Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Stanislav Krasilnikov/TASS)
podpis źródła zdjęcia
Стаўленне да беларусаў як нацыі працягвае пагаршацца.
Еўразвяз забараніў увоз на тэрыторыю Беларусі труфеляў і гузікаў. Добра б, каб толькі іх. Як-небудзь абышліся б без гэтых каштоўных тавараў, але спіс забароненых на ўвоз рэчаў складае 265 старонак, і там, вядома, цалкам фантасмагарычная сумесь з металаў і ўжыванай вопраткі, сродкаў сувязі, ікры і апонаў для цяжкавікоў.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Stanislav Krasilnikov/TASS)
Цяжка сабе ўявіць больш эклектычны дакумент, аднак за кожным пунктам праглядаецца еўрапейская бюракратычная логіка, скіраваная на закрыццё памежных санкцыйных шчылінаў.
Спалох на беларуска-польскай мяжы (з гэтай нагоды) пачаўся раніцаю 4 ліпеня, калі польскія мытнікі перасталі афармляць чэкі «Tax Free» на названыя ў спісах тавары, забараняць іх вываз ды нават, у асаблівых выпадках, канфіскоўваць некаторыя каштоўнасці.
Рашэнне аб увядзенні такіх санкцыяў ЕЗ прыняў яшчэ 29 ліпеня (дакумент 2024/1865), і няведанне беларусаў, якія перамяшчаюцца праз мяжу, пра тое, што іх «будуць рабаваць», выклікае відавочныя пытанні пра ўзаемадзеянне паміж структурамі ЕЗ і беларускімі дэмакратычнымі структурамі.
,,
Як жа мы аказаліся «не ў курсе»? На гэтае пытанне адказ атрымаць няпроста, ды наогул ёсць адчуванне, што сённяшні шлях беларускіх палітыкаў за мяжой працякае, паводле Чэрчыла, «…ад няўдачы да няўдачы, не губляючы энтузіязму».
Але выключна гузікамі ды ікрою справа ж не абмежавалася.
З 16 ліпеня Латвія перастала прапускаць на сваю тэрыторыю легкавікі з беларускімі нумарамі, Літва паабяцала неўзабаве далучыцца да гэтай пастановы. Польшча на такі крок не пайшла, аднак стварыла дадатковую напружанасць іншым спосабам – забараніла перамяшчаць праз мяжу аўтамабілі ў выпадку адсутнасці ў іх уласніка транспартнага сродку.
За што з намі так? Пра што гэта ўсё?
,,
Адказ просты: мы больш не «еўрапейскія коцікі». Гэта ў 2020 годзе мы былі папулярныя. Нас шкадавалі, любілі і прымалі ў «найлепшых дамах». У лютым 2022-га сітуацыя перакруцілася на 180 градусаў, і стаўленне да беларусаў як нацыі працягвае пагаршацца.
Я не абмовіўся. Не да краіны, не да рэжыму, а да людзей. Адно з апытанняў грамадскай думкі ў Польшчы паказала, што прыкладна палова палякаў ставіцца да беларусаў негатыўна. Там у лідарах былі, вядома ж, расейцы, а затым – цыганы ды мы. «Ганаровае» трэцяе месца.
У Літве адмова ў падаўжэнні ВНЖ для беларусаў на падставе «пагрозы нацыянальнай бяспецы» набывае рэгулярны характар. І пагроза гэтая трактуецца вельмі прамалінейна. Калі ты калісьці працаваў на беларускім дзяржпрадпрыемстве, значыць, магчыма, што дзяржава можа на цябе ціснуць, такім чынам, ты – пагроза. Толькі вядомых выпадкаў ужо больш за дзясятак. А колькі людзей аддаюць перавагу не распавядаць пра праблему і ціхенька з’ехаць?
І я разумею мясцовых чыноўнікаў. Ім штодня пагражаюць адтуль, з-за чырвона-зялёнага плоту. То ядравым ударам, то прарывам сувальскага калідору, то яшчэ нейкімі глупствамі, а ў іх жывуць 60 000 толькі беларусаў з незразумелай лаяльнасцю ў выпадку адкрытага канфлікту. Я б таксама на іхным месцы турбаваўся і рэагаваў. З Польшчай лягчэй: краіна вялікая, прыезджых шмат, і беларусы не ёсць галоўным раздражняльным фактарам, ёсць і іншыя клопаты.
Аднак узнікае пытанне: а што ж далей? Шмат што, вельмі шмат што залежыць ад таго, як будзе развівацца вайна. Мы ўжо прызвычаіліся да хісткай стабільнасці там, на фронце, але хто ж ведае, якая яшчэ правакацыя, якая непрапарцыйная брыдота можа прыйсці ў галаву крамлёўскаму дзеду?
,,
Няма падставаў сцвярджаць, што забаронаю на ўезд беларускіх аўтаў і на вываз смартфонаў усё абмяжуецца, што гэта ўжо дно. Можа быць і горш. І праблема тут у тым, што мы, беларусы, не ёсць субʼектам, адным з бакоў перамоваў. Прынамсі, вонкава можна зрабіць менавіта такую выснову.
Ніхто не размаўляе з Лукашэнкам: ён відавочна нелегітымны ды і не здольны ўжо прымаць самастойныя рашэнні (хоць таварыша Сі, як высветлілася, слухаецца). Але і Ціханоўская з Латушкам мала на што могуць паўплываць, калі ўсё ж такі зыходзіць з выніку. Мы, беларусы, не суб’ект гэтай размовы, хоць маглі б ім быць.
Ёсць у гісторыі прыклады моцных, аб’яднаных дыяспараў, здольных уплываць (у пазітыўным ключы) на чыноўнікаў у краінах пражывання. Магчыма, калі-небудзь так і будзе і ў нас, дарасцем. А пакуль – вось так, будзе Беларусь без заходніх гузікаў і труфеляў.