Як Беларусь дапамагла Расеі ўзброіцца ў абыход санкцыяў – міжнароднае расследаванне


Беларускія расследавальнікі «Бюро», расейскія «Вёрстка» і міжнародныя OCCRP пры ўдзеле «Кіберпартызанаў» і іншых зрабілі вялікае расследаванне аб тым, як Расея абыходзіць санкцыі пры закупках сучаснай тэхнікі для ваенных мэтаў. Значную ролю ў гэтым выканалі ўлады Беларусі. «Белсат» каротка пераказвае, што выявілі ў расследаванні.

Расейская авіябомба «КАБ-20»
Расейская авіябомба «КАБ-20».
Фота: Nickel nitride / Wikimedia

Згодна з мытнымі звесткамі, заўважаюць расследавальнікі, летась Расея ўвезла праз Беларусь тавараў падвойнага прызначэння з высокай рызыкай выкарыстання ў вайсковай прамысловасці коштам на больш як 27 млн долараў.

«Паводле падлікаў праекту „Castellum.Ai“, супраць Беларусі ўведзена абмежаванняў у 12 разоў менш, чым супраць Расеі: крыху больш за 1,4 тысячы санкцыяў, – расказваюць расследавальнікі. – Пры гэтым Расея і Беларусь утвараюць адзіную эканамічную прастору, таму тавар, увезены ў Беларусь, бесперашкодна апынаецца ў Расеі».

Расейскі вайсковы інстытут

Гісторыя, якую расказваюць расследавальнікі, тычыцца паставак для маскоўскага Цэнтральнага навукова-даследчага інстытуту хіміі і механікі (ЦНИИХМ), дзе вырабляюць, сярод іншага, 20-кілаграмовыя авіябомбы для беспілотнікаў, якія выкарыстоўваюць супраць Украіны. Праз хітры ланцужок абсталяванне для гэтага інстытуту пастаўлялі з удзелам беларускіх і казахстанскіх бізнесоўцаў.

Гэты інстытут у 2021 годзе, яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, абвясціў тэндар на закупку заходняга абсталявання, у якім перамагла кампанія «Остек-СМТ» з групы кампаніяў «Остек», створаная выхадцамі з таго самага інстытуту Аляксандрам Разаронавым і Вадзімам Гаршыным.

Гэтая група кампаніяў пастаўляла, сярод іншага, японскае абсталяванне для вытворчасці ракетных комплексаў «Кропка-У» і «Іскандэр-М»; карэйскае, нямецкае і італьянскае – для Разанскага радыёзаводу, аднаго з найбуйнейшых пастаўнікаў радыёсувязі для Міністэрства абароны Расеі і вытворцу камандна-штабных машынаў для расейскіх сілавікоў.

Праз польскую фірму – да нямецкай, якой валодаў беларус

Ключавы пастаўнік грузу для «Остек» – польская фірма «Inter-Trans», цалкам падкантрольная нямецкай кампаніі «BMA Spedition», пішуць расследавальнікі. Асноўным уладальнікам «BMA Spedition» да нядаўняга часу быў беларускі бізнесовец Яўген Касцюк з доляй у 76 %. Яшчэ 13,85 % належала падкантрольнаму беларускаму ўраду прадпрыемству «БелМагістральАўтаТранс», якое ўзначальваў сам Яўген Касцюк.

Год да ўвядзення маштабных санкцыяў, пакуль ішла вайна ва Украіне, беларускі ўрад праз «БелМагістральАўтаТранс» і беларус Яўген Касцюк забяспечвалі Расею тэхнікай для вайсковай прамысловасці, расказваюць расследавальнікі.

Схема паставак для расейскай групы «ОСТЕК»
Схема паставак для расейскай групы «Остек». Выява: Buromedia.io

Да жніўня мінулага года, калі Еўразвяз забараніў вывозіць абсталяванне для выпуску паўправаднікоў і мікрасхемаў у Беларусь, некаторыя пастаўкі ў Расею працягваліся.

Так, ад сакавіка да жніўня 2023 года беларуская кампанія «Тэфіда» (якая нібыта гандлюе запчасткамі для дарожна-будаўнічай тэхнікі) на даручэнне казахстанскай «КБР-Тэхналогіі» паставіла для групы «Остек» і звязаных з ёю кампаніяў нямецкае, чэшскае і сінгапурскае абсталяванне для вытворчасці электронных кампанентаў коштам у 5 млн долараў.

Валодае «Тэфідай» беларуска Марына Космач, а кіруе кампаніяй ейны брат – Аляксандр Шыбко.

Схема паставак для расейскай групы «ОСТЕК»
Схема паставак для расейскай групы «Остек». Выява: Buromedia.io

Калі нельга праз Беларусь, можна праз Казахстан

Казахстан не падпадае пад заходнія санкцыі. Каб адвесці падазрэнні еўрапейскіх мытных органаў, пішуць расследавальнікі, пастаўнікі афармляюць тавар на кампанію (як у гэтым выпадку) з Казахстану, але тавар туды не даязджае, а ідзе праз Менск і разгружаецца ў выніку ў Маскве.

Казахстанская кампанія «КБР-Тэхналогіі» з’явілася толькі ў траўні 2022 года. Як высветлілі расследавальнікі з дапамогай казахстанскага выдання «Власть», кампанія звязаная з ключавой уладальніцай «BMA Spedition» Вольгай Хетых, дачкою згаданага раней экс-дырэктара «БелМагістральАўтаТранс» і былога галоўнага бенефіцыяра «Inter-Trans» Яўгена Касцюка.

А Хетых – асноўная ўладальніца смаленскай кампаніі «Миртранс», яна заснавала ў Казахстане даччынае прадпрыемства «КБР-Транс», якім у сваю чаргу кіруе сузаснавальнік «КБР-Тэхналогіяў» Жанат Ібраеў.

Агляд
Дыягназ беларускай эканомікі: як рэжым навучыўся існаваць ва ўмовах санкцыяў
2023.12.03 07:20

Беларусы адмаўляюць датычнасць да абыходу санкцыяў

Уладальніца «Тэфіды» Марына Космач пагадзілася сустрэцца з расследавальнікамі і заявіла, што яна застаецца толькі намінальнай уладальніцай кампаніі. Бізнесам кіруе яе брат, таму яна не была ў курсе дзейнасці кампаніі. Жанчына пасля пратэстаў 2020 года пакінула Беларусь і атрымала статус уцекача ў Літве.

Ейны брат Аляксандр Шыбко ў размове з расследавальнікамі спачатку адмаўляў, што «Тэфіда» займалася пастаўкамі санкцыйнага абсталявання ў Расею, але пасля паведаміў, што кампанія мела справу з абсталяваннем: «Мы проста былі складам часовага захоўвання. Мы нічога не пастаўлялі».

Але расследавальнікі здабылі дакументы, якія сведчаць, што «КБР-Тэхналогіі» ўпаўнаважвалі «Тэфіду» не толькі на захоўванне грузу ў Беларусі, але і на яго дастаўку ў Расею, за што кампанія атрымала больш за 82 тысячы еўра.

Іншыя людзі, згаданыя ў расследаванні, не адказалі на запыты ці адмовіліся ад каментароў. Дзве заходнія кампаніі, чэшская PBT і нямецкая ERSA, адмаўлялі пастаўкі іхнага абсталявання ў Расею ў абыход санкцыяў.

Hавiны
Ужо пагражалі ГУБАЗіКам: з’явілася новае беларускае расследавальніцкае выданне «Бюро»
2023.12.08 13:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў