навіны

Гісторык, баксёр, футбаліст, у вышуку ў Расеі: новы прэзідэнт Польшчы – Караль Наўроцкі

img
Абраны прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі з жонкаю Мартаю пасля другога туру выбараў. 1 чэрвеня 2025 года. Фота: Jakub Porzycki/Anadolu via Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Поўныя інтрыгі прэзідэнцкія выбары ў Польшчы скончыліся перамогаю кансерватара Караля Наўроцкага, які заручыўся падтрыманнем апазіцыйнай партыі «Закон і справядлівасць». Асобы, якая палітыкаю не займалася.

Першы экзітпол, вынікі якога абвесцілі пасля закрыцця выбарчых участкаў, сведчыў, што перамогу на выбарах прэзідэнта суседняй краіны здабыў мэр Варшавы, прадстаўнік кіроўнай Грамадзянскай кааліцыі Рафал Тшаскоўскі з 50,3 % галасоў. У ягонага апанента, якога падтрымоўвала апазіцыйная партыя «Закон і справядлівасць», Караля Наўроцкага – 49,7 %.


Гэта вынікі апытання інстытуту «Ipsos» на замову тэлеканалаў TVN24, TVP і «Polsat News». І сацыёлагі памыліліся. Паводле канчатковых звестак Цэнтральнай выбарчай камісіі, кансерватар перамог ліберала: Наўроцкі атрымаў 50,89 %, Тшаскоўскі – 49,11 %.

Рафал Тшаскоўскі пасля галасавання на выбарчым участку ў Варшаве, Польшча. 1 чэрвеня 2025 года. Фота: Omar Marques/Getty Images
Рафал Тшаскоўскі пасля галасавання на выбарчым участку ў Варшаве, Польшча. 1 чэрвеня 2025 года. Фота: Omar Marques/Getty Images

Наўроцкаму 42 гады, жанаты, мае траіх дзяцей. Ён нарадзінец Гданьску, там і атрымаў адукацыю: пасля сярэдняй школы скончыў Вышэйшую школу бізнесу і адміністрацыі, спецыялізацыя – кіраванне персаналам. Потым пайшоў у Інстытут гісторыі Гданьскага ўніверсітэту, дзе абараніў дысертацыю і зрабіўся доктарам гуманітарных навук.


У 2023 годзе ў тым жа Гданьску атрымаў бізнес-адукацыю ў справе стратэгіі, кіравання праграмамі і праектамі.


Яшчэ ў юнацтве пачаў гуляць у футбол, выступаў у некалькіх клубах, а таксама займаўся боксам.

Чытайце таксама:
Святлана Ціханоўская. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

«Такія выбары – тое, за што мы адвакатуем». Святлана Ціханоўская павіншавала новага прэзідэнта Польшчы

У 2009 годзе Наўроцкі ўладкаваўся ў Інстытуце нацыянальнай памяці, працаваў там на розных пасадах, пакуль у 2021-м не ўзначаліў гэтую ўстанову.


Заручыўшыся падтрыманнем правай партыі «Закон і справядлівасць», што кіравала ў Польшчы да парламенцкіх выбараў 2023 года, Наўроцкі пайшоў кандыдатам на прэзідэнцкія выбары, і гэта ягоны першы крок у вялікай палітыцы, калі не лічыць ранейшай працы ў радзе дэпутатаў аднаго з раёнаў Гданьску.


Падчас перадвыбарчай кампаніі Наўроцкі выступаў супраць абавязковай вакцынацыі, вінаваціў «еўрапейскія эліты» ў вайне Расеі супраць Украіны, хаця і сцвярджаў, што Масква нясе адказнасць, выказваўся супраць сяброўства Украіны ў NATO і не падтрымоўваў паскоранага далучэння краіны да ЕЗ.


Агулам палітык не вельмі прыязна ставіцца да Украіны, згадвае Валынскую разню і кажа, што суседняя краіна мусіць адказаць за масавыя забойствы этнічных палякаў.


