Ведаеце, кажуць: адзін раз – выпадковасць, два разы – супадзенне, тры разы – заканамернасць. Трэцюю канферэнцыю «Новая Беларусь» можна ўжо лічыць традыцыяй. І ў календары дэмакратычных сілаў гэта, бясспрэчна, галоўная палітычная сустрэча года.
Варта паглядзець, як выглядае гэтая імпрэза, і адразу ясна, што арганізатары не шкадуюць ні высілкаў, ні грошаў. Вялікія залы, шырокафарматныя экраны, мастацкае асвятленне, дарагія госці з розных краінаў, найлепшыя мадэратары дыскусіяў. Такі сабе Усебеларускі народны сход здаровага чалавека.
Але я хацеў бы пагаварыць не пра сам сход, а пра пастановы, што там прымаюцца. І агулам – пра атмасферу ў лагеры дэмакратычных сілаў.
Два гады таму, на першай канферэнцыі «Новая Беларусь», Святлана Ціханоўская абвясціла стварэнне Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі і прызначыла туды чатырох прадстаўнікоў: Паўла Латушку, Валерыя Кавалеўскага, Валерыя Сахашчыка і Аляксандра Азарава. Кабінет у тэорыі ёсць ценявым урадам, а прадстаўнікі – гэта, фактычна, міністры. Той, хто не сочыць за парадкам дня дэмакратычных сілаў, ужо і не згадае, што Кабінет паўставаў з пэўным скрыпам.
Два гады таму ў публічнай прасторы гучала крытыка, што Святлана Ціханоўская сканцэнтравала ў сваіх руках усе рэсурсы – і ейны Офіс не хоча дзяліцца ні паўнамоцтвамі, ні адказнасцю. У паветры выразна адчувалася напружанасць, і заўважныя фігуры ў апазіцыйным руху не стрымліваліся ў выразах. Пастанова стварыць Кабінет аб’яднала саюзнікаў – але засталося ўражанне, што гэта было зроблена пад ціскам.
І вось пасля двух гадоў мы бачым, што з чатырох міністраў на сваёй пасадзе застаўся толькі Павел Латушка. Аляксандр Азараў не прайшоў леташняй справаздачы і быў зняты з пасады. Месяц таму склаў з сябе абавязкі Валерый Кавалеўскі, а на гэтым тыдні – Валерый Сахашчык. Можна сказаць, нічога не сталася, на іхныя месцы на канферэнцыі «Новая Беларусь» прызначылі новых прадстаўнікоў – Уладзіміра Астапенку і Вадзіма Кабанчука. Тыя прадстаўнікі адыходзяць, гэтыя прыходзяць, нармальная ж рэч?
Не зусім так – важна і тое, пры якіх абставінах адыходзілі папярэднікі. А пайшлі яны не ў мілай сяброўскай атмасферы, а, бадай, грукнуўшы дзвярыма. Святлана Ціханоўская паспрабавала залагодзіць два гэтыя дэмаршы словамі «нашыя дарогі не разышліся», але гэта – спроба захаваць твар пры кепскай гульні. Згадайма, напрыклад, як Кавалеўскі і Сахашчык тлумачылі свой адыход.
Валерый Кавалеўскі:
«На гэтым напрамку з’явіліся разыходжанні ў стратэгічным бачанні шляхоў дасягнення мэтаў дэмакратычнага руху, у арганізацыі і тактыцы вядзення працы, а таксама ў падыходах да ўнутранай палітыкі… Святлана Ціханоўская мусіць мець побач з сабою тых людзей, якія цалкам падзяляюць ейныя падыходы».
А вось словы Валерыя Сахашчыка:
«Я дастаткова хутка зразумеў, што ў Святланы Георгіеўны няма зразумення спецыфікі маёй працы і, у прынцыпе, увядзенне пасады прадстаўніка ў абароне і нацыянальнай бяспецы служыла нейкаму палітычнаму моманту… Быў вельмі моцна расчараваны, назіраючы, як людзі, з якімі яшчэ ўчора спакойна дамаўляліся, седзячы за адным сталом, раптам сталі канкурэнтамі і практычна ворагамі».
Адметна, што ў абодвух выпадках не Святлана Ціханоўская першая паведаміла пра кадравыя змены, а гэта зрабілі ейныя прадстаўнікі, абранай прэзідэнтцы ж заставалася толькі прыняць іхныя адстаўкі. Дэталь, але вельмі паказальная. Можаце мяне колькі заўгодна пераконваць, што на месца Кавалеўскага і Сахашчыка прыйшлі годныя наступнікі – гэта праўда, але гэта не мяняе сутнасці. І Сахашчык, і Кавалеўскі – не шараговыя актывісты, яны – цяжкая вага беларускіх дэмакратычных сілаў. І калі цягам месяца Кабінет, грукаючы дзвярыма, пакідаюць дзве такія асобы, то я дакладна ведаю, што ёсць праблема. І гэтую праблему нельга проста замесці пад дыван, замяніўшы адных людзей на іншых.
Ігар Кулей belsat.eu
Рэдакцыя можа не падзяляць меркаванне аўтара