news
Агляд
Як уводзілі санкцыі адносна Беларусі: за рэпрэсіі, самалёт і вайну, але не за палітвязняў
На чацвёрты год санкцыйныя спісы разрасліся да сотняў імёнаў і дзясяткаў назваў кампаніяў.
13.03.202417:54

Беларусь пад санкцыямі ў той ці іншай ступені ўжо больш за 27 гадоў. Але калі краіна ўваходзіла ў 2020 год амаль без санкцыйных абмежаванняў, то пасля масавых рэпрэсіяў, а затым захопу самалёта, міграцыйнага крызісу і саўдзелу ў расейскім нападзе на Украіну санкцыйныя спісы разрасліся да сотняў імёнаў і дзясяткаў назваў кампаніяў. «Белсат» згадвае, як і за што ўводзілі санкцыі.

Спрошчаная храналогія ўвядзення санкцыяў такая.

Санкцыі адносна Беларусі
Санкцыі адносна Беларусі.
Выява: Белсат

Падрабязней – ніжэй.

Да 2020 года: увялі, адмянілі, вярнулі, прыпынілі…

«Санкцыйную гісторыю Беларусі» можна адлічваць з 13 студзеня 1997 года. Тады Парламенцкая асамблея Рады Еўропы прыпыніла статус Нацыянальнага сходу Беларусі як «спецыяльнага госця» ў сувязі са зменамі ў Канстытуцыю Беларусі і з тым, што Нацыянальны сход, сабраны Аляксандрам Лукашэнкам са сваіх прыхільнікаў пасля разгону Вярхоўнага савету, не меў дэмакратычнай легітымнасці. Восенню таго ж года Еўразвяз афіцыйна абмежаваў фармат афіцыйных адносінаў з Беларуссю і замарозіў шэраг напрамкаў эканамічнай супрацы.

У 1998 годзе Еўразвяз і Злучаныя Штаты пачалі ўводзіць візавыя абмежаванні супраць Лукашэнкі і чыноўнікаў ягонага рэжыму.

У верасні 2004 года Еўразвяз ухваліў першыя персанальныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі: пад іх трапілі Юрый Сівакоў, Віктар Шэйман, Дзмітрый Паўлючэнка і Уладзімір Навумаў, якіх назвалі адказнымі за знікненні (імаверна, забойствы) Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі і Дзмітрыя Завадскага.

Агляд
Беларускі мартыралог. Яны загінулі за часы лукашызму
2023.07.13 08:00

У кастрычніку 2004-га Злучаныя Штаты прынялі Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, які забараніў розныя тыпы негуманітарнай фінансавай дапамогі Беларусі з боку ЗША, стратэгічны экспарт і дзяржаўныя інвестыцыі ў Беларусь, закрыў доступ у Штаты шэрагу лукашэнкаўскіх чыноўнікаў.

Краіны Захаду не прызнавалі ніводныя выбары ў Беларусі пасля 1997 года свабоднымі і справядлівымі, крытыкавалі ўлады Беларусі за разгоны дэманстрацыяў і палітычныя рэпрэсіі, уводзілі ў сувязі з гэтым новыя санкцыі. Але затым санкцыі замарожвалі ці скасоўвалі, калі бачылі ад рэжыму Лукашэнкі пазітыўныя сігналы, як то вызваленне палітвязняў. І зноў уводзілі праз новыя рэпрэсіі.

На пачатак 2020 года адносна Беларусі засталося даволі мала санкцыяў – з 2015 года было «пацяпленне» і з Еўразвязам, і са Штатамі. Захоўваліся персанальныя санкцыі ЗША і Еўразвязу супраць людзей з атачэння Лукашэнкі (чатыры чалавекі ў спісе Еўразвязу і 10 у спісе ЗША), а таксама эмбарга на пастаўку зброі, якое ЗША і Еўразвяз увялі ў 2011 годзе і штогод працягвалі.

Цікава, што ў 2020 годзе самыя першыя санкцыі адносна Беларусі ўвяло Злучанае Каралеўства – яшчэ ў студзені. Але тое быў тэхнічны момант: Каралеўства выходзіла з Еўразвязу, праз гэта «адключалася» ад ягоных санкцыяў, але захоўвала практычна такія ж уласныя. А ўжо праз два тыдні па тых брытанскіх санкцыях у Менск прылятаў Дзяржаўны сакратар ЗША, ціснуў руку Лукашэнку і анансаваў прызначэнне амбасадара ў Беларусь.

Выбары-2020 і рэпрэсіі: санкцыі пачыналіся марудна

Відавочная фальсіфікацыя вынікаў прэзідэнцкіх выбараў-2020 і беспрэцэдэнтны гвалт супраць удзельнікаў мірных пратэстаў выклікалі маштабныя санкцыі.

Нядзельнае шэсце
Здымак мае ілюстрацыйны характар. У Менску і іншых гарадах Беларусі прайшоў марш пратэсту пад назваю «Народная інаўгурацыя», якая з’яўляецца адказам грамадства на неансаваную інаўгурацыю Аляксандра Лукашэнкі, якая адбылася 23 верасня. Менск, Беларусь. 27 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Першымі ўвялі санкцыі ў сувязі з гэтым Літва, Латвія і Эстонія: 31 жніўня забаранілі ўезд Лукашэнку і яшчэ 29 афіцыйным асобам з Беларусі. 25 верасня яны пашырылі санкцыі на сотню чыноўнікаў. 29 верасня Злучанае Каралеўства і Канада абвясцілі пра санкцыі адпаведна супраць 8 і 11 чыноўнікаў.

Яшчэ да таго санкцыі збіраўся ўвесці Еўразвяз, але Кіпр блакаваў рашэнне, бо патрабаваў падтрымаць санкцыі адносна Турэччыны. Спрэчка была звязаная са здабычай газу ў кіпрскай эканамічнай зоне ўсходняга Міжземнаморʼя, Беларусі не тычылася. Да згоды прыйшлі толькі ў ноч на 2 кастрычніка.

2 кастрычніка 2020 года Еўразвяз дадаў у санкцыйныя спісы 40 чыноўнікаў з Беларусі (на дадатак да 4 са старых спісаў) – не толькі візавыя абмежаванні, але і замарозку актываў. У той жа дзень ЗША ўвялі санкцыі супраць 8 чыноўнікаў. Затым 6 лістапада спісы Еўразвязу пашырылі на Аляксандра Лукашэнку і яшчэ 14 чалавек. Да санкцыяў Еўразвязу далучаліся іншыя краіны, у тым ліку Швейцарыя і Украіна.

17 снежня Еўразвяз увёў першыя санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў: у спіс трапілі «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз», «Сінэзіс», электрамеханічны завод «Агат», 140-ы рамонтны завод, Менскі завод колавых цягачоў і Упраўленне справамі Лукашэнкі. Тым жа пакетам Еўразвяз увёў персанальныя санкцыі супраць яшчэ 29 чалавек.

23 снежня ЗША на дадатак да новых візавых абмежаванняў увялі санкцыі супраць менскіх АМАП і ГУУС, атраду КДБ «Альфа» і Цэнтральнай выбарчай камісіі. ЗША таксама пашыралі візавыя абмежаванні 18 лютага 2021 года.

Аналітыка
«Трэба гуляць па правілах, і тады можна жыць». Як змянілася Беларусь за тры гады пасля пратэстаў?
2023.08.09 08:00

На тле гвалту і рэпрэсіяў Беларусь пазбавілася права правесці супольна з Латвіяй Чэмпіянат свету па хакеі 2021 года. Але гэта не было пакараннем за рэпрэсіі: кіраўнік Міжнароднай федэрацыі хакею наадварот хацеў «выкарыстаць спаборніцтвы як інструмент для замірэння», ды шэраг кампаніяў адмовіўся ад спонсарства чэмпіянату, калі б ён прайшоў у Беларусі.

Але да пэўнага моманту санкцыі заставаліся збольшага сімвалічнымі. Ці не самым жорсткім крокам было нават не ўвядзенне санкцыяў, а аднаўленне прыпыненых: ЗША 19 красавіка 2021 года «размарозілі» санкцыі супраць канцэрну «Белнафтахім» і звязаных з ім кампаніяў.

Самалёт «Ryanair» пасадзілі – санкцыі ўзляцелі

23 траўня 2021 года ў Беларусі прымусова пасадзілі пасажырскі самалёт «Ryanair» – як аказалася, каб затрымаць журналіста Рамана Пратасевіча. Захоп самалёта з пагрозамі бомбай і баявой авіяцыяй абурыў заходніх палітыкаў – некаторыя называлі гэта «паветраным пірацтвам». Мноства авіякампаніяў адмовілася лятаць у Беларусь.

4 чэрвеня Еўразвяз забараніў беларускім авіякампаніям палёты над сваёй тэрыторыяй і выкарыстанне сваіх аэрапортаў.

Каментар
«Рэгіянальная авіякампанія Расеі». За кошт чаго выжывае «Белавія» ва ўмовах санкцыяў?
2023.12.26 18:38

21 чэрвеня Еўразвяз і ЗША ўвялі санкцыі, якія звязвалі ўжо не толькі з рэпрэсіямі, але і з захопам самалёта. Пад санкцыі Еўразвязу трапілі яшчэ 78 чалавек і 8 кампаніяў, у тым ліку МАЗ і БелАЗ. ЗША ўключылі ў санкцыйныя спісы яшчэ 16 чалавек і 5 арганізацыяў, у ліку якіх Камітэт дзяржаўнай бяспекі, ГУБАЗіК, Унутраныя войскі.

24 чэрвеня Еўразвяз ухваліў сектаральныя санкцыі: забарону на продаж у Беларусь абсталявання, якое можа быць выкарыстанае ў ваенных мэтах; абмежаванні гандлю нафтапрадктамі і хларыдам калію (праўда, не забарона на продаж усяго калію), абмежаванне доступу да рынку капіталу, забарону страхавання беларускім дзяржаўным органам і агенцтвам.

Дарэчы, пасля захопу самалёта да санкцыяў далучылася аж Новая Зеландыя: 17 чэрвеня ўвялі візавыя абмежаванні супраць Лукашэнкі і паўсотні ягоных чыноўнікаў. Разам з тым, новазеландская кампанія «Ravensdown», якая пастаўляла ў краіну каля паловы ўгнаенняў, вырашыла адмовіцца ад пакупкі беларускага калію і шукаць альтэрнатыўных пастаўнікаў.

Міграцыйны крызіс і скандал на Алімпіядзе як фон да пашырэння санкцыяў

22 чэрвеня 2021 года Лукашэнка заявіў, што ў адказ на санкцыі перастане «бараніць» Еўропу ад нелегальнай міграцыі і кантрабанды. Хоць усплёск спробаў незаконнага пераходу беларуска-літоўскай мяжы грамадзянамі трэціх краінаў заўважалі за месяц да таго, аказалася, што Лукашэнка анансаваў штучнае стварэнне яшчэ большага міграцыйнага крызісу.

1 жніўня 2021 года на Алімпійскіх гульнях у Токіа разгарэўся скандал: беларускую бягунню Крысціну Ціманоўскую спрабавалі прымусова вывезці на радзіму, а яна баялася трапіць за краты праз відэа, дзе яна крытыкавала спартовых чыноўнікаў. Ціманоўскую даставілі ў бяспеку з дапамогай паліцыі.

Hавiны
«Гучыць як галівудскі трылер». Што пішуць замежныя медыі пра Ціманоўскую?
2021.08.02 20:49

На гадавіну выбараў, 9 жніўня 2021 года ЗША абвясцілі пра санкцыі супраць 23 асобаў і 21 арганізацыі, у тым ліку «Беларуськалію» і ГТФ «Нёман». Пад тыя санкцыі трапіў і Нацыянальны алімпійскі камітэт, але, паводле прэс-рэлізу, не за Ціманоўскую, а праз падазрэнні ў выкарыстанні НАК для адмывання грошай і абыходу санкцыяў. У той жа дзень пра новыя санкцыі абвясцілі Злучанае Каралеўства і Канада.

8 лістапада больш за тысячу мігрантаў пад кіраўніцтвам сілавікоў з Беларусі штурмавалі памежны пераход «Кузніца» (па беларускі бок «Брузгі»). На наступны дзень Польшча афіцыйна спыніла рух праз гэты пераход. З цягам часу закрыюцца амаль усе памежныя пераходы на межах Беларусі з Еўразвязам: застануцца адкрытымі два з Польшчай (адзін – выключна для грузавікоў), два з Літвой і адзін з Латвіяй.

2 снежня 2021 года ЗША і Канада, Еўразвяз і Злучанае Каралеўства ў тлумачэннях новых санкцыяў згадвалі ўжо не толькі рэпрэсіі, але і міграцыйны крызіс – і пад іх трапілі не толькі звязаныя з крызісам асобы і арганізацыі. Еўразвяз увёў санкцыі супраць 17 асобаў і 11 арганізацыяў, у тым ліку «Белавіі», «Беларуснафты», «Гродна Азоту» і «Белшыны». ЗША абвясцілі пра санкцыі супраць 20 чалавек і 12 арганізацыяў, у тым ліку супраць Міністэрства фінансаў Беларусі і «Банку развіцця», «Беларускай калійнай кампаніі»  і «Слаўкалію», «Белтэхэкспарту» і шэрагу вайсковых заводаў, «Трансавіяэкспарту» і асобных самалётаў.

Аналітыка
Што трэба ведаць пра беларускі канал нерэгулярнай міграцыі
2021.10.27 16:55

Акрамя таго, праз трансляцыю «пакаяннага інтэрв’ю» Пратасевіча Белтэлерадыёкампанію выключылі з Еўрапейскага трансляцыйнага звязу – БТ страціла правы на многія трансляцыі, а таксама на ўдзел у «Еўрабачанні».

Пазней ЗША пашыралі таксама візавыя абмежаванні. Пад адно з пашырэнняў трапілі неназваныя падазраваныя ў спробе выкрадання Ціманоўскай. Праўда, былога трэнера Ціманоўскай адхілілі ад спорту толькі ў канцы лютага 2024 года.

Ці сталі міграцыйны крызіс і скандал на Алімпіядзе прычынамі новых санкцыяў, ці былі толькі каталізатарам або проста фонам, невядома.

Вайна ва Украіне: не толькі моцныя санкцыі, але і страта партнёра, і прывязка да агрэсара

Рэжым Лукашэнкі выступіў суагрэсарам у вайне ва Украіне – гэта прызнаваў і сам Лукашэнка. Хоць беларускія войскі не ўвайшлі на тэрыторыю Украіны, расейскія войскі выкарысталі Беларусь як плацдарм для нападу і працяглы час вялі з беларускіх зямлі і неба абстрэлы Украіны. Яшчэ за дзень да поўнамаштабнай вайны лукашэнкаўскія чыноўнікі запэўнівалі, што такога не будзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Разбураны дом ва ўкраінскай сталіцы. Пасля ракетнага ўдару ў доме абрынулася сцяна. Кіеў, Украіна. 28 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Пра планаваны напад заходнія саюзнікі Украіны ведалі загадзя, перад самым нападам ужо пачалі ўводзіць санкцыі адносна Расеі. ЗША, Еўразвяз і Літва яшчэ да нападу разважалі пра дадатковыя санкцыі адносна Беларусі за спрыянне расейскай агрэсіі. За тыдзень да нападу Украіна спыніла транзіт беларускіх калійных угнаенняў, а Еўразвяз унёс у санкцыйныя спісы яшчэ два беларускія банкі.

25 лютага – на наступны дзень пасля ўварвання – Еўразвяз увёў першыя санкцыі ў сувязі з нападам. Эканамічная частка не зачапіла Беларусь, але ў спіс персанальных санкцыяў трапілі не толькі расейскія чыноўнікі (у тым ліку Уладзімір Пуцін), але таксама і 20 беларускіх.

Еўразвяз 2 сакавіка абвясціў пра новыя гандлёвыя абмежаванні адносна Беларусі і пра санкцыі супраць яшчэ 22 асобаў. Затым пад санкцыі Еўразвязу трапілі Нацбанк Беларусі і яшчэ тры банкі, якія адключылі ад сістэмы SWIFT, а таксама дарожны грузавы транспарт, «Беларуськалій» і тытунёвыя кампаніі.

ЗША 15 сакавіка ўвялі санкцыі супраць асабіста Аляксандра Лукашэнкі і ягонай афіцыйнай жонкі (якая, дарэчы, трапіла нават пад санкцыі Украіны – у адрозненне ад ейнага мужа). Затым Штаты прыпынілі гаднлёвыя стасункі з Беларуссю, уводзілі санкцыі супраць беларускіх заводаў і чыноўнікаў, абмежавалі экспарт у Беларусь звыш 1200 відаў тавараў – ад электрапрыбораў да тканіны і фарбаў.

Інфаграфіка
Хто Лукашэнку сябра, а хто не. Мапа
2023.10.27 15:27

На момант публікацыі ў санкцыйных спісах Еўразвязу 233 чалавекі з Беларусі і 38 беларускіх кампаніяў. У санкцыйных спісах Упраўлення кантролю замежнымі актывамі ЗША 118 чалавек і 87 кампаніяў з Беларусі.

Акрамя таго, невядомая колькасць людзей пад амерыканскімі візавымі абмежаваннямі. Таксама пад санкцыямі Мінфін, Нацбанк і асобныя (не ўсе) банкі і асобныя (не ўсе) беларускія тавары. Новыя санкцыі ўводзяць як адносна Беларусі з прывязкай да рэпрэсіяў, так і адносна Беларусі і Расеі разам узятых у сувязі з вайной.

Да санкцыяў Еўразвязу далучыўся шэраг краінаў, а некаторыя ўвялі ўласныя або дадатковыя. Свае санкцыйныя спісы маюць Літва, Латвія і Эстонія (якія таксама ўваходзяць у Еўразвяз і падтрымліваюць ягоныя санкцыі), Украіна, Злучанае Каралеўства (якое з Еўразвязу выйшла), Нарвегія, Швейцарыя, Злучаныя Штаты, Канада, Японія, Аўстралія і Новая Зеландыя.

Ды пакуль магутныя санкцыі не абвалілі беларускую эканоміку, як таго чакалі ў першыя месяцы поўнамаштабнай вайны. Як тлумачыў «Белсату» эканаміст Зміцер Крук, беларуская эканоміка аказалася надзвычай адаптыўнай, ды і дапамагла расейская, якая сама пацярпела ад санкцыяў не так моцна, бо ў крытычны момант здолела стабілізаваць сітуацыю.

Аналітыка
«Ад крызісу да крызісу». Чаму эканоміка Беларусі не абвалілася ў выніку вайны ва Украіне
2024.02.23 14:00

Саўдзел у нападзе на Украіну наклаў на Беларусь абмежаванні, ці не горшыя за санкцыі. Беларусь страціла Украіну як буйнога гандлёвага партнёра і стала куды больш прывязаная эканамічна і палітычна да Расеі, якая можа пацягнуць за сабой на дно. Да таго ж, у некаторых краінах стаўленне да беларусаў заўважна пагоршылася. Шмат дзе беларускае грамадзянства можа стаць прычынай дыскрымінацыі. Сама Беларусь стала «таксічнай» для супрацы, краіну пакінулі многія заходнія кампаніі і брэнды.

Дэмакратычныя сілы хацелі б санкцыяў за палітвязняў

Цяпер дэмакратычныя сілы Беларусі заклікаюць не толькі да новых санкцыяў, але і да «затыкання дзіраў» ва ўжо ўведзеных – закрыцця шляхоў абыходу санкцыяў (Еўразвяз, дарэчы, толькі ў сакавіку-2024 крыміналізаваў абыход санкцыяў). Таксама дэмакратычныя сілы Беларусі дамагаюцца выдачы ордару на арышт Лукашэнкі ад Міжнароднага крымінальнага суду – такі ўжо выдалі на Пуціна.

Светлана Тихановская, правозащитники, брифинг, Вильнюс, Сергей Тихановский, Николай Статкевич, Максим Знак, Мария Колесникова
Здымак мае ілюстрацыйны характар. 8 сакавіка Святлана Ціханоўская прыйшла да будынку амбасады Беларусі ў Літве з партрэтам свайго мужа Сяргея Ціханоўскага. У гэты дзень спаўняецца год, як Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца без сувязі са знешнім светам. Беларуская лідарка звярнулася да генеральнага сакратара ААН Антонью Гутэрыша з просьбай умяшацца ў сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі. Вільня, Літва. 8 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

Акрамя таго, сваякі палітычных зняволеных заклікаюць скарыстацца санкцыямі для вызвалення палітвязняў: адны прапануюць пайсці на саступкі, другія просяць увесці санкцыі менавіта за ўтрыманне палітычных зняволеных. Дэмакратычныя сілы ўжо рыхтуюць такія санкцыі.

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету і лідар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка адзначыў у каментары «Белсату», што палітычныя зняволеныя цярпяць не толькі ад невыносных умоваў і катаванняў, але і ад прымусовай працы, за якую атрымліваюць ад 3 цэнтаў да 1,4 долара на месяц. Такую працу Латушка называе рабскай. А прадукцыя, якую зняволеныя вырабляюць, адкрыта прадаецца (хай і без пазнакі «зроблена ў калоніі») у Беларусі і за мяжой, можа быць экспартаваная ў тым ліку на рынкі краінаў Еўразвязу.

«Даходы ад беларускага турэмна-прамысловага канвееру значныя, – падкрэслівае Латушка. – І гэтыя даходы паступаюць для фінансавання як утрымання ўлады Лукашэнкі, так і для фінансавання ажыццяўлення саміх рэпрэсіяў».

Таму НАУ звярнулася да партнёраў з прапановай «праваабарончага пакету санкцыяў», скіраваных на групы тавараў, якія вырабляюць рукамі палітвязняў у месцах пазбаўлення волі. Гэта мэбля і пасцельныя рэчы, абутак і прадметы адзення, вырабы з некаштоўных металаў, абсталяванне і механічныя прылады.

Інфармацыю пра ўмовы працы палітвязняў і прадукцыю, якую іх прымушаюць вырабляць, НАУ перадала ў наднацыянальныя органы дзяржаваў Еўразвязу, міністэрствы замежных справаў шэрагу краінаў, а таксама спецыяльнаму прадстаўніку Еўразвязу па санкцыях і дэпутатам Еўрапарламенту. А Еўрапарламент заклікаў да ўзмацнення санкцыяў у тым ліку за прымусовую працу зняволеных у рэзалюцыі 8 лютага.

Каментар
Рада Еўразвязу зрабіла высновы пра Беларусь. Чаму гэта важна, хоць у іх шмат ужо знаёмых словаў?
2024.02.21 16:40

Алесь Наваборскі belsat.eu