Былога трэнера Крысціны Ціманоўскай адхілілі на 5 гадоў ад спорту – за парушэнне яе правоў


Дысцыплінарны трыбунал адхіліў беларускага трэнера Юрыя Маісевіча ад спорту на 5 гадоў за парушэнне правоў беларускай лёгкаатлеткі Крысціны Ціманоўскай на Алімпіядзе-2020 у Токіа. Трыбунал вызначыў, што Маісевіч парушыў стандарты паводзін, устаноўленыя Кодэксам этыкі, паведаміла Народнае антыкрызіснае ўпраўленне.

Юрый Маісевіч.
Фота: Нацыянальны Алімпійскі каміэт

Гаворка ідзе пра былога трэнера лёгкаатлеткі Крысціны Ціманоўскай, якую члены беларускай дэлегацыі змушалі пакінуць Алімпійскія Гульні ў Токіа. Справа аб парушэнні этыкі была перададзена ў AIU Міжнародным алімпійскім камітэтам (МАК) і Міжнароднай асацыяцыяй лёгкаатлетычных федэрацый (World Athletics) 30 верасня 2021 года. У студзені 2023 года Маісевічу было выстаўлена абвінавачванне ў парушэнні Кодэксу этыкі World Athletics.

Дысцыплінарны трыбунал вызначыў, што Юрый Маісевіч парушыў стандарты паводзін, устаноўленыя Кодэксам этыкі, паколькі яго дзеянні былі прызнаныя «відавочнай абразай годнасці спартсмена і злоўжываннем […] уладай».

З 2021 года разгляд дысцыплінарнай справы па абароне правоў Крысціны Ціманоўскай і прыцягненні да адказнасці спартыўнага функцыянера суправаджалі юрысты Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Hавiны
МАК прымусіў пакінуць Алімпіяду трэнераў, якія спрабавалі вывезці Ціманоўскую з Токіа
2021.08.06 09:39

Крысціна Ціманоўская падчас Алімпійскіх гульняў у Токіа ў 2021 годзе раскрытыкавала кіраўніцтва беларускай каманды за тое, што яе разам з іншымі спартоўкамі хацелі паставіць бегчы эстафету на той дыстанцыі, якую яна ніколі не бегала. Пасля таго яе адхілілі ад спаборніцтваў і спрабавалі вывезці ў Беларусь, але яна адмовілася пакінуць Японію і папрасіла міжнароднай абароны. Пазней спартсменка пераехала ў Польшчу і атрымала грамадзянства гэтай краіны.

НАУ аказала садзейнічанне ў эвакуацыі Крысціны Ціманоўскай з Токіа, легалізацыі ў Польшчы і юрыдычным суправаджэнні ў міжнародных спартыўных інстанцыях.

«Напярэдадні Алімпійскіх гульняў 2024 у Парыжы хацеў бы яшчэ раз звярнуць увагу міжнароднай спартыўнай супольнасці на масавыя рэпрэсіі ў Беларусі: на тое, што сярод 1400 палітзняволеных у турмах рэжыму Лукашэнкі знаходзіцца каля 30 беларускіх спартсменаў і спартыўных спецыялістаў, якія пастаянна падвяргаюцца катаванням. У такіх умовах лічу недапушчальным удзел рэжымных спартсменаў у Алімпіядзе-2024», – адзначыў кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Артыкулы
«Загадалі выдаліць відэа, калі хачу застацца ў спорце». Бягуння Ціманоўская баіцца трапіць у турму
2021.08.01 19:57

Нагадаем, што Нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК) Беларусі ў канцы 2023 года паведаміў, што мае інфармацыю пра чатырох спартсменаў, якія прайшлі кваліфікацыю на Алімпіяду-2024 у Парыжы. Тады ж у абноўленым рэлізе Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) гаварылася аб пяці беларусах, якія атрымалі ліцэнзіі для ўдзелу ў спаборніцтвах.

У МАК заявілі, што расяяне і беларусы, якія прайшлі кваліфікацыю ў сваім відзе спорту на летнія Алімпійскія гульні 2024 года, змогуць узяць у іх удзел у якасці нейтральных спартсменаў.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў