Міністэрства эканомікі Беларусі заявіла 19 траўня, што па выніках чатырох месяцаў у краіне дасягнутыя паказнікі вышэй за прагнозныя паводле інвестыцыяў і рэальных даходаў насельніцтва. Праўда, вышэйшаю за план выявілася і інфляцыя.
«Гадавая інфляцыя ў пэўнай ступені паскорылася і ў красавіку склала 6,5 %. Гэта звязана з прынятымі пастановамі наконт павышэння рэгуляваных цэнаў (тарыфаў), а таксама з ростам цэнаў на некаторыя пазіцыі тавараў, пераважна імпартаваныя», – заявілі ў ведамстве.
У Мінэканомікі таксама адзначылі, што ВУП за студзень–красавік вырас на 2,8 %. Драйверамі выступілі такія галіны, як будаўніцтва (11,4 %), прамысловасць (1,3 %), інфармацыя і сувязь (5,5 %), гандаль (2,6 %).
У ведамстве падкрэслілі, што ўстойлівая праца эканомікі дазваляе забяспечваць высокі ўзровень заробкаў: больш як 2480 рублёў, а сярэдні памер працоўных пенсіяў перавысіў 900 рублёў. Пры гэтым рост рэальных даходаў насельніцтва (12 % па выніках студзеня – сакавіка) абумовіў рост раздробнага тавараабароту за студзень–красавік на 10 %.
Еўразійскі банк развіцця ў сваім штотыднёвым макрааглядзе 19 траўня таксама адзначыў істотнае паскарэнне росту цэнаў у Беларусі. Паводле яго, рост коштаў паскорыўся ўва ўсіх ключавых кампанентах спажывецкага кошыку, пры самым прыкметным росце ў спажывецкіх таварах. Асноўнымі фактарамі росту цэнаў у аглядзе названыя далейшае паслабленне беларускага рубля да расейскага і паскарэнне росту цэнаў на сезонную гародніну і садавіну.
Нагадаем, што з 15 красавіка ўрад Беларусі скасаваў рэгуляванне цэнаў на больш як сотню відаў тавараў. Пакінуў да 1 траўня рэгуляванне цэнаў на сем тавараў – і 17 красавіка падняў гэтыя цэны.
У выніку месячная інфляцыі ў красавіку паскорылася да 1 % пасля 0,8 % у сакавіку. У параўнанні з пачаткам года індэкс спажывецкіх цэнаў вырас на 3,8 %, а за год – на 6,5 %. І гэта пры тым, што мэтавы паказнік інфляцыі па выніках 2025 года павінен не перавышаць 5 %.
Якуб Хруст belsat.eu