксандр Пасцерняк, Уладзіслаў Папоў, Аляксандр Жандораў, Сяргей Мацюхевіч, Яўген Нарэйка, Андрэй Астрацоў, Віталь Чарнавусаў, Зоя Баранава.
Учора, 16 верасня, сталіся вядомыя першыя пяць прозвішчаў: гэта Аляксандр Фікаў, Таццяна Біруля, Анжэла Сікорская, Міхаіл Корзун і Кацярына Джыг.
Такім чынам, з 37 асобаў, якіх памілаваў Аляксандр Лукашэнка 16 верасня, вядомыя прозвішчы 25 чалавек.
Раман Шавель belsat.eu