Што прадугледжваюць санкцыі ЕЗ супраць Расеі


Ваенная агрэсія Расеі супраць Украіны: ЕЗ уводзіць санкцыі супраць прэзідэнта Пуціна і міністра замежных справаў Лаўрова і прымае шырокі спектр індывідуальных і эканамічных санкцыяў.

Санкцыі супраць Расеі. Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: centralasia.media

Еўразвяз пастанавіў увесці санкцыі супраць прэзідэнта Расейскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна і міністра замежных справаў РФ Сяргея Лаўрова. Еўразвяз таксама ўзгадніў дадатковы пакет індывідуальных і эканамічных захадаў, якія ахопліваюць Беларусь, каб адказаць на несправакаваную і неапраўданую ваенную агрэсію Расейскай Федэрацыі супраць Украіны.

«Прэзідэнт Пуцін і ягоны ўрад пачалі вайну супраць незалежнай, суверэннай суседняй краіны. Паводзіны расейскага кіраўніцтва ствараюць вялікую пагрозу міжнароднаму міру і бяспецы. Сёння мы адказваем самымі жорсткімі абмежавальнымі захадамі. Еўрапейскі Звяз згодны ў сваёй рашучасці разам з міжнароднымі партнёрамі і саюзнікамі абараняць мірны парадак, міжнароднае права і сістэму, заснаваную на правілах», – заявіў Жузэп Бурэль, вярхоўны прадстаўнік у замежных справах і палітыцы бяспекі.

Хутка рэалізуючы высновы Еўрапейскай рады ад 24 лютага, сёння прынялі пакет санкцыяў.

Hавiны
Беларускія банкі ўводзяць ліміты па картках. Што і пра каго вядома
2022.02.25 19:03

Індывідуальныя санкцыі

Акрамя замарожвання актываў прэзідэнта і міністра замежных справаў Расеі, ЕЗ увядзе абмежавальныя захады ў дачыненні чальцоў Савету нацыянальнай бяспекі РФ, якія падтрымалі неадкладнае прызнанне Расеяй двух непадкантрольных ураду раёнаў Данецкай і Луганскай вобласцяў Украіны як самастойных суб’ектаў. Санкцыі таксама будуць распаўсюджвацца на астатніх дэпутатаў Дзяржаўнай думы Расеі, якія ратыфікавалі ўрадавае рашэнне Дамовы аб сяброўстве, супрацы і ўзаемнай дапамозе паміж Расейскай Федэрацыяй і двума суб’ектамі.

Акрамя таго, ЕЗ таксама будзе нацэлены на асобаў, якія спрыялі расейскай ваеннай агрэсіі з боку Беларусі.

Эканамічныя санкцыі

Прыняты сёння пакет яшчэ больш пашырае існыя фінансавыя абмежаванні, скарачаючы тым самым доступ Расеі да найбольш важных рынкаў капіталу. Ён таксама забараняе лістынг і аказанне паслуг у дачыненні акцыяў расейскіх дзяржаўных структураў на гандлёвых пляцоўках ЕЗ. Акрамя таго, ён уводзіць новыя захады, што істотна абмяжоўваюць фінансавыя прытокі з Расеі ў ЕЗ, забараняючы прымаць дэпазіты, якія перавышаюць пэўныя велічыні ад грамадзянаў або рэзідэнтаў Расеі, трымаць рахункі расейскіх кліентаў Цэнтральнымі дэпазітарыямі каштоўных папераў ЕЗ, а таксама продаж каштоўных папераў, намінаваных у еўрах, расейскім кліентам.

Гэтыя санкцыі будуць накіраваныя на 70 % расейскага банкаўскага рынку і вызначальныя дзяржаўныя кампаніі, у тым ліку ў галіне абароны. Яны павялічаць кошт расейскіх пазык, павысяць інфляцыю і паступова размыюць расейскую прамысловую базу. Дадаткова прымаюцца захады, каб багацці расейскай эліты не былі схаваныя ў бяспечных месцах у Еўропе.

Hавiны
Рэферэндум у Беларусі трэба толькі Пуціну
2022.02.25 16:00

Энергетычны сектар

ЕЗ забароніць продаж, пастаўку, перадачу або экспарт у Расею канкрэтных тавараў і тэхналогіяў у нафтаперапрацоўцы, а таксама ўвядзе абмежаванні на аказанне спадарожных паслуг.

Уводзячы такую ​​забарону на экспарт, ЕЗ мае намер ударыць па расейскім нафтавым сектары і зрабіць немагчымай для Расеі мадэрнізацыю нафтаперапрацоўчых заводаў.

У 2019 годзе экспартная выручка Расеі склала 24 мільярды еўраў.

Транспартны сектар

ЕЗ увёў забарону на вываз тавараў і тэхналогіяў у авіяцыйнай і касмічнай галіне, а таксама забарону на страхаванне і перастрахаванне ды тэхнічнае абслугоўванне гэтых тавараў і тэхналогіяў. ЕЗ таксама забароніць наданне адпаведнай тэхнічнай і фінансавай дапамогі.

Гэтая забарона на продаж усіх самалётаў, запчастак і абсталявання расейскім авіякампаніям пагоршыць адзін з ключавых сектараў эканомікі Расеі і сувязь краіны, бо 3/4 цяперашняга камерцыйнага авіяпарку Расеі пабудаваныя ў ЕЗ, ЗША і Канадзе.

Тэхналагічны сектар

ЕЗ увёў дадатковыя абмежаванні на экспарт тавараў і тэхналогіяў падвойнага прызначэння, а таксама абмежаванні на экспарт некаторых тавараў і тэхналогіяў, што могуць спрыяць тэхналагічнаму ўдасканаленню сектару абароны і бяспекі Расеі.

Гэта будзе ўлучаць такія прадукты, як паўправаднікі або перадавыя тэхналогіі.

Візавая палітыка

Дыпламаты, іншыя расейскія чыноўнікі і бізнесоўцы больш не змогуць карыстацца палажэннямі пра спрашчэнне візавага рэжыму, што дазваляюць атрымаць прывілеяваны доступ у ЕЗ. Гэта рашэнне не закране звычайных грамадзянаў Расеі. Рашэнне ўступіць у моц з дня прыняцця.

Еўразвяз рашуча асуджае беспрычынную і неапраўданую ваенную агрэсію Расейскай Федэрацыі супраць Украіны, а таксама ўдзел Беларусі ў гэтай агрэсіі.

Hавiны
Еўразвяз увёў санкцыі супраць беларускіх чыноўніках і вайскоўцаў
2022.02.26 08:57

АС belsat.eu

Стужка навінаў