Еўразвяз прыняў сектаральныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Яны ўступяць у сілу 25 чэрвеня


Адрасныя эканамічныя санкцыі ўхваліла Рада Еўразвязу 24 чэрвеня.

На сайце Рады паведамляюць, што новыя абмежавальныя меры ўводзяцца ў адказ на эскалацыю сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі ў дачыненні грамадзянскай супольнасці, дэмакратычнай апазіцыі ды журналістаў, а таксама прымусовую пасадку самалёта «Ryanair» у Менску 23 траўня 2021 года.

Дэталі прынятага рашэння апублікаваныя ў афіцыйным часопісе Еўразвязу.

Hавiны
Лукашэнка дапускае ўвядзенне ваеннага становішча ў адказ на санкцыі ЕЗ
2021.06.24 15:04

Сектаральныя санкцыі ўключаюць:

– забарону на прамы ці ўскосны продаж, пастаўку, перадачу ці экспарт у Беларусь абсталявання, тэхналогіяў ці праграмнага забеспячэння, прызначаных для перахопу інтэрнэту ды мабільнай сувязі і для выкарыстання ў ваенных мэтах;

– абмежаванне гандлю нафтапрадуктамі, хларыдам калію («поташ») і таварамі, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасці ці вырабу тытунёвых вырабаў;

– абмежаванне доступу да рынкаў капіталу ЕЗ. Гэта значыць, што забараняецца прадстаўляць крэдыты, а таксама прама ці ўскосна купляць, прадаваць, аказваць інвестыцыйныя паслугі ці спрыяць выпуску ці іншым чынам весці справы з каштоўнымі паперамі і інструментамі грашовага рынку з тэрмінам пагашэння больш за 90 дзён, якія былі выдадзены пасля 29 чэрвеня 2021 года, ураду Беларусі, дзяржаўным органам, карпарацыям і агенцтвам, буйным крэдытным і іншым арганізацыям, дзе доля дзяржуласнасці перавышае 50% на 1 чэрвеня 2021 года, а таксама юрыдычным асобам, чые маёмасныя правы наўпрост ці ўскосна належаць больш чым на 50% якой-небудзь юрыдычнай асобе з прыкладання да гэтага абмежавання. У прыкладанні ўказаныя беларускія дзяржбанкі: Беларусбанк, Белінвестбанк, Белаграпрамбанк.

Абмежаванне не распаўсюджваецца на пазыкі ці крэдыты, прызначаныя для падтрымкі грамадзянскага насельніцтва Беларусі, напрыклад, гуманітарнай дапамогі, экалагічных праектаў ці ядзернай бяспекі і ў некаторых іншых выпадках.

– забарону страхавання і перастрахавання беларускаму ўраду і беларускім дзяржаўным органам і агенцтвам;

– Еўрапейскі інвестыцыйны банк спыняе любыя выплаты ці плацяжы ў любых пагадненнях, праектах ці кантрактах у дзяржаўным сектары;

– дзяржавы – сябры ЕЗ таксама мусяць зрабіць захады для абмежавання ўдзелу ў Беларусі банкаў развіцця, чальцамі якіх яны ёсць.

Сектаральныя санкцыі ўступяць у сілу 25 чэрвеня. Прынятыя абмежаванні не датычаць выканання кантрактаў, падпісаных да 25 чэрвеня 2021 года.

Hавiны
Еўразвяз узгадніў сектаральныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
2021.06.23 15:25

На сёння, як адзначаць у прэс-рэлізе Рады ЕЗ, у дачыненні 166 фізічных і 15 юрыдычных асобаў Беларусі ўжываюцца абмежавальныя захады, якія ўключаюць замарожванне актываў і забарону на паездкі фізічных асобаў.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў