Дзяўчынку, якая выпала з атракцыёну ў Лідзе, выпісалі з лякарні


11-гадовую дзяўчынку з Ліды, якая 12 траўня выпала з атракцыёну «Хамер» і атрымала цяжкія траўмы, выпісалі з лякарні, паведамляе «Лида ТВ».

Атракцыён, з якога выпала дзяўчынка ў Лідзе.
Скрыншот: «Белсат»

Пацярпелая дзяўчынка цяпер знаходзіцца ўдома, у Лідзе, ейны стан стабільны.

Здарэнне адбылося больш за месяц таму. 11-гадовая дзяўчынка разам з мамай праводзілі час у перасоўным луна-парку, які на працягу некаторага часу працаваў у горадзе, і вырашылі пакатацца на атракцыёне «Хамер». Ужо праз некалькі секунд пасля яго запуску дзяўчынка ўпала з вышыні.

Са шматлікімі траўмамі маленькую лідчанку даставілі ў рэанімацыю Лідскай цэнтральнай раённай лякарні. Там пацыентцы былі выкананыя ўсе неабходныя абследаванні: кампутарная тамаграфія галавы, органаў грудной клеткі, брушной поласці і тазу, лабараторныя абследаванні. Праведзеныя кансультацыі вузкімі спецыялістамі.

Для дадатковай дапамогі дзяўчынцы з Горадні былі выкліканыя з дапамогай санітарнай авіяцыі анестэзіёлаг-рэаніматолаг, траўматолаг і афтальмолаг. З Менску таксама па санавіяцыі быў выкліканы для правядзення кансультацыяў сківічна-тварны хірург рэспубліканскага ўзроўню.

Hавiны
«Стан стабільна цяжкі»: Мінаховы здароўя пра дзяўчынку, якая выпала з атракцыёну ў Лідзе
2024.05.12 21:47

Як толькі стан дзяўчынкі стабілізаваўся, цягам содняў у Ліду быў адпраўлены рэанімабіль з Горадні, на якім пацярпелую перавезлі ў Гарадзенскую абласную дзіцячую лякарню.

У Гарадзенскай лякарні дзяўчынка правяла больш за месяц, ёй зрабілі некалькі аперацыяў.

Маці дзяўчынкі ўдзячная лекарам лідскай і гарадзенскай лякарняў за тое, што ўратавалі ейнай дачцэ жыццё і здароўе.

«На дадзены момант маё дзіця, дзякуй Богу, жывое, амаль здаровае. Яна, праўда, яшчэ не ходзіць, але неўзабаве будзе пачынаць вучыцца хадзіць», – распавяла Анастасія Шандроха, маці дзяўчынкі, і заклікала ўсіх бацькоў быць уважлівымі.

Пасля здарэння Следчы камітэт ініцыяваў праверку.

«Асаблівая ўвага будзе нададзеная пытанням гарантавання тэхнікі бяспекі, а таксама прычынам і ўмовам, якія спрыялі траўмаванню дзіцяці», – зазначала прэс-служба СК.

Hавiны
У Горадні з акна восьмага паверха выпала дзяўчынка. Што рабіць, каб перадухіліць бяду
2024.05.06 22:54

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў