«На гандлі з Кіевам будзе пастаўлены крыж». Колькі Беларусь страціць ад вайны ва Украіне


На гандлі з Украінай Беларусь летась зарабіла больш за 3 млрд долараў. Гэтая краіна заняла другі радок сярод краінаў-імпарцёраў беларускай прадукцыі, адтуль паступае шмат сыравіны, камплектных дэталяў і спажывецкіх тавараў. Спыненне гандлю з Украінай пагражае сур’ёзнымі праблемамі для розных сектараў беларускай эканомікі.

Другая пасля Расеі

На долю Украіны прыпадае 13,6 % усяго беларускага экспарту. Паводле звестак Белстату, у 2021 годзе мы прадалі Украіне тавараў на 5,4 млрд долараў. Яна займае другое пасля Расеі месца сярод краінаў-імпарцёраў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: traffic.od.ua

З леташняга чэрвеня Белстат засакрэціў звесткі аб замежным гандлі таварамі, якія трапілі пад санкцыі, таму пададзеная там інфармацыя няпоўная. Паглядзець, чым і як Беларусь гандлявала з Украінай, можна на сайце Укрстату. Паводле звестак гэтага ведамства, Беларусь прадала ва Украіну тавараў на 4,8 млрд долараў. Рост у параўнанні з мінулым годам – 67,8 %.

Беларусь купіла ўкраінскіх тавараў на 1,47 млрд долараў (рост на 10,8 % да ўзроўню 2020 года). Такім чынам, тавараабарачэнне паміж дзвюма краінамі, паводле звестак Укрстату, у 2021 годзе склала 6,3 млрд долараў. Гэта на 50 % больш, чым год таму. Сальда склалася станоўчым для Беларусі і было 3,3 млрд долараў. Гэта вельмі добры вынік – год таму было толькі 1,5 млрд долараў.

Галоўны экспарт – нафтапрадукты

Самая вялікая доля экспарту ва Украіну прыпадае на нафтапрадукты – 59,3 %. У 2021 годзе Беларусь зарабіла на іх продажы 2,9 млрд долараў. Другая экспартная пазіцыя –угнаенні. Іх прададзена на 570,6 млн долараў – гэта 11,8 % усяго экспарту ў гэтую краіну. У параўнанні з мінулым годам Украіна ў тры разы больш купіла мэблі, у два разы – угнаенняў і хімічнай прадукцыі, вырабаў з дрэва – на 42,7 %, з чорных металаў – на 44,2 %. Скураў у 2021 годзе Беларусь прадала ва Украіну ў 4,7 раза больш, чым у 2020 годзе, – амаль на 2 млн долараў.

Гандляваць з Украінай нашай краіне вельмі выгадна – прадаем мы туды нашмат больш, чым купляем. У 2021 годзе імпарт склаў толькі за 1,5 мільярда долараў і ў параўнанні з мінулым годам вырас усяго на 10,8 %. Сваю ролю адыгралі абмежаванні, якія ўрад Беларусі ўвёў у дачыненні шэрагу ўкраінскіх тавараў. Нагадаем, што з 9 чэрвеня 2021 года многія пазіцыі трапілі пад ліцэнзаванне (пастанова Саўміна № 292 ад 26 траўня 2021 года).

ААТ «Нафтан».
Фота: Белсат

Статыстыка паказвае, што ўпалі пастаўкі ў Беларусь самых папулярных спажывецкіх тавараў – цукерак, шакаладу і піва. Напрыклад, украінскага піва ў 2021 годзе было ўвезена ў Беларусь у 2,7 разу менш, чым у 2020 годзе, цукерак – у 2,9 разу. Напалову скараціўся на паліцах беларускіх крамаў аб’ём украінскага шакаладу.

Звесткі Белстату даюць падставы казаць, што на вызваленае месца прыходзяць расейскія тавары, хоць рост паставак цукерак, піва і шакаладу з Расеі не такі значны, як падзенне паставак гэтых жа тавараў з Украіны. Так, расейскіх цукерак ўвезена на 4 % больш, шакаладу – на 10 %, а піва – на 35 %.

Гандаль з Беларуссю зрабіўся таксічны

Украіна была для Беларусі вельмі выгадным гандлёвым партнёрам. Для Украіны стратэгічнае значэнне мелі пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў. Аднак цяпер сітуацыя змянілася. «З вялікай доляй верагоднасці можна сказаць, што на гандлі з Украінай будзе пастаўлены крыж. Ва ўсякім выпадку, у кароткатэрміновай перспектыве», – сказаў «Белсату» старшы навуковы супрацоўнік BEROC, эканаміст Дзмітрый Крук.

Крыніца: ukrstat.gov.ua
Крыніца: ukrstat.gov.ua

Нягледзячы на недружалюбныя заявы афіцыйнага Менску, Кіеў не спяшаўся далучыцца да санкцыяў у дачыненні Беларусі і адмовіцца, напрыклад, ад набыцця беларускіх дызпаліва і бензіну. «Украінскі кірунак экспарту захоўваўся нават тады, калі ўжо многія іншыя прасядалі з-за санкцыяў, бо для Украіны гэта таксама было стратэгічна важна. Лагістычна, арганізацыйна і тэхналагічна ёй цяжка было замяніць беларускія нафтапрадукты. Пераарыентацыя на іншых пастаўнікоў азначала б рост коштаў, і гэта стрымлівала ўкраінскае кіраўніцтва ад таго, каб адмовіцца ад беларускіх нафтапрадуктаў», – растлумачыў Дзмітрый Крук.

Цяпер для Украіны сітуацыя змянілася. «Я ўпэўнены, што ва ўмовах той маштабнай фінансавай, арганізацыйна-тэхналагічнай і рэсурснай падтрымкі, якую мае цяпер Украіна з усяго свету, яна зможа зрабіць выбар на карысць іншага пастаўніка. Думаю, што на кароткатэрміновую перспектыву ў іх ёсць запасы, а далей яны пераарыентуюцца на польскія нафтапрадукты», – мяркуе эксперт.

Дзмітрый Крук мяркуе таксама, што праз спыненне паставак нафтапрадуктаў ва Украіну «беларуская эканоміка атрымае вельмі рэзкі і глыбокі шок». Рэч не толькі ў тым, што ў краіну не паступіць каля 3 млрд долараў валютнай выручкі. Украінскі рынак быў апошнім, што не падтрымаў санкцыі. Адмова Украіны ад беларускіх нафтапрадуктаў ставіць пад пагрозу ўсю нафтаперапрацоўку ў прынцыпе, мяркуе эксперт.

Салдаты каля перакрытай мяхамі з пяском вуліцы ў Кіеве. 1 сакавіка 2022 года.
Фота: Aytac Unal / Anadolu Agency / ABACAPRESS.COM / East News

Тое, што астатнія экспартныя пазіцыі не такія істотныя, не значыць, што яны не важныя. «Экспарт і імпарт з Украінай вельмі моцна дыверсіфікаваныя, спыненне гандлю закранае вялікую колькасць дробных і буйных фірмаў. Наменклатура тавараў вельмі розная. Думаю, што цяпер 70–80 % гэтых кантрактаў згараць», – прагназуе Дзмітрый Крук. Такім чынам, удар адчуе не толькі нафтаперапрацоўка, але і гмат якія іншыя сектары эканомікі. «Ёсць вялікія сумневы, што ўкраінцы будуць гатовыя працаваць з беларусамі. Беларускі кірунак стаў для іх вельмі таксічным. Супраца пагражае іміджавымі і рэпутацыйнымі стратамі», – кажа эксперт.

Скарачэнне аб’ёмаў вытворчасці можа ўдарыць па вялікай колькасці сектараў эканомікі. Прычым, важны не толькі экспарт, але і імпарт – пастаўка сыравіны і камплектных дэталяў для прамысловасці і спажывецкія тавары. «Для беларускага спажыўца гэта азначае, што выбар будзе звужацца. Гэта будзе прыводзіць калі не да таварнага дэфіцыту, то да вельмі абмежаванага выбару пры істотным росце коштаў. Мы бачым, што рост коштаў і так паскорыўся, а спыненне гандлю з Украінаю зробіць у гэта свой унёсак. Для нас гэта маштабныя сур’ёзныя праблемы», – лічыць Дзмітрый Крук.

Эксперт лічыць, што нават калі вайна хутка скончыцца, Украіна не вернецца да поўнамаштабнага гандлю з Беларуссю. Больш за тое, ён дапускае, што на гэты конт будуць прынятыя санкцыйныя абмежаванні. «Але нават калі іх не будзе, украінскі бізнес будзе пазбягаць кантрактаў з фірмамі з краіны, датычнай да нападу», – падсумоўвае Дзмітрый Крук.

Аналітыка
Беларусам ва Украіне заблакавалі банкаўскія карты. Што можна зрабіць?
2022.03.07 11:49

АС belsat.eu

Стужка навінаў