Вайна

Наступ расейцаў пад Курскам і адказ ЗСУ. Што адбываецца ва Украіне?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Супрацоўнік паліцыі стаіць каля пашкоджанага шматпавярховага жылога дома пасля меркаванай атакі ўкраінскага беспілотніка ў Раменскім Маскоўскай вобласці, Расея. 10 верасня 2024 года. Фота: Maxim Shemetov / Reuters / Forum
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Супрацоўнік паліцыі стаіць каля пашкоджанага шматпавярховага жылога дома пасля меркаванай атакі ўкраінскага беспілотніка ў Раменскім Маскоўскай вобласці, Расея. 10 верасня 2024 года. Фота: Maxim Shemetov / Reuters / Forum
podpis źródła zdjęcia

«Белсат» аналізуе вынікі чарговага тыдня поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра становішча на фронце станам на 16 верасня чытайце ў нашым матэрыяле.

Наступ расейцаў на Куршчыне

Мінулы тыдзень баёў на тэрыторыі Курскай вобласці РФ адзначыўся пачаткам контрнаступальных дзеянняў расейцаў у заходняй частцы Коранеўскага раёну. Цягам некалькіх дзён войскі выбілі праціўніка з шэрагу населеных пунктаў, у выніку чаго фронт адносна стабілізаваўся па ўмоўнай лініі Коранева – Любімаўка – Абухоўка – Гардзееўка.

Пераход расейцаў у наступ, відавочна, аказаўся нечаканым для праціўніка, пра што сведчыць атачэнне часткі вайскоўцаў Збройных сілаў Украіны (ЗСУ).

Разам з тым, варта адзначыць, што камандаванню ЗСУ ўдалося аператыўна, у першую чаргу за кошт перакідання рэзеваў, выправіць сітуацыю і не дапусціць абвалу ўсяго фронту на Куршчыне. Пры гэтым на тэрыторыі суседняга Суджанскага раёну ўкраінцы захавалі ініцыятыву і дасягнулі лакальных
поспехаў на асобных участках.

Акрамя гэтага ЗСУ перайшлі ў
наступ на поўдні Глушкоўскага раёну ў кірунку ракі Сейм, што стварае перспектывы да заходу ў тыл групоўцы праціўніка ў суседнім Коранеўскім раёне. За першыя дні атак украінцы занялі населены пункт Новы Пуць і падышлі да Вясёлага. Імаверна, першаснай мэтай удару на гэтым участку фронту з’яўляецца пераразанне трасы 38Н-052, якая вядзе да раённага цэнтру і выконвае ключавую ролю ў забяспечанні войскаў РФ.

Адначасова з гэтым ЗСУ пачалі рухацца на флангах Глушкоўскага раёну: на паўднёвым захадзе яны занялі частку сяла Цёткіна, а на паўднёвым усходзе – маюць прасоўванні каля
Мядзьвежага.

Агулам, узраслая актыўнасць абодвух бакоў на Куршчыне робіць
сітуацыю на кірунку няўстойлівай і менш прадказальнай: або расейцам удасца адбіць накат праціўніка ў Глушкоўскім раёне і пайсці далей на ўсход у Коранеўскім, або ЗСУ змогуць скаваць сілы праціўніка глыбокім прарывам у тыл.

Паступовы рух расейцаў на паўночным усходзе

Больш спакойнай выглядае лінія сутыкнення на паўночным усходзе Украіны. Тут ініцыятыва застаецца за Узброенымі сіламі РФ, якія паступова расшыраюць зону кантролю на поўначы ад гораду Купянск на Харкаўскай вобласці, але пра маштабныя наступлаьныя аперацыі пакуль гаворка не ідзе.

Таксама расейцы рухаюцца ніжэй па фронце на стыку рэгіёну з суседняй Луганскай вобласцю: прасоўванні фіксуюцца ў ваколіцах сяла Пішчанае, адкуль войскі РФ у перспектыве намагаюцца выйсці да левага берагу ракі Аскіл. Аднак агулам пакуль ЗСУ ўдаецца стрымліваць праціўніка, што ў першую чаргу дасягаецца за кошт прымянення БпЛА.

