Прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка 12 жніўня расказаў у адзіным тэлемарафоне, што за апошнія два дні ўкраінскія памежнікі не фіксавалі перасоўвання ці нарошчвання беларускіх войскаў, нягледзячы на заявы Аляксандра Лукашэнкі.
Аляксандр Лукашэнка 10 жніўня заявіў на нарадзе пра сельскую гаспадарку, што ўкраінскія беспілотнікі парушылі паветраную прастору Беларусі і былі збітыя. У сувязі з гэтым, як заяўлялі ўлады Беларусі, плануецца «ўзмацненне групоўкі войскаў на гомельскім і мазырскім напрамках», марш у «прызначаныя раёны» вайсковых часцяў сілаў спецыяльных аперацыяў, сухапутных войскаў і ракетных войскаў, у тым ліку комплексаў «Іскандэр» і «Паланэз».
Мінула два дні – украінскія памежнікі такога маршу не заўважылі, расказаў прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка. Ён адзначыў, што Беларусь застаецца ў сферы ўплыву Расеі, то бок краіны-агрэсара, таму пагроза на беларускім напрамку для Украіны не знікае. Ды новых пагрозаў не бачылі:
«Заява Лукашэнкі — падыгрыванне Расеі. Неаднаразова здаралася, што яны кажуць пра нейкае нарошчванне сілаў. Потым яны здымаюць гэтыя сілы з напрамку мяжы з Украінай – маўляў, ужо не бачаць пагрозы. Гэта чарговая спроба інфармацыйнага ўплыву. Я не выключаю, што яны будуць вымушаныя перамяшчаць тэхніку, персанал – у невялікай колькасці – для стварэння карцінкі. Але яно будзе адбудзецца ў глыбіні тэрыторыі Беларусі».
Гэтая заява Лукашэнкі і ягоных падначаленых пра перакідванне войскаў прагучала пасля заявы аб парушэнні паветранай прасторы ўкраінскімі дронамі. Але хоць на беларускім дзяржаўным тэлебачанні і паказалі кадры з нейкімі аскепкамі нейкіх лятучых апаратаў, застаюцца сумневы ў тым, што ў Беларусь сапраўды заляталі ўкраінскія дроны.
Маніторынгавая група «Беларускі гаюн», якая звычайна адсочвае палёты беспілотнікаў над тэрыторыяй Беларусі і рух войскаў па Беларусі, тых дронаў не бачыла, таксама як не бачыла запускаў ракет з самалётаў ці верталётаў – а беларускія ўлады заяўлялі, што падымалі самалёты і верталёт, збілі дроны. «Гаюн» таксама не заўважаў руху войскаў – і назваў заявы Лукашэнкі «звычайнай лухтой».
Дронаў над Беларуссю не фіксавалі і ўкраінскія маніторынгавыя групы. А ў Расеі, куды, па словах Лукашэнкі, заляцела частка дронаў, у адпаведны час не паведамлялі, каб заўважалі і збівалі ўкраінскія беспілотнікі.
Заявы Лукашэнкі пра дроны і мяжу і раней звязвалі з падыгрываннем Расеі. Гэтыя заявы з’явіліся на тле ўварвання ўкраінскіх войскаў у Курскую вобласць Расеі – і Расея мае цяжкасці з тым, каб адбіць атаку і нават сабраць для гэтага належныя сілы.
Адметна, што на сёмы дзень поўнамаштабнай вайны на тэрыторыі Расеі міністр абароны Расеі вырашыў асабіста сустрэцца з міністрам абароны Беларусі. Пра што размаўлялі, не раскрываецца.
Алесь Наваборскі, «Белсат»