Ціханоўская ў Давосе казала пра вайну, палітвязняў і санкцыі


Выбраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская другі раз узяла ўдзел у Давоскім эканамічным форуме. «Белсат» пераказвае, што яна і ейны дарадца казалі пра форум і пра Беларусь.

Ціханоўская ў Давосе
Святлана Ціханоўская (злева) на дыскусіі ў межах Сусветнага эканамічнага форуму. Давос, Швейцарыя. 16 студзеня 2024 года. Кард з відэа: Офіс Святланы Ціханоўскай

У швейцарскім Давосе на штогадовы Сусветны эканамічны форум сабраліся шэсць дзясяткаў кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў, агулам – звыш 2800 удзельнікаў, сярод якіх таксама лідары міжнародных арганізацыяў, навукоўцы, культурныя дзеячы. На форуме ладзяць як адкрытыя выступы, так і закрытыя перамовы.

Сёлета форум праходзіць з 15 да 19 студзеня. Вось што вядома на другі дзень.

Што Ціханоўская рабіла ў Давосе

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская бярэ ўдзел у форуме другі раз. Перад пачаткам форуму яна казала, што збіраецца разам з міжнароднымі партнёрамі «паглядзець, што ўдалося зрабіць за мінулы год з нашай сустрэчы», і што важна «трымаць Беларусь на парадку дня». Яна хацела знайсці новых саюзнікаў у свеце і дапамогу ў падрыхтоўцы рэформаў, вывучыць досвед краінаў, якія перайшлі ад дыктатуры да дэмакратыі. Акрамя таго, Ціханоўская абяцала прасоўваць ідэю міжнароднага фонду дапамогі рэпрэсаваным у Беларусі і былым палітвязням, шукаць падтрымання для беларускіх актывістаў, медыяў і бізнесоўцаў.

Дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка адзначыў, што Беларусь цяпер «губляецца» не толькі за вайной ва Украіне, але і за вайной у сектары Газа і пагрозай вайны на Тайвані. Але дэмакратычныя сілы нагадваюць, што «Беларусь – таксама частка раўнання», што падзеі ва Украіне і ў Беларусі звязаныя, што калі цяпер не спыніць Аляксандра Лукашэнку і Уладзіміра Пуціна, то гэтая вайна потым прыйдзе ў іншыя краіны». Форум у Давосе дае магчымасць сустрэцца з тымі палітыкамі, з якімі звычайна цяжка сустрэцца, – форум наведваюць лідары краінаў Азіі і Афрыкі, для якіх, паводле Вячоркі, «Беларусь гэта нешта далёкае і незразумелае».

Ціханоўская сярод іншага выступала на адной дыскусіі («сайд-івэнце») з прэзідэнтамі Польшчы і Вугоршчыны, прэм’ер-міністрам Харватыі і міністрам замежных справаў Украіны, казала пра бяспеку ў рэгіёне і ролю Беларусі – хацела давесці, што Беларусь трэба «выцягнуць з вайны». Яшчэ адзін выступ Ціханоўскай быў на дыскусіі пра свабоду медыяў з удзелам рэдактараў выданняў свету. Асобная дыскусія была пра Беларусь з удзелам беларускіх эканамістаў – пра будучыню Беларусі пасля Лукашэнкі, пра неабходныя рэформы.

Hавiны
«Мегавыбарчы год 2024». Святлана Ціханоўская выступіла на сайд-івэнце Сусветнага эканамічнага форуму
2024.01.16 14:41

Таксама яна  бачылася з прадстаўнікамі іншых дзяржаваў, кіраўнікамі міжнародных арганізацыяў і карпарацыяў – паводле Ціханоўскай, «з людзьмі, якія вызначаюць парадак дня планеты».

Ціханоўскую, са словаў Вячоркі, запрасілі на сустрэчу з прэзідэнтам Фландрыі (аднаго з трох рэгіёнаў Бельгіі, а Бельгія цяпер старшынюе ў Еўразвязе) і дамовіліся на выступ Ціханоўскай на саміце міністраў культуры Еўразвязу; запрасілі на сустрэчу з міжнароднай габрэйскай супольнасцю (візіт у Ізраіль планаваўся, але быў адкладзены праз вайну ў Газе), на прыём Генеральнага сакратара Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, на ўрадавы прыём да ўраду Катару, на нефармальныя сустрэчы з краінамі Афрыкі. Таксама Ціханоўская сустрэлася з Ўільямам Браўдэрам – брытанскім інвестарам, дырэктарам «Hermitage Capital Management» і ініцыятарам амерыканскага «акту Магніцкага».

Шмат сустрэчаў, заўважыў Вячорка, адбываюцца непублічна, кулуарна. На форуме, дадаў ён, можна проста ісці і сустрэць прэзідэнта ці прэм’ера іншай краіны, падзяліцца нейкімі дакументамі ці дамовіцца на будучую сустрэчу.

Ціханоўская пабачылася з Зяленскім, але чакае паўнавартаснай сустрэчы

Сярод іншага Ціханоўская ў інтэрв’ю «Reuters» згадала, што раней сустрэлася з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Сустрэча была неафіцыйная і кароткая, але, паводле Ціханоўскай, «было добра паглядзець у вочы адно аднаму».

Удакладненне. У пачатковай версіі артыкулу гаварылася, што Ціханоўская і Зяленскі бачыліся таксама на сёлетнім форуме ў Давосе. Як удакладніў Офіс Ціханоўскай, гаворка была толькі пра ранейшую сустрэчу – у Аахэне ў траўні 2023 года.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі стаіць побач з заснавальнікам і заснавальнікам Сусветнага эканамічнага форуму Кляўсам Швабам перад прадстаўнікамі СМІ падчас 54-га штогадовага пасяджэння WEF у Давосе, Швейцарыя. 16 студзеня 2024 года.
Фота: Laurent Gillieron / Keystone / AP / East News

Да афіцыйнай камунікацыі з беларускімі дэмакратычнымі сіламі ва Украіне ставяцца «хутчэй асцярожна», адзначыла Ціханоўская. З аднаго боку, яна называе гэта зразумелым: можа, у кіраўніцтве Украіны не хочуць «раздражняць дыктатарскі рэжым», каб той не ўвёў беларускае войска ва Украіну. З другога боку, Ціханоўская чакае, калі кіраўніцтва Украіны будзе гатовае да сустрэчы.

Яна выказала ўпэўненасць у тым, што ўкраінская нацыя ніколі не прабачыць Лукашэнку, і паабяцала, што будзе падтрымліваць Украіну і ўкраінцаў незалежна ад наяўнасці ці адсутнасці палітычных сустрэчаў. Але яна ўжо пабачыла знакі таго, што Украіна гатовая камунікаваць на ўзроўні дарадцаў у замежных справах.

Ціханоўская заклікае палепшыць санкцыі

У гэтым інтэрв’ю Ціханоўская таксама расказала пра «дзіры» ў санкцыях: калі адносна Расеі больш санкцыяў наклалі на імпарт, то адносна Беларусі – на экспарт. Але тавары з Беларусі навучыліся экспартаваць пад маркамі іншых краінаў, таксама як падсанкцыйныя тавары ў Расею навучыліся пастаўляць праз трэція краіны. Ціханоўская заклікала «выраўняць» санкцыі адносна Беларусі і Расеі, каб перашкодзіць гэтаму.

«Дыктатары, ведаеце, чыняць злачынства за злачынствам, яны пераходзяць усе магчымыя чырвоныя лініі, – адзначыла Ціханоўская ў інтэрв’ю «Reuters». – І калі яны не бачаць належнага адказу на свае напады або на свае злачынствы, яны ўспрымаюць гэта як слабасць, і гэта робіць іх смялейшымі. Але дэмакратыя павінна паказаць, што мае зубы».

Яна выказала ўпэўненасць у тым, што ў дэмакратычнага свету ёсць інструменты, каб супрацьстаяць дыктатарскім рэжымам.

Беларусь цяпер «не ў фокусе»

Пра гэта Ціханоўская казала ў інтэрв’ю «Associated Press»: Беларусь не ў цэнтры міжнароднай увагі, таму даводзіцца «грукаць у шмат дзвярэй», цяжка даносіць свой парадак дня.

«Беларусь цяпер як суцэльная турма, – так Ціханоўская апісала сітуацыю ў інтэрв’ю AP. – І рэжым цяпер прадае нашую незалежнасць і суверэнітэт Расеі, і нашая першачарговая задача – выратаваць нашую нацыю, выратаваць наш суверэнітэт».

Беларусы, запэўніла яна, выбралі праеўрапейскі шлях развіцця.

Агляд
У Давосе збіраецца сусветная эліта. На якія глабальныя пытанні будуць шукаць адказы?
2024.01.15 20:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў