Увечары 16 жніўня расейскія прапагандысты са спасылкай на крыніцы ў сілавых структурах паведамілі, што Украіна нібыта плануе выбух «бруднай бомбы» і ўдар па месцам захоўвання адпрацаванага ядравага паліва. Ніякіх доказаў Масква не прадставіла. У Кіеве ўсе абвінавачванні катэгарычна зняпраўджваюць. Дзеля чаго Расея распаўсюджвае падобныя правакацыйныя заявы?
«Мы назіраем чарговы ўсплёск вар'яцкай расейскай прапаганды аб нібыта планах Украіны прымяніць «брудныя бомбы» ці атакаваць атамныя электрастанцыі. Афіцыйна абвяргаем гэтыя ілжывыя паведамленні. Украіна не мае ні намеру, ні магчымасці ажыццяўляць любыя падобныя дзеянні. Расея павінна спыніць распаўсюджваць небяспечную хлусню», - заявіў афіцыйны прадстаўнік МЗС Украіны Георгій Ціхі.
Дыпламат падкрэсліў, што Украіна не мае «бруднай бомбы» і не збіраецца яе набываць.
Украінскі палітолаг Яўген Магда ў інтэрв’ю «Белсату» зазначыў, што «брудная бомба» - гэта атрыбут тэрарыстычных арганізацыяў. У спробе стварыць «брудную бомбу», напрыклад, абвінавачвалі «Ісламскую дзяржаву». Таму выступаючы з такімі заявамі цяпер Расея намагаецца «наляпіць Украіне ярлык тэрарыста». «Для любога здаровага чалавека гэта парадокс. Але ў расейцаў сваю логіка», - дадае ён.
Магда нагадвае, што Расея не ўпершыню вінаваціць Украіну ў намерах выкарыстаць «брудную бомбу». У мінулы раз Масква заяўляла пра гэта восенню 2022 году, калі ЗСУ паспяхова наступалі ў Херсонскай вобласці. У жніўні 2024 году Расея зноў аказалася ў сітуацыі, калі ёй трэба спыніць украінскі наступ - цяпер у Курскай вобласці РФ.
У Курскай вобласці ёсць Курчатаўская АЭС. У медыях апошнім часам неаднаразова агучвалася версія, што ўкраінцы нібыта паспрабуюць захапіць Курчатаўскую АЭС, а потым абмяняць яе на Запарожскую АЭС. Магда не верыць, што гэта магчыма. Аднак у кантэксце апошніх падзеяў Расея спрабуе спекуляваць на тэму ядравай пагрозы. Нядаўні пажар на Запарожскай АЭС, прылёты дронаў, заявы пра «брудную бомбу» - усё гэта элементы псіхалагічнага ціску на Захад, мяркуе палітолаг. Такім чынам Масква спрабуе паўплываць на грамадскую думку краінаў Захаду, павялічыць там радыёфобію.
«Расея на гэтым спекуляе. Расея разумею, што ейныя справы ў Курскай вобласці ідуць не вельмі добра, таму яна такім чынам нагнятае сітуацыю, каб Захад ціснуў на Украіну», - зазначае Магда.
Магда не выключае, што Масква можа сама выкарыстаць «брудную бомбу» і звінаваціць у гэтым Украіну. Аднак такі крок будзе сведчаннем надзвычайнай слабасці Расеі, мяркуе палітолаг.
Старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута ААН па вывучэнню праблемаў раззбраення Павел Подвіг патлумачыў у размове з «Белсатам», што пад «бруднай бомбай» звычайна разумеюць выбуховае прыстасаванне, якое мае радыёактыўны складнік. У адрозненні ад ядравай бомбы, выбух «бруднай бомбы» не будзе суправаджацца ўзнікненнем магутнай разбуральнай ударнай хвалі і не прывядзе да маштабнага радыяцыйнага забруджвання.
«Гэта найменш эфектыўны сродак радыеактыўнага заражэння мясцовасці. Ну, будуць у вас некалькі дзясяткаў метраў заражаныя радыеактыўным рэчывам. Але каб атрымаць нейкую сур’ёзную дозу радыяцыі, трэба сядзець днямі ці нават тыднямі ў гэтым радыусе. Асцярогі такога кшталту перабольшаны», - сцвярджае ён.
Глеб Нержын «Белсат»