Разам з тым Наўроцкі не пагражаў спыняць падтрымання ўкраінскіх уцекачоў, аднак пярэчыць ільготнаму імпарту ў ЕЗ харчоў з Украіны, бо праз гэта цярпяць польскія фермеры.

Чытайце таксама:
Стары камп’ютар паказвае праграму «Это другое» тэлеканалу «Беларусь 1». Здымак мае ілюстрацыйны характар. Калаж: Pixabay.com / Беларусь-1 / Youtube / Белсат

Лукашэнкаўская прапаганда спрабавала паўплываць на выбары ў Польшчы. Каго і як падтрымлівала?

Відавочна, што правы палітык выступае супраць нерэгулярных мігрантаў. А яшчэ ён еўраскептык і прыхільнік Доналда Трампа, сустракаўся з ім у Вашынгтоне сёлета ў траўні.


Палякам Наўроцкі абяцаў не павышаць падаткаў і знізіць іх для шматдзетных сем'яў, знізіць падатак на дадатковую вартасць з 23 % да 22 %, узмацніць сістэму субсідыяў і ільготных крэдытаў для фермераў. Акрамя таго, цяпер ужо абраны прэзідэнт запэўніваў, што польскіх жаўнераў ва Украіне не будзе, пра што раней заявіў таксама прэм'ер-міністр Дональд Туск.


У лютым летась МУС Расеі абвесціла Наўроцкага ў вышук. На палітыка завялі крымінальную справу за «знішчэнне або пашкоджанне» помнікаў савецкім жаўнерам. Падставаю сталася прысутнасць Наўроцкага на дэмантажы абеліску Чырвонай арміі ў Глубчыцах.


«Медиазона» адзначае, што палітыка мусяць затрымаць і ў Беларусі, калі ён да нас прыедзе.

Чытайце таксама:
Галасаванне на выбарах прэзідэнта Польшчы на ўчастку ў Варшаве. 18 траўня 2025 года. Фота: Marek Antoni Iwaczuk/SOPA Images/LightRocket via Getty Images

Тшаскоўскі vs Наўроцкі: хто з кандыдатаў на прэзідэнцтва ў Польшчы найлепшы для Беларусі?

Якая будзе палітыка Наўроцкага ў дачыненні Беларусі і беларускай дыяспары ў Польшчы, дакладна невядома. Ні ён, ні ягоны апанент Тшаскоўскі падчас перадвыбарчай кампаніі пра гэта не казалі.


«Беларусь агулам – вялікая чорная дзірка ў польскай вонкавай палітыцы, што фактычна абмяжоўваецца толькі кансерватыўнай і рэакцыйнай палітыкай, звязанай з дзеяннямі Лукашэнкі. Думаю, гэта вялікая памылка, бо вонкавая палітыка ў дачыненні беларусаў – як тых, якія жывуць у Польшчы, гэтак і беларусаў, якія цяпер у Беларусі пры рэжыме Лукашэнкі, – надзвычай важная і цалкам ігнаруецца кандыдатамі на прэзідэнцтва», – казаў перад другім турам выбараў журналіст польскага тэлеканалу «Polsat» Марэк Сыгач у каментары «Белсату».


Ён пры гэтым адзначаў, што змена прэзідэнта ў Польшчы наўрад ці зменіць становішча беларусаў, бо амаль усё тут вызначае ўрад. У гэтым сэнсе для нашай краіны і беларускай дыяспары большае значэнне маюць парламенцкія выбары і ўрад, што фармуецца пасля іх.


Наступныя выбары ў Сейм маюць адбыцца ўвосень 2027 года, аднак у звязку з паразаю Тшаскоўскага з кіроўнай кааліцыі нельга выключаць датэрміновага галасавання. Паводле крыніцаў «Polsat», прэм'ер Дональд Туск плануе сёння звярнуцца да нацыі і прапанаваць парламенту прагаласаваць у пытанні вотуму даверу ўраду.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10