Гісторыі

«Сакартвэла закрываецца». Гутарым з беларусам, які пасля візарану захрас у Арменіі

Зміцер Грынкевіч
Зміцер Грынкевіч. Фота: асабісты архіў Змітра Грынкевіча
podpis źródła zdjęcia

Пра беларускага актывіста і блогера Змітра Грынкевіча мы пісалі, калі яго на пачатку траўня не ўпусцілі ў Грузію пасля візарану. Цяпер мужчына застаецца ў Ерэване, думае, што рабіць далей. Зміцер распавёў «Белсату» пра сваю сітуацыю, дзве розныя Грузіі (2021–2022 гадоў і сённяшнюю), а таксама пра тое, чым грузіны адрозніваюцца ад армянаў і чаму ўсім беларусам, якія застаюцца ў Сакартвэла, трэба мець план Б.

«Папрасілі пастаяць убаку – гэта быў першы званок»


Зміцер ужо каля двух тыдняў жыве ў гостэле ў Ерэване – спрабуе зразумець, куды рухацца далей, ды знаёміцца з новай для яго краінай. Найперш беларус высвятляе, ці ўдасца зрабіць візу ў Польшчу. Калі не, тады застанецца толькі падавацца на міжнародную абарону ў Арменіі.

,,

«Я на сувязі з армянскімі праваабаронцамі, яны нібыта гатовыя мне дапамагаць. Паглядзім, як будзе, – кажа Зміцер. – Пакуль не ведаю, як тут з польскімі візамі. У Грузіі гэта вельмі балючая тэма для беларусаў, там нават з моцнымі кейсамі людзі не заўсёды маглі атрымаць гуманітарныя візы. Як тут – пабачым».


Беларусы могуць заставацца ў Арменіі без візы і патрэбы ў легалізацыі 180 дзён цягам 12 месяцаў. Жыць тут, як у Грузіі, і выязджаць на візаран на пару гадзінаў не выйдзе. Таму ў Змітра ёсць толькі паўгода, каб вызначыць – заставацца і легалізоўвацца ці з’язджаць.


З Грузіі на «абнуленне» Зміцер выязджаў ужо другі раз за два гады жыцця ў Батумі і адчуваў, што яго могуць не ўпусціць назад. Цяпер, калі прайшло ўжо крыху часу, блогер кажа, што можа спакойна і з халоднай галавой пра ўсё распавядаць і аналізаваць:


«Мы з сябрам паехалі на візаран 8 траўня. Я рыхтаваўся. Паводле парадаў беларускай юрысткі, якая раней жыла ў Батумі, а цяпер у Польшчы, узяў з сабой дакументы, каб даказаць, што ў мяне ІП у Грузіі. Аднак ужо на выездзе ўзніклі пытанні. Сябра прапусцілі адразу, а мяне папрасілі пастаяць убаку. Іншых людзей у гэты час прапускалі. Гэта быў першы званок».


«Вам адмоўлена ва ўездзе ў Грузію»


На армянскім баку ў Змітра спыталі, ці ён «на круг», то бок на візаран, «чыста фармальна» паглядзелі заплечнік, паставілі пячаткі і адпусцілі. Зміцер пайшоў назад на грузінскі КПП. Там яго чакаў сябар, які прайшоў усё раней.

Ерэван. Фота: асабісты архіў Змітра Грынкевіча
Ерэван. Фота: асабісты архіў Змітра Грынкевіча
Святкаванне Дня Волі ў Тбілісі. Тбілісі, Грузія. 24 сакавіка 2024 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
Юрыст расказаў, якіх беларусаў могуць не ўпусціць у Грузію пасля візарану і што ім рабіць навіны

На зваротным шлях грузіны запыталіся ў сябра блогера, чаму ў яго няма ВНЖ, але прапусцілі. Нашага ж суразмоўцу зноў папрасілі пачакаць убаку.


«Стаяў я так паўтары гадзіны. Ніхто нічога не тлумачыў. На ўсе мае спробы спытаць, што і як, супрацоўніца казала: «Я сама не ведаю, чакаю адказу, што там пра вас». Я захацеў у прыбіральню, давялося патрабаваць, каб мяне пусцілі. У выніку мяне павялі пад канвоем. Потым далі мне фатэль. Агулам, усе былі ветлівыя і культурныя. Праз некаторы час выскачыў памежнік, адвёў мяне ўбок, паказаў, што ідзе запіс, і сказаў, што мне адмоўлена ва ўездзе ў Грузію. На ўсе мае пытанні адказваў, што нічога не можа растлумачыць, а ўся інфармацыя ёсць на паперы, што мне далі, і на сайце».


Беларускія праваабаронцы, з якімі Зміцер адразу звязаўся, раілі яму паспрабаваць яшчэ раз прайсці мяжу праз некаторы час, аднак мужчына не бачыў у гэтым сэнсу, і паехаў у Ерэван. Калі прыехаў, пачаў вывучаць паперу, што яму далі, пераклаў яе праз «ChatGPT».

,,

«Аказалася, грузіны матывавалі няпропуск мяне тым, што я нібыта прадставіў не ўсе дакументы. Але якія менавіта – не ўдакладняецца. А з таго, што я ведаю, паводле грузінскага заканадаўства, для перасячэння мяжы дастаткова толькі пашпарта», – кажа Зміцер.


«Я б параіў беларусам у Грузіі думаць пра запасныя варыянты»


Чаму яго не пусцілі ў краіну пасля двух гадоў жыцця ў ёй, Зміцер можа толькі здагадвацца. Кажа, што прычына наўрад ці ў палітыцы, бо ў грузінскіх пратэстах ён не ўдзельнічаў. Так, прыходзіў, фатаграфаваў мітынгі і здымаў на відэа для свайго блогу, але не быў удзельнікам, не выкрыкваў лозунгаў. Як імаверную прычыну, што магла б паўплываць на пастанову грузінскіх уладаў, беларус згадвае свае нешматлікія сустрэчы з прадстаўнікамі апазіцыйнай партыі «Адзіны нацыянальны рух», якую «вельмі не любіць кіроўная «Грузінская мара».

Зміцер Грынкевіч гандлюе таварамі з беларускай і ўкраінскай сімволікай у Батумі. Фота: Андрэй Мялешка
Зміцер Грынкевіч гандлюе таварамі з беларускай і ўкраінскай сімволікай у Батумі. Фота: Андрэй Мялешка

Акрамя таго, блогер арганізоўваў акцыю на 9 жніўня летась (разам з украінцамі) і сёлетні Дзень Волі ў Батумі.


«Не думаю, што гэта магло зачапіць улады. Хоць дакладна я ж не ведаю», – зазначае мужчына.


У Батумі ў Змітра застаўся тавар, якім ён гандляваў як ІП: кнігі, рэчы з беларускай і ўкраінскай сімволікай. Што з імі будзе – мужчына пакуль не ведае.


Ну думку Змітра, яшчэ шмат беларусаў рызыкуе апынуцца на ягоным месцы, а большасці цягам года-паўтара давядзецца з’язджаць з Грузіі.


«Прымаецца цэлы пакет дакументаў адносна замежнікаў. І калі раней у іх не было механізму, як да моманту візарану выдвараць з краіны замежнікаў, то цяпер у парламенце ляжыць закон, у якім прапісаная куча прычынаў для гэтага, уключаючы абразу прадстаўніка ўлады. А мы, беларусы, ведаем, што пры жаданні за абразу можна прыняць што заўгодна. Таму я б параіў усім беларусам, а таксама ўкраінцам ужо цяпер думаць пра запасныя варыянты. Актыўным – у першую чаргу, але менш заўважным таксама. Бо Сакартвэла закрываецца, на мой погляд», – кажа беларус.


«Пастанавіў быць удома, пакуль у дзверы не пагрукаюць»


Са словаў Змітра, украінцаў Грузія таксама часта не ўпускае: толькі за гэтую вясну беларус ведае пяць такіх выпадкаў.

,,

«Грузія 2021–2022 гадоў, калі туды ехалі беларусы, і сённяшняя – гэта дзве розныя краіны. Хоць знешне не скажаш, каб гэта наўпрост у вочы кідалася. Але калі крыху цікавішся, што адбываецца, то гэта ўсё бачна, – кажа наш суразмоўца. – А яшчэ тут цяпер вельмі шмат расейцаў, і яны нахабныя. На Дні незалежнасці Украіны ў 2024 годзе адзін расеец прычапіўся да мяне і пры ўсіх сказаў, што зловіць мяне і абрэжа мне вушы. Настолькі смела яны там пачуваюцца, у той час як беларусаў і ўкраінцаў Грузія выціскае».


Пра тое, што сітуацыя ў Грузіі змяняецца, на думку Змітра, кажа і тое, што заціхлі ўкраінскія і беларускія акцыі:


«Раней на плошчы Еўропы ў Батумі штодня праходзілі акцыі ўкраінцаў са сцягамі, плакатамі. Там і наш гімн штодня гучаў. А пасля выбараў у парламент яшчэ былі адна-дзве акцыі, і з таго часу больш нічога ўкраінскага на плошчы Еўропы не адбываецца. І нашага таксама, бо мы шмат акцыяў ладзілі разам».

Ерэван. Фота: асабісты архіў Змітра Грынкевіча
Ерэван. Фота: асабісты архіў Змітра Грынкевіча

Гэтак жа як з Грузіі, Зміцер Грынкевіч некалі не хацеў з’язджаць з родных Ганцавічаў і Беларусі. Пасля заявы ўладаў «не падабаюцца нашыя парадкі – шукайце сабе новую радзіму» наш суразмоўца пастанавіў заставацца ўдома, «пакуль у дзверы не пагрукаюць». Пагрукалі – у 2023 годзе. Мужчына зрабіў выгляд, што ўдома нікога няма, а калі сцямнела, спусціўся праз акно з электрасамакатам і ўцёк. Суседзі потым распавядалі, што яго шукаюць сілавікі.


Першы месяц блогер хаваўся ў лесе, потым у закінутай вёсцы, затым паехаў у іншы горад. Паспрабаваў атрымаць польскую візу – не ўдалося. Тады паехаў у Грузію.


Кулінарны блог


Зміцер лічыць, што шукалі яго за блогерскую дзейнасць: на сваім канале яшчэ да 2020 года ён шмат распавядаў пра Украіну, украінцаў. Праяўляў сябе беларус і ў актывізме – у 2017 годзе, калі працаваў вартаўніком у райспажыўтаварыстве, разам з калегамі зладзіў страйк і змог дамагчыся, каб іх не звальнялі.


А яшчэ ў сваім блогу Зміцер выкладаў кухарскія ролікі – распавядаў, як гатаваць беларускія стравы. І выкарыстоўваў гэты жанр у тым ліку, «каб вяртаць беларусаў да свайго».


«Неяк яшчэ ў Беларусі перад Новым годам зайшоў у цырульню, у якую заўсёды хадзіў. Там адна цырульніца была «па-за палітыкай», а другая – лукашыстка, у яе нават сцяг чырвона-зялёны вісеў. І тут яны раптам пытаюцца: а дзе твае салаты? Я не зразумеў спачатку. А яны кажуць: Новы год неўзабаве, а ў цябе на канале няма салатаў. І тады да мяне дайшло, што мяне глядзяць. Мы пачалі размаўляць. Яны задавалі правільныя пытанні, пра Украіну ў тым ліку. А праз некаторы час гляджу – чырвона-зялёны сцяжок знік. Так я зразумеў, што праз кулінарны жанр можна дагрукацца да людзей, якія штосьці больш сур’ёзнае глядзець не будуць», – распавядае Зміцер.


Кулінарыя – гэта не проста хобі ці аматарскі інтарэс Змітра, у яго ёсць прафесійная адукацыя паводле спецыяльнасці «кухар-кулінар-кандытар». У Батумі мужчына часта гатаваў беларускія стравы на розныя імпрэзы: бабку, дранікі, блінцы з начынкай і без, мачанку і іншае.

Ерэван. Фота: асабісты архіў Змітра Грынкевіча
Ерэван. Фота: асабісты архіў Змітра Грынкевіча
Святкаванне Дня Волі перад будынкам парламенту ў Тбілісі, Грузія. 24 сакавіка 2024 года. Фота: Белсат
Беларусы Грузіі збіраюць грошы на пераклады дакументаў для абскарджання ў судах адмоваў у прытулку Гісторыі

Мужчына хацеў бы і далей рабіць кулінарныя сюжэты, аднак пакуль праблема ў тэхніцы – штатыў застаўся ў Батумі. Таму Зміцер быў бы ўдзячны за дапамогу.


«Патрэбны штатыў і «жураў» да яго. Калі б хтосьці ахвяраў грошы і падпісаў, што гэта менавіта на тэхніку, я думаю, я б і адсюль, з гостэлу штосьці працягнуў бы здымаць, бо гаспадары тут заўсёды ідуць насустрач», – адзначае беларус.


«У нас адкрытая культура – ты вельмі хутка станеш сваім»


Зміцер кажа, што ўпершыню апынуўся ў сітуацыі, калі вымушаны прасіць фінансавай дапамогі. Як зарабляць – пакуль незразумела, а ў чаканні вырашэння пытання з далейшай легалізацыяй трэба аплочваць гостэл і харчавацца. Жытло недарагое, кажа Зміцер, 320–330 долараў на месяц. А вось прадукты ў Ерэване нятанныя.


,,

«Я сеў пралічыў: тут 250–300 долараў сыдзе на харчаванне на месяц. І гэта без нейкіх асаблівых страваў. У Батумі я ўкладаўся часам у 150 долараў. Таму я вымушаны прасіць дапамогі», – кажа мужчына.



Зміцер запісвае стрымы, у якіх распавядае пра сваё жыццё ў сталіцы Арменіі. Кажа, гэтая краіна моцна адрозніваецца ад Грузіі. Архітэктурай, але найперш кліматам, які тут больш сухі і спякотны. Іншыя таксама людзі.


«Грузіны файныя, але насцярожаныя. Нават калі запросяць у госці, гэта не значыць, што яны адкрыюць вам сваю душу і кінуцца дапамагаць. Армяне ў гэтым сэнсе больш адкрытыя. Грузіны любяць казаць, што яны маленькі народ і ім трэба быць вельмі акуратнымі, каб не мець праблемаў ад той жа Расеі. Ад армянаў я такога не чуў. Яны, наадварот, кажуць: а чаму ты не паспрабуеш займацца тым самым, чым у Батумі, у нас? У нас адкрытая культура – ты вельмі хутка станеш нашым. Такая розніца ў падыходах. І яны адразу кідаюцца дапамагаць», – зазначае блогер.


«Не сустрэў ніводнага армяніна, які б не валодаў расейскай»


Аднак Зміцер не ўпэўнены, што змог бы прыжыцца ў Арменіі на доўгі тэрмін. Па-першае, праз клімат, які не пасуе ягонаму здароўю. У мужчыны астма, пра якую ён цалкам забыўся ў Батумі: адчуваў сябе здаровым чалавекам і нават не прымаў лекаў. А ў Ерэване менш чым за два тыдні з’явіліся сімптомы.

Кінатэатр «Масква» ў Ерэване. Фота: асабісты архіў Змітра Грынкевіча
Кінатэатр «Масква» ў Ерэване. Фота: асабісты архіў Змітра Грынкевіча

А яшчэ Змітра бянтэжыць прарасейскасць Арменіі, што праяўляецца ў тым ліку ў публічнай прасторы.


«На адным з цэнтральных кінатэатраў у іх дагэтуль шыльда – «Масква». У крамах шмат расейскіх тавараў. Армяне, хоць размаўляюць паміж сабой на сваёй мове, лёгка пераходзяць на расейскую – за ўвесь час тут я не сустрэў ніводнага армяніна, які б не валодаў расейскай. У той час як у Грузіі другая мова – англійская, і моладзь на 90 % ужо не разумее расейскай. Армянская сітуацыя мяне напружвае, нягледзячы на ўсю дабрыню людзей», – кажа мужчына.


Зміцер просіць неабыякавых людзей падтрымаць яго, каб ён змог пакрыць наступныя выдаткі: жытло на тры месяцы, пералёт у Польшчу, ежа, адзенне, лекі ад астмы.


Рэквізіты для дапамогі:


– Грузія: GE04BG0000000524798577 (Andrei Mialeshka)
– Польшча: PL94116022020000000143340474 (Andrei Mialeshka)
– BLIK: 731751708
– USDT: TNbi7rRK7jfEUfSp1XhNRPpNuEBF6UnMkH


А праз гэтую спасылку можна глядзець блог Змітра ЗУХ Źmicer, што таксама падтрымае яго ў цяперашняй няпростай сітуацыі.


Ганна Ганчар belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10