Мая папярэдняя калонка пра тое, што палітыкам, медыям і актывістам не толькі не ганебна атрымліваць гранты, але карысна і нават неабходна, выклікала шквал негатыўных рэакцыяў.
Сярод канструктыўных аргументаў супраць грантавага фінансавання палітычнай дзейнасці было:
- рызыка канфлікту інтарэсаў паміж палітыкамі і донарамі;
- палітыкі мусяць самі сябе забяспечваць, інакш яны не могуць прэтэндаваць на кіраванне дзяржавай;
- палітыкі мусяць браць грошы выключна ад беларусаў, каб не адрывацца ад грамадства.
Давайце разбяром усе гэтыя меркаванні.
Першае: «грантавае фінансаванне выклікае канфлікт інтарэсаў паміж палітыкамі і донарамі».
Выглядае як слушная заўвага, але ўплыў бывае і пазітыўны.
Ці трапляе Польшча ў залежнасць ад рынку ЕЗ, уваходзячы ў склад ЕЗ? Так, трапляе – але атрымлівае больш выгадаў, чым рызык. Ці трапляе Украіна ў залежнасць ад ЗША, атрымліваючы зброю ЗША? Вядома, так – але плюсаў мае больш, чым мінусаў.
Людзі так упэўнена кажуць пра «канфлікт інтарэсаў», нібыта еўрачыноўнікі просяць за грант з месячным заробкам для некалькіх дзясяткаў асобаў падпісаць канцэсію на карысныя выкапні ў Беларусі на 100 гадоў.
Але агулам на сёння выглядае, што адміністрацыі еўрапейскіх і амерыканскіх фондаў абыякавыя да поглядаў беларускіх палітыкаў у значна большай ступені, чым нам хацелася б.
Ніводнага разу не бачыў еўрапалітыка, які разлічваў б на нейкія дывідэнды ад дапамогі ў беларускім пытанні. Калі браць за аснову камерцыйны чыннік, дык занадта рызыкоўны гэты стартап. А калі хочаш інвеставаць рызыкоўна – ёсць стартапы з крыптаю ды АІ. Вяртаючыся да Беларусі: фонды дапамагаюць з гуманітарных матываў.
Гісторыя мае шмат прыкладаў, калі іншаземныя краіны фінансавалі рэвалюцыі і нават арміі, учынялі разам з мясцовымі паўстанцамі вайсковыя інтэрвенцыі. Ці правакавала гэта рызыку залежнасці? Сто адсоткаў. Галоўнае пытанне не ў тым, як здабыць абсалютную незалежнасць (з беларускай геаграфіяй, паміж ЕЗ і РФ, гэта немагчыма). Галоўнае пытанне ў тым, якая залежнасць небяспечнейшая: ад РФ – ці ад ЕЗ? Ці сапраўды Беларусь мае рэалістычную магчымасць атрымаць незалежнасць ад РФ, прынцыпова адмовіўшыся ад падтрымкі ЕЗ? Вось, напрыклад, паўночныя краіны Еўропы апошнімі гадамі падумалі, што без NATO яны сабе не абароняць, – і звязалі сабе звязам. Вайсковы звяз – гэта ўплыў? Залежнасць? Бадай, уплыў і залежнасць мацнейшыя, чым грант на канферэнцыю. Але ж Фінляндыя і Швецыя на гэта пагадзіліся. Нягледзячы на тое, што іх дзяржаўныя апараты мацнейшыя, чым у нашай Каардынацыйнай рады.
,,Ці сапраўды беларускія палітыкі трапляюць у нейкую залежнасць ад адміністрацыі фондаў, ад якіх атрымліваюць грошы на канферэнцыі? Так, у пэўным сэнсе сапраўды трапляюць, калі казаць пра «нефармальнае добрае стаўленне».
Але ні я, ні хтось з маіх знаёмых пакуль не чулі пра нейкія ўмовы фінансавання, накшталт прасоўвання канкрэтных палітычных партыяў ці ідэалогіяў. З іншага боку, у чым небяспека празмернага збліжэння? У правах чалавека? У вяршэнстве права? У выбарнасці і падзеле ўлады?
У каго есць сапраўдны канфлікт інтарэсаў з ЕЗ, дык гэта ў Пуціна. РФ паслядоўна цісне на Малдову, Грузію, Украіну ды імкнецца зменшыць уплыў Еўразвязу. Навошта гэта Пуціну, зразумела, але навошта дэмакратычныя актывісты бяздумна паўтараюць пуцінскія наратывы?

Другое: «палітыкі мусяць самі на сябе зарабляць – інакш як яны могуць прэтэндаваць на кіраўніцтва дзяржавай?»
Палітык, які займаецца палітычнай дзейнасцю дзве-тры гадзіны на дзень «пасля сям'і ды працы», відавочна і прадказальна прайграе таму палітыку, для якога гэтая барацьба – паўнавартаснае жыццё 24/7. Мы кажам цяпер не пра нізавых грамадзянскіх актывістаў, а пра людзей, ад якіх чакаюць прасоўвання беларускіх пытанняў на ўзроўні Еўразвязу. Здаецца, разумна было б, каб гэтыя людзі былі матываванымі прафесіяналамі з эфектыўнымі навыкамі перамоваў ды высокім узроўнем англійскай або яшчэ некалькіх моваў. Ці не падаецца, што асоба з такімі прафесійнымі якасцямі здольная зарабляць неблагія грошы ў камерцыйных праектах на топ-пасадах? Пры гэтым – без рызыкі для жыцця, без крымінальных справаў, пагрозаў родным і перспектываў канфіскацыі маёмасці на радзіме!
А цяпер прапануйце гэта ўсе рабіць на валанцёрскіх умовах і з перманентным публічным хэйтам ды рэгулярнымі патрабаваннямі «вынікаў» і «справаздачаў» адносна «прыцягвання сродкаў на беларушчыну». Ці многа застанецца ахвотных? І галоўнае, ці многім з тых, хто застанецца, вы даверылі б ключы ад скрыні са сваімі падаткамі?
Калі мы ў Беларусі да 2020-га ў рамках працоўнай групы праўнікаў, спецыялізаваных на антыкрызісным кіраванні, рабілі прапановы ў закон аб банкруцтве, адным з важных патрабаванняў Міністэрства эканомікі было змяншэнне ўзроўню карупцыі. Я памятаю, як я адстойваў пазіцыю, што «ў антыкрызіснага кіраўніка мусіць быць вялікі белы заробак». Калі мы даём чалавеку паўнамоцтвы распараджацца чужой маёмасцю на мільёны долараў, а ягоны афіцыйны заробак пры гэтым параўнальны з заробкам ахоўніка – мы гэту карупцыйную сітуацыю ствараем. Замест таго, каб яе перадухіляць. Міністэрству эканомікі такая пазіцыя падабалася не надта, закон быў прыняты пазней у іншай рэдакцыі, прававы стан антыкрызісных кіраўнікоў яшчэ больш пагоршыўся, карупцыі менш не стала.
Якія могуць быць сродкі для існавання палітыка? Уласны заробак, спадчына бацькоў, ашчаджэнні, уласны бізнес, акцыі, нерухомасць.
Як можна знайсці іншыя сродкі? Праз краўдфандынг, ад буйных мецэнатаў, праз палітычныя праграмы ЕЗ і ЗША.
Што да ўласных сродкаў – у постсавецкай дзяржаве, бадай, няшмат шляхты, якая можа сабе дазволіць гадамі траціць спадчыну на трансфармацыю радзімы.
Застаюцца гранты еўрапейскіх і амерыканскіх фондаў на падтрыманне дэмакратыі. Сярод усіх крыніцаў гэтыя сродкі выклікаюць найбольшы давер – у фондаў існуюць механізмы справаздачы, кантролю рэпутацыі і абмену звесткамі. Яны не ідэальныя на сто адсоткаў, але істотна лепшыя за ўсё астатняе.
Заклікаць перакрыць палітыкам фінансаванне ад фондаў – гэта значыць ставіць палітыкаў у залежнасць ад прыватных бізнесоўцаў са сродкамі ў кэшы. І тут мы ўвогуле не маем ніякай магчымасці кантраляваць, якія ўмовы бізнесмен будзе ставіць палітыку ў прыватных сустрэчах. І без інстытуту дзяржавы мы ніяк не можам кантраляваць чысціню паходжання сродкаў прыватных бізнесменаў.
Трэцяе: «палітыкі мусяць браць грошы выключна ад беларусаў, каб не адрывацца ад патрэбаў грамадства».
Людзі, якія так кажуць, мяркуюць, што недзе існуе чарга беларусаў, якія просяць палітыкаў узяць іхныя грошы.
Але ці спрабавалі гэтыя каментары праверыць такую тэорыю? Я маю доступ да статысткі данатаў у некаторых напрамках і магу сказаць, што таго «пакрыцця выдаткаў», якое цяпер ідзе штомесяц ад беларусаў на энтузіязме, хопіць прыкладна на 15 хвілінаў працы польскага праўніка. У 2020–2021 гадах было шмат беларусаў, якія працавалі ў палітычных праектах на энтузіязме, цяпер жа тых энтузіястаў засталося менш за 1/5.
Палітыкі не маюць цяпер выбару «браць грошы ў Джона – або ў Лявона». Рэальны выбар для палітыкаў – паміж «браць грошы ў Джона на ўмовах Джона – або перастаць працаваць у палітыцы», бо тых грошай, што здольны ўнесці ўмоўны Лявон, хопіць хіба на каву ды гарбату для валанцёраў, але не на тое, каб зладзіць 10-50 паўнавартасных міжнародных візітаў на год. Яшчэ адна імаверная альтэрнатыва – «узяць грошы ў расейскага Івана». Гледзячы з таго, у якіх напрамках атакуюць актывістаў некаторыя, частка з іх гэтым шляхам ужо пайшла.
Дарэчы, наратыў «хутчэй бы перасталі існаваць усе гэтыя вашыя офісы-рады-кабінеты» распаўсюджваецца з тых жа крыніцаў, што і наратыў «годзе беларускім палітыкам існаваць за кошт ЕЗ».
Гэты заклік гучыць прыкладна як перадвыбарныя лозунгі палітыкаў-папулістаў пра «падаткі панізіць і сацыялку павысіць». Галасаваць за такія мары – самападман і найкарацейшы шлях у рукі папулістаў.