навіны

У Варшаве адбудзецца выстава, натхнёная постаццю Алеся Пушкіна

Выстава «Ales Pushkin. Afterlife» у Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 6 жніўня 2024 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
Выстава «Ales Pushkin. Afterlife» у Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 6 жніўня 2024 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Незалежная выстава «Застацца», натхнёная постаццю і мастацтвам Алеся Пушкіна, беларускага мастака і грамадскага актывіста, адкрыецца ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве 6 жніўня. У арт-праекце прэзентуюць адну з працаў мастака. Усе астатнія экспанаты – іншых мастакоў, якія захочуць узяць удзел.

«Гэтая мастацкая падзея не прысвечаная беспасярэдне асобе Алеся Пушкіна, а ёсць спробаю заглянуць глыбей – убачыць, як ягонае жыццё і творчасць уплываюць на сучасных мастакоў ды іхныя творы. Менавіта зварот сучаснікаў да творчасці Алеся і натхненне ягонымі працамі – асноўная ідэя выставы. Працяг лініі творчасці Пушкіна дазваляе яму заставацца з намі і ўплываць на сучаснае мастацтва», – падзялілася менеджарка ініцыятывы Ліза.

 

Мэта праекту – сабраць працы беларускіх і замежных мастакоў, якія былі створаныя пад уплывам творчасці Пушкіна і працягваюць ягоную мастацкую традыцыю ў сучасным кантэксце. На выставе прэзентуюць адзін з твораў мастака. Які менавіта – галоўная інтрыга арт-праекту.

 

Арганізатары ініцыятывы ў справе захавання памяці Алеся Пушкіна апавялі пра рыхтаванне да выставы:

,,

«Мы робім усё магчымае, каб прывезці адзін са значных твораў Алеся з прыватнай калекцыі з Беларусі. Але на гэты момант, як бы моцна мы ні стараліся, гэтая спроба застаецца немагчымаю. Затое пры спрыяльных умовах увазе наведнікаў будзе прэзентаваная іншая праца з цікаваю гісторыяй. Мы робім усё магчымае, каб гэты знакавы твор трапіў на выставу ў Варшаве.


Асоба мастака выклікае цікавасць і жаданне праявіць салідарнасць: мы бачым гэта паводле колькасці заявак ад удзельнікаў. Адным з вынікаў імпрэзы станецца арганізацыя аўкцыёну працаў удзельнікаў. Спадзяёмся, такім чынам нам удасца дапамагчы мастакам у выгнанні, якім крытычна неабходныя падтрыманне і проста ўвага грамадства».

 

«Алесь Пушкін. Застацца» можа набыць трансатлантычнае вымярэнне – гаворка пра ўдзел у выставе працы мастачкі з ЗША.

 

Ініцыятары праекту абвесцілі оўпэн-кол, які працягнецца да 20 траўня. Да ўдзелу запрашаюцца мастакі, якія жывуць у Польшчы і краінах-суседках Еўразвязу. Падаць заяўку можна праз спасылку.

Удзельнік Вольнага хору малюе чырвоную рысу на палатне падчас адкрыцця выставы «Ales Pushkin. Afterlife» у Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 6 жніўня 2024 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
Удзельнік Вольнага хору малюе чырвоную рысу на палатне падчас адкрыцця выставы «Ales Pushkin. Afterlife» у Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 6 жніўня 2024 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

Экспазіцыя не абмяжуецца жывапісам: падаць заяўку могуць тыя, хто працуе ў такіх формах мастацтва, як відэа, перформанс, інсталяцыя і фатаграфія.


Вызначаны шэраг тэмаў, якія аб’ядноўваюць асноўную канцэпцыю праекту:

– тэма міграцыі і трансфармацыі;

– пошук ідэнтычнасці;

– тэма дому і досведу жыцця «паміж» – краінамі, мовамі і станамі;

– асабістае перажыванне і мастацкае сведчанне.

 

Працягваецца збор сродкаў на арганізацыю праекту: падтрымаць яго можна праз платформу Gronka. Больш буйныя донары атрымаюць магчымасць узяць удзел у выбары аднаго з твораў для выставы.

 

Нагадаем, што ў мінулым годзе ў Музеі Вольнай Беларусі прайшла выстава «Алесь Пушкін: Afterlife», прысвечаная памяці мастака і зарганізаваная мастаком ды куратарам Андрэем Дурэйкам.

 

Алесь Пушкін – беларускі мастак, перформер, грамадскі актывіст, змагар за свабоду Беларусі, палітычны вязень. Ягонае жыццё трагічна абарвалася ў 2023 годзе ў Гарадзенскай турме № 1. Сёлета яму споўнілася б 60 гадоў.

 

Наста Пабягунская belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10