Злучаныя Штаты пашырылі свае санкцыі яшчэ на 12 арганізацыяў і 20 фізічных асобаў, датычных да рэжыму Лукашэнкі.
Санкцыі сталі адказам афіцыйнаму Менску на міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краінаў ЕЗ, а таксама на працяг палітыкі рэпрэсіяў унутры Беларусі. Санкцыйны спіс апублікаваны на сайце Міністэрства фінансаў ЗША.
У спіс фізічных асобаў патрапілі, сярод іншых, сын Лукашэнкі Дзмітрый, Міхаіл Бедункевіч ды Андрэй Паршын з ГУБАЗіКу, набліжаны да Лукашэнкі спартовец Дзмітрый Баскаў.
У спісе арганізацыяў ёсць «Белтэхэкспарт», «Слаўкалій», «Пеленг», «Прэзідэнцкі спартовы клуб», «Цэнтркурорт» ды іншыя.
Цалкам пералік можна пабачыць тут.
Учора ў эфіры «Белсату» амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр так анансавала гэты пакет санкцыяў:
«Гэта велізарная каардынацыя паміж намі, Еўрапейскім Звязам, Аб’яднаным Каралеўствам, Канадаю. Вы ўбачыце намаганне ўсіх нас, якое мае на мэце зрабіць яшчэ адно пасланне рэжыму ў Менску.
Гэты пакет закліканы абмежаваць тыя суб’екты, якія прыносяць карысць рэжыму, чые прыбыткі ды выручка фінансуюць рэпрэсіі. Ён закліканы рэагаваць на канкрэтныя элементы транснацыянальных рэпрэсіяў, якія, як мы бачым, зыходзяць з Беларусі».
Пра санкцыі ў дачыненні рэжыму Лукашэнкі абвесцілі таксама Вялікая Брытанія і Канада.
У брытанскім санкцыйным спісе апынуўся «Беларуськалій». Таксама там ёсць прапагандысты Рыгор Азаронак, Андрэй Мукавозчык, Людміла Гладкая і пракурорка Аліна Касьянчык.
МГМ belsat.eu