Дзяржаўны тэлеканал «Беларусь-1» паведаміў вечарам 4 верасня, што ў Беларусі «затрыманы агент японскай разведкі». Мужчына пад такім імем – Наканішы Масатошы – выкладаў японскую мову ў Інстытуце дадатковай адукацыі пры Гомельскім дзяржаўным універсітэце. Японія аказвае затрыманаму консульскую падтрымку.
Як сцвярджае дзяржаўны тэлеканал «Беларусь-1», затрыманы «агент» меў «самыя шырокія інтарэсы» ў Беларусі: пачынаючы ад збора інфармацыі пра сацыяльна-палітычную абстаноўку ў Беларусі, рэалізацыі кітайскай ініцыятвы «Адзін пояс – адзін шлях» і заканчваючы здымкамі ваеннай інфраструктуры, а таксама тым, што адбываецца на беларуска-ўкраінскай мяжы.
«Агент» на відэа «прызнаецца», што ягоная дзейнасць можа быць «вельмі небяспечнай для Беларусі». Таксама на камеру «агент» гаворыць пра тое, што «можа быць атака ракетай па Беларусі» (з Японіі ці іншай краіны, незразумела).
Затрыманы называе на відэа сваё імя: Наканішы Масатошы. Журналісты знайшлі, што чалавек з такім імем і падобнай знешнасцю выкладаў (архіўная копія) японскую мову ў Інстытуце дадаковай адукацыі пры Гомельскім дзяржаўным універсітэце. Мужчына расказваў (архіўная копія), што ў Беларусі жыў працяглы час, выкладаў японскую ў ГДУ з 2019 года, жанаты з гамяльчанкай.

На затрыманне звярнулі ўвагу японскія і міжнародныя медыі. Прэс-сакратар Кабінету міністраў Японіі паведаміў на прэс-канферэнцыі, што 50-гадовага мужчыну затрымалі ў Беларусі, з ім бачыўся консул, асаблівых праблемаў са здароўем затрыманы не мае.
Пра прычыны затрымання японскі бок не стаў выказвацца, але ўрад Японіі паабяцаў аказваць затрыманаму максімальную магчымую падтрымку.
У кастрычніку 2023 года ў Беларусі затрымалі грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, абвінавацілі ў «тэрарызме» і асудзілі на расстрэл. З супярэчлівага сюжэту дзяржаўнай прапаганды «BELPOL» зрабіў выснову, што затрыманы невінаваты, а «тэракт» маглі імітаваць беларускія спецслужбы. Крыгера вызвалілі ў межах абмену зняволенымі між Расеяй і Захадам 1 жніўня 2024 года.
Алесь Наваборскі belsat.eu