Украіна ўвяла санкцыі супраць Галіны Лукашэнкі, фізічных і юрыдычных асобаў Беларусі


Урад Украіны ўхваліў новы пакет санкцый, які закране і Беларусь. Адпаведны ўказ падпісаў украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. Абмежаванні распаўсюджваюцца на 4000 фізічных асоб і арганізацый з Беларусі і Расеі. У спіс уключаны больш за 60 беларусаў, у тым ліку афіцыйная жонка Аляксандра Лукашэнкі Галіна, аднак не ён сам, а таксама палітыкі, бізнесмены, сілавікі і чыноўнікі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: iz.ru

З фізічных асобаў пад санкцыі таксама трапілі прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант, генпракурор Андрэй Швед, кіраўнік Следчага камітэту Дзмітрый Гара, кіраўніца Савету Рэспублікі Наталля Качанава, кіраўнік КДБ Іван Церцель, кіраўнік МУС Іван Кубракоў, міністр абароны Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч, кіраўнікі Берасцейскага і Гомельскага аблвыканкамаў, бізнесмены Аляксей Алексін, Мікалай Варабей, Аляксандр Шакуцін і іншыя.

У санкцыйны спіс трапілі наступныя беларускія прадпрыемствы і арганізацыі: завод «Нафтан», «Горадня Азот», «Белмытсэрвіс», «Беларуснафта», «Белшына», «Белнафтахім», 558-ы авіяцыйны рамонтны завод; завод мікраэлектронікі «Інтэграл», «Амкадор», Дзяржаўны вайскова-прамысловы камітэт, Менскі трактарны завод, «Агат-сістэм», Міністэрства абароны, УУС Гомельскага аблвыканкаму, Нацыянальная дзяржтэлерадыёкампанія, Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, МЗКЦ, «Сінезіс» і іншыя. Таксама пад санкцыі трапілі банкі: «Белінвестбанк», «Дабрабыт», «Банк развіцця», «Белаграпрамбанк», «Беларусбанк».

Дадзеныя санкцыі ўводзяцца на 10 гадоў. Яны прадугледжваюць забарону на транзіт, палёты і перавозкі ва Украіне, блакіроўку актываў, забарону на вывад капіталу з Украіны і прыпыненне выканання абавязкаў перад імі. Санкцыі забараняюць весці гандлёвыя аперацыі, удзельнічаць у прыватызацыі і арэндзе, купляць зямельныя ўчасткі і ўводзяць іншыя абмежаванні.

Hавiны
На саміце ЕЗ абмяркуюць увядзенне супраць Беларусі новых санкцыяў
2022.10.17 12:54

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў