6 верасня ў МЗС Беларусі быў выкліканы пасол Японіі Хіраюкі Ямамота, якому быў выказаны пратэст «у сувязі з правядзеннем нядаўна затрыманым грамадзянінам Японіі» шпіёнскай дзейнасці на тэрыторыі Беларусі.
Адпаведная заява з’явлася на сайце беларускага МЗС.
У ёй гаворыцца, што публічна заяўленыя японскім бокам «патрабаванні схаваць дадзенае злачынства ад грамадскасці і не дэманстраваць у СМІ пакінутыя без разгляду ў сувязі з іх неправамоцнасцю».
«У дадзеным кантэксце тым больш выглядае недарэчным пратэст з нагоды дэманстрацыі фільма, які адкрывае грамадству злачынны характар дзеянняў японскага грамадзяніна», – адзначыў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.
Што да правядзення следства, то прадстаўнік МЗС кажа, што яно знаходзіцца на завяршальнай стадыі, пры гэтым «усе працэдуры былі праведзеныя ў поўнай адпаведнасці з беларускім заканадаўствам і ўсімі міжнародна-прававымі нормамі».
«Да затрыманага быў забяспечаны консульскі доступ, камфортныя ўмовы яго ўтрымання вядомы японскаму боку, ён забяспечаны абаронай, добраахвотна супрацоўнічае са следствам і ідзе на кантакт са СМІ», – гаворыцца ў заяве беларускага МЗС.
У той жа час у заяве асабліва падкрэсліваецца, што Беларусь не адмаўляецца «ад далейшых кантактаў з японскім бокам па дадзенай справе».
Адметна, што ў тэлеграм-канале «Глас МИДа», які таксама належыць беларускаму МЗС, ужо ў вольнай форме адзначаецца, што публічная рэакцыя японцаў «адкрыта здзіўляе».
,,«Здавалася б – накасячылі, трапіліся – дык думайце: як ціхенька разруліць. Але не: заяўляюць патрабаванні і пратэсты», – павучальна гаворыцца ў паведамленні.
Больш за тое, у гэтым неафіцыйным паведамленні прыводзяцца разважанні наконт таго, што «ў фільме шпіён кажа, што сабраныя ім дадзеныя маглі быць скарыстаны для ракетнага ўдару па Беларусі. Але з Японіі ракеты да нас не далятаюць… дык для чаго ці для каго ён збіраў гэтыя дадзеныя? І вось гэта тэма зусім іншага парадку…» Тым самым у паведамленні нібыта намякаецца, што пасля такіх «прызнанняў» японскага грамадзяніна Японіі не варта было б выступаць увогуле з заявамі ў абарону свайго грамадзяніна.
Вядома, што аразу пасля з’яўлення сюжэту на канале «Беларусь-1» пра затрыманага «шпіёна» Японія заявіла пратэст праз беларускую амбасаду, у якой выказала асцярогі з нагоды парушэння правоў чалавека. Акрамя таго, генеральны сакратар кабінета міністраў Японіі Ёсімаса Хаясі заявіў, што прагляджаная ім праграма «вельмі сумная» і зараз краіна аказвае затрыманаму консульскую падтрымку свайму грамадзяніну.
Нагадаем, што вечарам 4 верасня тэлеканал «Беларусь-1» паведаміў, што ў Беларусі быў «затрыманы агент японскай разведкі». Пазней высветлілася, што гэта Наканішы Масатошы, які выкладаў японскую мову ў Інстытуце дадатковай адукацыі пры Гомельскім дзяржаўным універсітэце і раней быў жанаты з гамяльчанкай.
Беларускія ўлады выставілі японцу абвінавачанні ў зборы інфармацыі пра сацыяльна-палітычную абстаноўку ў Беларусі, здымках коштаў у крамах, ваеннай інфраструктуры і сітуацыі на беларуска-ўкраінскай мяжы.
Адносіны паміж Японіяй і Беларуссю значна пагоршыліся пасля уварвання Масквы ва Украіну ў лютым 2022 года.
Раман Шавель belsat.eu