Над Гомлем збівалі дроны. Адбылося гэта 5 верасня, і, як распавёў беларусам кіраўнік Галоўнага штабу, першы намеснік камандуючага ВПС і войскамі СПА Сяргей Фралоў, усё адбылося так, як павінна было адбыцца. Восень жа, ці мала, што там з неба падае. Ды і дроны знішчаныя, а значыць, грамадзяне могуць спаць спакойна, войскі СПА пільна дбаюць, глядзяць не міргаючы нават у начное неба. Аднак грамадзянам не спіцца, у іх маюцца пытанні.
Ды, для пачатку, лёгкую трывогу выклікае самое месца паспяховага паражэння лятальных апаратаў. Грамадзяне адкрываюць «Google Maps» і задаюць пытанні: «Гэта наогул нармалёва, што відавочна несяброўскія лятальныя апараты дацягнулі да паўмільённага абласнога цэнтра? Што гэта ў нас за «пратаколы», якія прадугледжваюць ліквідацыю небяспекі непасрэдна паблізу жылых кварталаў? І ці нельга неяк іх перапісаць, адсунуўшы месца запланаванага паражэння куды-небудзь углыб палескіх балот? Ды калі ўжо зусім без прадметаў, якія падаюць з неба немагчыма абысціся».
А далей нават у патрыятычных гараджан узнікае значна больш пікантнае пытанне: «Ды чые ж гэта, уласна, дроны?». Сяргей Фралоў, паглядаючы неміргаючым позіркам у камеру, відавочна, прыкладаў прыкметныя намаганні, каб ні словам, ні жэстам, ні нават лёгкім паваротам галавы не даць зразумець, чые ж апазнавальныя знакі былі выяўленыя на парэштках збітых апаратаў. І відаць было, што разумее ён значнасць гэтага пытання, і адказ ведае, але... Начальства загадала маўчаць, а значыць, даводзіцца трымаць язык за зубамі.
Але і без экспертнага меркавання кіраўніка Галоўнага штаба насельніцтва здагадалася, і без дапамогі «экстрэмісцкіх» каналаў. Калі месяц таму, калі (паводле беларускага галоўнакамандуючага) мяжу перасякла група ўкраінскіх дронаў, якія накіроўваліся з сяброўскім візітам кудысьці ў Смаленскую ды Разанскую вобласці, беларускі бок, збіўшы адзін з апаратаў, зладзіў паказальную істэрыку. Выклікалі афіцыйных прадстаўнікоў Кіева і чагосьці ім непрыемнага нагаварылі, ды нават войскі накіравалі кудысьці на поўдзень. Рэакцыя была, ды гучная. А тут прыляцела нешта, навяло мітусні, зладзіла начны спалох і – нічога. Ніякіх афіцыйных нот, выразаў занепакоенасці, пратэстаў. Ні адзін вайсковец і брывом не павёў. Усе як вады ў рот набралі.
,,Выснова адна: гэтыя дроны – правільныя, гэтыя дроны «таго, каго трэба» дроны.
Яно, можа, так і трэба, але бянтэжыць сама нармалізацыя таго, што адбываецца. Калі б такі эпізод адбыўся гады чатыры таму, ён стаў бы падставай для, як найменш, месячнага абмеркавання ў асноўных медыя – як прапагандысцкай, так і дэмакратычнай накіраванасці. А сёння гэтыя збітыя над горадам дроны – зусім не падстава для інфармацыйнай мітусні, што, вядома, знаходзіцца ў некаторай супярэчнасці з тэзаю «Беларусь, дзякуючы мудрасці Лукашэнкі, не ўдзельнічае ў вайне». Атрымліваецца, што яшчэ як удзельнічае.
Зафіксаваўшы гэтую відавочную выснову, няўмольная логіка прыводзіць нас да наступнага пытання: «Калі неабходнасць ліквідацыі проста над горадам Гомлем пары расейскіх “шахедаў" была выклікана праблемамі з сістэмамі навядзення гэных, то што адбудзецца пры спробе выкарыстання расейскімі вайскоўцамі тактычнай ядравай зброі, размешчанай у Беларусі?». Не дай Божа, вядома, але што, якое сумленнае слова Пуціна ці канструктараў гэтай смяротнай гадасці можа гарантаваць, што вылятае з кропкі «А» з мэтаю патрапіць у кропку «Б», да гэтай самой кропкі «Б» даляціць без прамежкавых прыпынкаў на тэрыторыі Беларусі?
Аргументацыя «Ды што ты, там жа зусім іншая ступень адказнасці» ніяк не працуе. Чаго толькі ўжо не здаралася: і расейскія ракеты падалі на расейскі ж Белгарад, і касмічныя старты ў іх жа сканчаліся секунд праз 15 прызямленнем паблізу праз няправільна замацаваны датчык. Таму ступень адказнасці там роўна тая ж – што пры планаванні палётаў «шахедаў», што пры патэнцыйным ядравым удары. І ад неабходнасці лавіць дзесьці над Горадняй запушчаную ў накірунку Захаду ракету беларусы не застрахаваныя нічым, акрамя, вядома ж, гарантыяў кіраўніка Галоўнага штабу Сяргея Фралова.
Пераглядзіце, мяне ён не пераканаў.
Аляксандр Кныровіч / Авер belsat.eu
Рэдакцыя можа не падзяляць меркаванне аўтара