ГУБАЗіК заявіў пра затрыманне яшчэ двух беларусаў, якім прыйшла рассылка плану «Перамога»


Падкантрольны ГУБАЗіКу Telegram-канал «ГУ БАЗА» апублікаваў яшчэ два «пакаянныя» відэа з беларусамі, якім нібыта прыйшла рассылка ад плану «Перамога».

Рассылка з чат-бота “Перамога”, якую атрымаў затрыманы.
Фота: скрыншот з відэа ў канале сілавікоў

Адзін з затрыманых – настаўнік гісторыі адной з менскіх школаў. На «пакаянным» відэа ён кажа, што быў падпісаны на Telegram-канал Zerkalo.io. Акрамя таго, настаўніку прыйшла рассылка ад чат-боту плану «Перамога» з заклікам удзельнічаць у выбарах у Каардынацыйную раду.

«Я калісьці даўно мінуў там рэгістрацыю. Паспяхова выдаліў, заблакаваў гэты бот. Але апавяшчэнне ўсё роўна прыйшло. І з-за гэтага цяпер у мяне вялікія праблемы. Супрацоўнікі знайшлі гэтае паведамленне і цяпер мне пагражае крымінальная адказнасць. Хоць я мог абыйсціся звычайнымі соднямі», – кажа ён на відэа, якое прымусілі запісаць сілавікі.

Другі затрыманы – мужчына, які працуе будаўніком у энергетычнай сферы. На відэа ён кажа, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах і данаціў «Краіне для жыцця».

«Таксама ў 2021 годзе я прайшоў апытанне плана «Перамога». Затым я пра гэта забыўся і бот выдаліў. Сёння да мяне прыйшлі супрацоўнікі міліцыі наконт таго, што я фінансаваў экстрэмісцкую арганізацыю і ў тэлефоне было знойдзена паведамленне плана «Перамога» . Я гэта паведамленне не ўбачыў, не ведаў, што яно ёсць на тэлефоне. Цяпер з-за гэтага я буду прыцягнуты да крымінальнай адказнасці», – кажа мужчына на відэа, якое прымусілі запісаць сілавікі.

Невядома, ці сапраўды байцы ГУБАЗіКу знайшлі на тэлефонах затрыманых рассылку ад плану «Перамога» або спецслужбы проста хочуць пасеяць паніку сярод беларусаў.

Выбары ў КР
Чаму ўдзельнікам плану «Перамога» рассылалі агітацыю да выбараў у Каардынацыйную раду?
2024.05.22 19:43

Нагадаем, што 21 траўня, людзі, калісьці зарэгістраваныя ў плане «Перамога», атрымалі рассылку з заклікам прагаласаваць за лідара спісу № 5 на выбарах у Каардынацыйную раду. Здарэнне выклікала вялікі скандал, шмат для каго такая рассылка сталася шокам. За гэта былога кіраўніка арганізацыі «BYPOL» Аляксандра Азарава пазбавілі доступу да чат-боту плана «Перамога».

Разбор
Як выдаліць ботаў у Telegram, каб не было слядоў і сюрпрызаў (просты спосаб не дапаможа)
2024.05.23 16:31

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў