Апошнія прызначэнні Лукашэнкі: тасаванне старой калоды


27 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка правёў шэраг кадравых зменаў, якія закранулі найвышэйшыя пасады ў беларускай уладнай сістэме. Асабліва гучнымі сталі прызначэнні новага кіраўніка МЗС, кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі і ягонага намесніка (ці, хутчэй, намесніцы). «Белсат» спытаў у экспертаў, пра што сведчаць гэтыя перастаноўкі ў лукашэнкаўскай сістэме і з якой мэтай яны робяцца.

Нарада, на якой Аляксандр Лукашэнка зрабіў кадравыя прызначэнні.
Фота: скрыншот з відэа / Пул первого / Telegram

Суперястраб у МЗС

Сярод найбольш розгаласных стала прызначэнне новага кіраўніка МЗС, ім стаў Максім Рыжанкоў. На гэтую пасаду ён перайшоў з пазіцыі першага намесніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі і замяніў Сяргея Алейніка. Апошні, у сваю чаргу, быў прызначаны ў Савет Рэспублікі.

Вядома, што Максім Рыжанкоў ужо працаваў у МЗС з 1994 па 2006 год. Ён таксама быў начальнікам аддзела АБСЕ і Рады Еўропы МЗС РБ. У 2003–2005 гадах працаваў дарадцам-пасланнікам Амбасады РБ у Рэспубліцы Польшча (амбасаду ў той час якраз узначальваў Павел Латушка). З 2006 па 2012 год быў начальнікам упраўлення знешняй палітыкі адміністрацыі Лукашэнкі. З 2016 года – першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі.

Як бачна, у яго ёсць неблагі вопыт працы з еўрапейскімі арганізацыямі, а таксама кантакты з Польшчай.

На думку кіраўніка НАУ і намесніка кіраўніцы АПКБ Паўла Латушкі, прызначэнне Рыжанкова – «месэдж Захаду», што ёсць дыпламат, які б мог выбудаваць з ім пэўныя кантакты.

Каментар
Чаму і навошта Лукашэнка правёў «ператрахванне» топ-чыноўнікаў. Меркаванне Латушкі
2024.06.27 18:00

Больш за тое, кажа Латушка, такія кантакты ўжо адбываюцца: вядома, што ў Беларусь прылятаў прадстаўнік Эманюэля Макрона і што з паміж Елісейскім палацам і Рыжанковым «адбываюцца рэгулярныя тэлефонныя размовы».

Яшчэ адным штрыхом да партрэту Рыжанкова, адзначыў Павел Латушка, з’яўляецца тое, што ён «засёды марыў быць міністрам замежных справаў». Рыжанкоў хацеў кантраляваць МЗС і пры гэтым меў канфлікт з былым кіраўніком ведамства Уладзімірам Макеем, які памёр у лістападзе 2022 года. Паводле Латушкі, Рыжанкоў вельмі крытыкаваў Макея за знешнюю палітыку.

Максім Рыжанкоў прызначаны кіраўніком Міністэрства замежных справаў.
Фота: скрыншот з відэа / Пул первого / Telegram

Пра амбіцыі Рыжанкова што да міністэрскага крэсла кажа і былы намеснік кіраўніцы АПКБ па замежных справах Валер Кавалеўскі. Паводле ягоных словаў, Максім Рыжанкоў, працуючы ў адміністрацыі Лукашэнкі, «папсаваў кроў» многім міністрам, якія былі на гэтай пасадзе.

«Максім Рыжанкоў вельмі энергічны, генератар ідэй, яго можна смела называць суперястрабам у атачэнні Лукашэнкі. Ён вельмі антызаходні, і гэта адсочваецца праз усю яго кар’еру. Ён смелы, гатовы ўступаць у гэтае процістаянне. Таму я думаю, што зараз у знешняй палітыцы Лукашэнкі будуць абрысы больш ваяўнічыя, каб адваёўваць свае пазіцыі менавіта праз сілу, праз крык, дзе трэба. Рыжанкоў у гэтым сэнсе вельмі пасуе да гэтай пазіцыі», – адзначыў Валер Кавалеўскі.

Адстаўка ж Сяргея Алейніка была выкліканая відавочнай незадаволенасцю ягонай працай. Павел Латушка назваў Алейніка «міністрам фіяска», які знаходзіўся ўсяго паўтара года на пасадзе кіраўніка МЗС і не здолеў рэалізаваць «нічога ўцямнага ў вонкавай палітыцы».

Цікава, што пры прызначэнні Максіма Рыжанкова на пасаду Аляксандр Лукашэнка заявіў, што МЗС «трэба прыводзіць у пачуцці, трэба страсануць МЗС, каб ён працаваў».

На думку каардынатара «Нашае візіі» Вадзіма Мажэйкі, апошнія чатыры гады замежнай палітыкі сталі «змрочнымі для Менска», бо ён цягам гэтага часу толькі губляе замежных партнёраў, у той час як Святлана Ціханоўская перахоплівае ініцыятыву.

«Апошнімі днямі моцным крокам стала аплявуха ад Арменіі, якая з’яўлялася даўнім партнёрам Менска, няхай і не самым блізкім, фармальным хаўруснікам. І фактычна дыпламатыя перайшла да Святланы Ціханоўскай. І наколькі гэта для Святланы Ціханоўскай добра, настолькі ж гэта параза для афіцыйнага Менска, якая дэманструе, што тая палітыка, якая выбудоўвалася ў складаным каўказскім рэгіёне, правалілася і прывяла да непрыемных наступстваў да Менска», – адзначае Вадзім Мажэйка, маючы на ўвазе сустрэчу Святланы Ціханоўскай з кіраўніком МЗС Арменіі, якая адбылася ў Вільні.

Прарасійскі чалавек у адміністрацыі Лукашэнкі

Важным прызначэннем стаў перавод Дзмітрыя Крутога з пасады амбасадара Беларусі ў РФ на пасаду кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі. Гэтая пазіцыя была вакантнай доўгі час, і, паволе словаў Валера Кавалеўскага, «было досыць дзіўна, чаму такое важнае месца ў архітэктуры ўлады Лукашэнкі застаецца незапоўненым».

Дзмітрый Круты прызначаны кіраўніком адміністрацыі Лукашэнкі.
Фота: скрыншот з відэа / Пул первого / Telegram

Як адзначае Павел Латушка, на сённяшнія прызначэнні трэба глядзець комплексна. З аднаго боку, ставячы на пасаду кіраўніка МЗС чалавека, які тэарэтычна можа наладжваць кантакты з Захадам, Лукашэнка, з другога боку, прызначае кіраўніком сваёй адміністрацыі, «фактычна на другую пасаду ў дзяржаве абсалютна прарасейскага чалавека» – Дзмітрыя Крутога.

Павел Латушка адзначае, што Дзмітрый Круты – гэта «той чалавек, якога ведаюць у Крамлі, які мае вельмі шырокія сувязі на самым вышэйшым узроўні, і ён [Аляксандр Лукашэнка] дае мэсэдж аб тым, што працягвае гэтую палітыку».

Палітычны аглядальнік Ігар Тышкевіч адзначае, што, прызначаючы Дзмітрыя Крутога, Лукашэнка акрамя лагічнага «далейшага развіцця адносінаў з РФ» абазначыў прыярытэт у развіцці адносінаў з Кітаем.

На думку палітолага, што Максім Рыжанкоў, што Дзмітрый Крутой могуць успрымацца шэрагам еўрапейскіх палітыкаў як «патэнцыйна «рукапаціскальныя».

«Крутой, акрамя таго, як персона, цалкам больш чым задавальняючая Кітай і фармальна, за кошт працы паслом, прымальная для РФ», – піша Тышкевіч.

На думку палітолага, новыя прызначэнні могуць сведчыць пра тое, што пачынаючы з сярэдзіны ліпеня «на беларускім напрамку будуць з’яўляцца навіны, якія выбіваюцца з прывычнай канвы». Хоць пры гэтым Тышкевіч адзначае, што да імгненнага «развароту ў паветры» гэтыя дзеянні не прывядуць.

Што да пасады кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі, то адметна, што гэты пост узначаліў не сілавік, а дыпламат і эканаміст. На думку Вадзіма Мажэйкі, такое прызначэнне досыць лагічнае, бо для Лукашэнкі важнае ўтрыманне балансу паміж рознымі кланамі.

Тасаванне старой калоды

Галоўнай асаблівасцю сённяшніх прызначэнняў, кажа Вадзім Мажэйка, з’яўляецца «прынцып тасавання старой калоды», бо ў Лукашэнкі няма магчымасці знаходзіць новыя кадры.

У гэтым сэнсе найбольш паказальным з’яўляецца прызначэнне на пасаду першай намесніцы кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Наталлі Пяткевіч. Гэта сігнал таго, «наколькі кароткая лава запасных» у атачэнні Лукашэнкі. Чыноўніца займала гэтую пазіцыю ў 2009–2010 гадах. Але апошнія пяць гадоў яна жыла ў Злучаных Штатах, з’яўляючыся жонкай прадстаўніка Беларусі пры ААН Валянціна Рыбакова. Адметна, што на саму Пяткевіч накладзеныя санкцыі ЗША, але як жонка дыпламата яна мела магчымасць пазбегнуць іх.

Наталля Пяткевіч прызначаная першай намесніцай кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі.
Фота: скрыншот з відэа / Пул первого / Telegram

Падчас прызначэння Наталлі Пяткевіч Лукашэнка адзначыў, што яна «дэмакратыі хлябнула ў Злучаных Штатах Амерыкі – пара вяртацца дадому і пачынаць працаваць». Пры гэтым ён падкрэсліў «патрабавальнасць» і «прынцыповы падыход» былой чыноўніцы.

На думку Валера Кавалеўскага, Наталля Пяткевіч будзе займацца ўмацаваннем і захаваннем улады Лукашэнкі, чым, уласна, і займалася раней, калі забяспечыла яму ў свой час магчымасць абірацца на неабмежаваную колькасць тэрмінаў. «У яе ёсць хватка», – пракаментаваў Валер Кавалеўскі.

Паводле Паўла Латушкі, мэтай Наталлі Пяткевіч будзе «забяспечыць перапрызначэнне Лукашэнкі без вялікіх праблемаў» у наступным годзе і трымаць усё пад кантролем.

Рыгор Ніжнікаў з Фінскага інстытуту міжнародных зносінаў, каментуючы апошнія прызначэнні, адзначае, што такім чынам Аляксандр Лукашэнка вядзе перадвыбарчую кампанію і пачаў рыхтавацца да прэзідэнцкіх выбараў, а для яго гэта звычайная практыка мяняць месцамі сваіх чыноўнікаў падчас кампаніі. Хаця ніякага ўплыву на палітыку дзяржавы гэтыя змены не прынясуць, лічыць суразмоўца «Белсата».

Гэта робіцца дзеля таго, каб адпаведны наратыў пасля быў паказаны па тэлебачанні, што дазволіць прадэманстраваць, што нібыта Лукашэнка турбуецца пра будучыню, кажа Рыгор Ніжнікаў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў