Вайна

ЗСУ пагражае атачэнне пад Невельскім. Што вядома?

Медыкі ўкраінскай арміі аказваюць дапамогу параненым украінскім вайскоўцам на стабілізацыйным пункце ў напрамку Часавага Яру, Украіна, 6 верасня 2024 года. Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum
Медыкі ўкраінскай арміі аказваюць дапамогу параненым украінскім вайскоўцам на стабілізацыйным пункце ў напрамку Часавага Яру, Украіна, 6 верасня 2024 года. Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum
podpis źródła zdjęcia

«Белсат» аналізуе вынікі чарговага тыдня поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра становішча на фронце станам на 9 верасня чытайце ў нашым матэрыяле.

Адносная стабілізацыя фронту пад Курскам

На паўночным фронце найбольш гарачым участкам па-ранейшаму застаецца тэрыторыя Коранеўскага і Суджанскага раёнаў Курскай вобласці РФ, дзе за апошні тыдзень, Збройныя сілы Украіны, валодаючы ініцыятывай, дасягнулі лакальных
поспехаў. Разам з тым агулам сітуацыя на Куршчыне ўсё ж істотна не змянілася, што ў першую чаргу тлумачыцца падыходам дадатковых сілаў расейцаў, з дапамогай якіх удалося акапацца і сфармаваць больш-менш выразную лінію сутыкнення.

У гэты ж час перспектыўным для ЗСУ па-ранейшаму застаецца ўчастак Глушкоўскага раёну Курскай вобласці, які ляжыць з поўдня ад ракі Сейм: раней украінскія сілы знішчылі масты цераз раку, а цяпер працягваюць разбураць новыя пераправы праціўніка. Наступ украінцаў у гэтым кірунку выглядае лагічным, аднак пакуль не ажыццяўляецца.

Яшчэ адным актыўным участкам фронту на поўначы застаецца харкаўскі кірунак, дзе асноўныя
баі лакалізуюцца ў ваколіцах населеных пунктаў Глыбокае і Ваўчанск у Харкаўскай вобласці. Тут большай ініцыятывай таксама валодаюць ЗСУ, аднак рэалізаваць яе ў канкрэтныя поспехі пакуль не ўдаецца.

Асобныя прарасейскія крыніцы пішуць, што таксама існуе верагоднасць наступу Збройных сілаў на іншых участках, у прыватнасці, гаворка вядзецца пра Бранскую і Белгародскую вобласці РФ.

Планы расейцаў на паўночным усходзе

На паўночным усходзе варта звярнуць увагу на паступовы рух войскаў РФ у бок ракі Аскіл: тут за апошні тыдзень фіксуюцца
прасоўванні каля населеных пунктаў Пішчанае і Стэльмахаўка (памежжа Харкаўскай і Луганскай вобласцяў).

У перспектыве, калі расейцам удасца выйсці да самой ракі, у паўатачэнні можа апынуцца групоўка ЗСУ пад Купянскам на Харкаўшчыне, што з улікам ужо знішчаных мастоў цераз Аскіл можа вымусіць украінскае камандаванне адвесці свае сілы на захад.

Далей на поўдзень назіраецца пэўная актывізацыя расейцаў і ў ваколіцах гораду Часаў Яр: праўкраінскія крыніцы пацвярджаюць
пераход праціўнікам каналу Сівэрскі Данец – Данбас на ўчастку каля сяла Калінаўка, у выніку чаго быў утвораны невялікі плацдарм на поўначы ад Часавага Яру.

Адначасова з гэтым назіраецца рух Узброеных сілаў РФ на паўднёвым усходзе ад гораду, дзе яны прасунуліся ў ваколіцах зруйнаванага сяла
Клішчыеўка.

Выглядае на тое, што цяпер войскі РФ намагаюцца выпрастаць лінію сутыкнення ўздоўж каналу Сівэрскі Данец – Данбас, каб у далейшым паспрабаваць абысці горад Часаў Яр з флангаў.

Аднаўленне пазіцыяў ЗСУ пад Тарэцкам


Істотна змянілася сітуацыя цягам апошняга тыдня на тарэцкім кірунку, дзе баявыя дзеянні лакалізуюцца на тэрыторыі аднайменнай агламерацыі: Збройныя сілы Украіны, перакінуўшы дадатковыя рэзервы,
аднавілі пазіцыі ў населеным пункце Нэліпаўка, а таксама адбілі значную частку суседняга Нью-Ёрку. Такім чынам ЗСУ ўдалося стабілізаваць паўднёвы фланг кірунку і пазбегнуць пагрозы атачэння Тарэцку з паўднёвага захаду.

Пры гэтым на ўсходзе агламерацыі захоўваецца ціск з боку УС РФ, аднак шчыльная гарадская забудова з’яўляецца не такой перспектыўнай у плане прасоўванняў.

Аўдзееўскі сцэнарый пад Невельскім

Удалося ЗСУ адносна стабілізаваць лінію сутыкнення і ў кірунку Пакроўку, у выніку чаго яна
зафіксавалася па ўмоўнай лініі населеных пунктаў Гродаўка – Навагродаўка – Міхайлаўка.

Між тым далей на поўдзень па фронце сітуацыя становіцца крытычнай для ЗСУ: тут расейцы
ціснуць на стыку пакроўскага і курахаўскага кірунку, імкнучыся злучыць свае групоўкі войскаў на ўсходзе ад гораду Курахава. Такім чынам ўкраінскія вайскоўцы, якія трымаюць абарону ў ваколіцах сяла Невельскае, рызыкуюць апынуцца ў атачэнні. Сам населены пункт ужо перайшоў пад кантроль войскаў РФ, якія цяпер атакуюць на захад ад Краснагораўкі і каля Гарняку.

На думку байцоў 46-й брыгады ЗСУ, у выніку захопу праціўнікам апошняга населенага пункту, істотна
скароціцца акно магчымасцяў для выхаду байцоў з утворанага катла.

Тым часам у 47-й брыгадзе
мяркуюць, што час для вываду войскаў без вялікіх стратаў прайшоў, і цяпер ЗСУ выпадае паўтарыць аўдзееўскі сцэнарый адыходу.

На самым поўдні Данецкай вобласці расейцы паступова
прасоўваюцца ў ваколіцах гораду Вуглядар: на ўсходзе яны маюць поспехі каля сяла Вадзяное, у гэты ж час на паўднёвым захадзе яны занялі Прачыстаўку. Такім чынам УС РФ, зразумеўшы бессэнсоўнасць лабавых атак на горад, вырашылі абысці яго з флангаў. У далейшай перспектыве гэтая групоўка войскаў таксама мае выйсці да Курахава.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення. 


Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.


Наталля Кулыгіна belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10