На краматорскім кірунку варта звярнуць увагу на сітуацыю ў ваколіцах гораду
Часаў Яр: тут УС РФ ціснуць на флангах, імкнучыся ў перспектыве абысці горад з паўночнага і паўднёвага захаду. За апошні тыдзень расейцы маюць невялікія поспехі ў ваколіцах населеных пунктаў Багданаўка, Калінаўка і Клішчыеўка, але агулам пакуль сітуацыя не мае крытычнага характару для Збройных сілаў Украіны.

Адносная стабільнасць пад Тарэцкам

На тарэцкім кірунку войскі РФ не пакідаюць планаў абысці аднайменны горада з флангаў, каб пазбегнуць цяжкіх баёў у шчыльнай забудове населенага пункту.

На паўночным фланзе расейцы амаль цалкам занялі пасёлак
Дружба, што ў далейшай перспектыве адкрывае шлях да Дачнага і Дылееўкі.

На паўднёвым фланзе працягваюцца баі за Нялепаўку, значная частка якой ужо знаходзіцца пад кантролем УС РФ. Тут ЗСУ ўдалося выправіць становішча за кошт перакідання дадатковых сілаў.

Пры гэтым самыя вайскоўцы Збройных сілаў
гавораць, што агулам сітуацыя на кірунку застаецца стабільнай, хоць праціўнік і праводзіць штодня шматлікія штурмы. Пры гэтым найбольшай праблемай для ЗСУ па-ранейшаму з’яўляецца артылерыя расейцаў, якая і наносіць найбольшыя страты.

Перспектывы расейцаў каля Курахава

У цэнтральнай частцы Данецкай вобласці па-ранейшаму найбольш складаная для ЗСУ сітуацыя назіраецца на стыку пакроўскага і курахаўскага кірункаў, дзе праціўнік намагаецца злучыць свае сілы з усходу ад гораду Курахава, у выніку чаго можа апынуцца ў атачэнні частка вайскоўцаў ЗСУ.

За апошні тыдзень сярод істотных поспехаў расейцаў варта вылучыць прасоўванні на захад ад раней занятай Краснагораўкі да пасёлку Вострае. Адкуль адкрываецца шлях да ўсходніх ускрайкаў Курахава, аднак напачатку расейцы могуць засяродзіцца на захопе суседняй Максімільянаўкі ці пайсці на поўнач да Александропалю, каб у далейшым усё ж закрыць у катле групоўку ЗСУ.

У пацвярджэнне апошняй думкі можна прывесці далейшыя спробы расейцаў
ціснуць на пакроўскім кірунку на поўдзень у ваколіцах гораду Украінск. Акрамя гэтага, атакуючы тут, войскі РФ абыходзяць з флангу больш вялікі горад Сялідава.

У сваю чаргу Збройныя сілы правялі ўдалыя
атакі на поўначы пакроўскага кірунку, у выніку чаго ім удалося заняць населеныя пункты Красны Яр і Круты Яр, а таксама прасунуцца далей на поўдзень. Між тым такія пазіцыі выглядаюць даволі хісткімі, паколькі цяпер ЗСУ апынуліся ў вузкім выступе паміж пазіцыямі праціўніка.

Пагаршэнне становішча ЗСУ каля Вуглядару

Паступова пагаршаецца становішча Збройных сілаў Украіны і на поўдні Данецкай вобласці, дзе праціўнік прасоўваецца ў ваколіцах гораду Вуглядар. За апошні тыдзень расейцы захапілі сяло Вадзяное, а таксама крыху прасунуліся каля самога Вугледару. Ад Вадзянога ЗСУ адышлі на пазіцыі ў мясцовых шахтах, але адтуль іх выбіваюць цяжкімі авіяцыйнымі бомбамі.

Агулам, выглядае на тое, што неўзабаве расейцы ўсё ж скарыстаюцца сваёй перавагай у жывой сіле, авіяцыі і артылерыі і аточаць Вуглядар або вымусяць праціўніка выйсці з яго.


На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення. 

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.


Наталля Кулыгіна belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10