Дваццацігадовы Ілля (імя змененае на просьбу героя) браў актыўны ўдзел у першых днях супрацьстаяння ў Менску, аднак за краты трапіў у Гомлі. Ён распавёў «Белсату» пра вулічны супраціў, умовы ў гомельскім СІЗА і гвалце з боку міліцыянтаў.
Ілля браў вельмі актыўны ўдзел у самым першым дні пратэстаў. Хлопец адбіваў мірных грамадзянаў ад супрацоўнікаў АМАПу, прарываўся на стэлу «Менск – горад герой». Ён добра памятае момант, калі сілавікі пачалі выкарыстоўвацца святлошумавыя гранаты.
«Спачатку склалася ўражанне, што яны страшней гучаць і выглядаюць здалёк, чым калі бяжыш праз іх з закрытымі вушамі», – згадвае ён.
Кажа, што адчуў роспач, калі пабачыў машыны з высокімі рашоткамі і вадамёты.
«Адзінае, што нам заставалася рабіць – крычаць лозунгі. Але словы не ўратуюць ад гвалту», – дзеліцца ўражаннямі хлопец.
У тую ноч, з 9-га на 10-ае жніўня, ён спазнаў сапраўдны жах.
«Я бегаў па дварах зусім адзін, вакол не было анікога, у вокнах нават не было святла, а каля вуліцаў стаялі калонны тэхнікі. Я бачыў, як АМАП забягаў у ва двары, як хапалі людзей, якія стаялі на вуліцы і каля пад’ездаў. Мой прынцып у тыя гадзіны: «Рух – гэта жыццё».
У выніку ён сустрэў іншага хлопца, які быў на машыне. Магчыма, гэта ўратавала яго ад затрымання. Пратэсты 10-га жніўня наш герой апісвае як «святочныя».
«Спявалі песні, мы чулі лозунгі. Я адпачываў і чакаў: адкуль жа могуць зараз прыйсці сілавікі?».
З’явіліся амапаўцы нечакана, разам са святлошумавымі гранатамі.
«Яны адарвалі на маіх вачах чалавеку стапу. Тры мужыкі пацягнулі яго да прыпынку, дзе паклалі на лаўку і выклікалі хуткую. Я быў вельмі ўсцешаны, калі даведаўся, што ён выжыў».
АМАП не падпускаў пратэстоўцаў да сябе бліжэй, чым на 50 метраў – усе пастаянна адступалі.
«Мне падавалася, што мы прайгралі, потым яшчэ і пра загінулага стала вядома…», — кажа хлопец.
Ілля вырашыў вярнуцца ў свой родны Гомель. Яму падавалася, што там пратэсты яшчэ не загаслі. Адразу ж у аўторак 11 жніўня ён браў удзел у мясцовых акцыях. Кажа, што хадзіў па вул. Савецкай з бел-чырвона-белай стужкаю. Там яго заўважылі міліцыянты.
Хлопца затрымалі недалёка ад цэнтральнай плошчы гораду. У аўтазаку былі выпадковыя людзі. Пры затрыманні не білі. Адвезлі ў Навабеліцкі РАУС, пры аглядзе знайшлі пярцовы балон.
«Праз гэта мяне адвялі на асаблівы паверх. Адбілі сцёгны, зневажалі: і словамі, і акуналі галавою ва ўнітаз. Калі я адмовіўся ад допыту, білі па целе і галаве».
Навабеліцкі суд 11 жніўня прысудзіў хлопцу 10 дзён адміністрацыйнага арышту. Гэты тэрмін ён адседжваў у Гомельскім СІЗА. Умовы там былі куды лепей за менскі ЦІП.
«У маёй камеры было 22 чалавекі, не было такога дэфіцыту месцаў як у Менску. Большая частка былі арыштаваныя за ўдзел у акцыях. Прычым яны мэтанакіравана ішлі на пратэсты. Але хапала і выпадковых людзей».
Ніхто не скардзіўся на збіванні пасля РАУСаў. Сукамернікаў Ілля апісвае як «максімальна прыемных людзей». Яны аб’ядноўвалі перадачы. Атрымалася, што папяросаў, каўбасы, печыва і іншых салодасцяў хапіла б на 2 адсідкі па 15 дзён. Арыштанты ляпілі фігуркі для шахмат і нардаў з хлебу.
Калі ў Менску людзям не давалі спаць, то ў Гомлі дазвалялі нават паляжаць у ложку паболей.
«Адбой у беларускіх турмах звычайна ад 22 да 6. Часта пасля 6 гадзіны спаць не дазваляюць, аднак у нас такое не практыкавалася».
Затое штодзень вадзілі групамі па 10 чалавек падпісваць раскаянне. Ілля гэтую паперу падпісаць адмовіўся.
Вызвалілі Іллю ў суботу 15-га жніўня. А ўжо 16-га чысла пайшоў на чарговую акцыю пратэсту. Падаў апеляцыю на рашэнне суда і напісаў заяву ў Следчы камітэт для пачатку крымінальнай справы супраць міліцыянтаў. Хлопец кажа, што добра сябе пачувае. Асаблівых траўмаў у яго затрыманне не пакінула.
«Адзіны момант, калі мне было блага – калі на TUT.by з’явіліся спісы зніклых без звестак. Тады былі нават праблемы са сном. Але ўжо праз пару дзён усё прайшло».
Нягледзячы на затрыманне Ілля будзе працягваць змагацца і надалей.
«Але ці будуць далей пратэставыя настроі?», – сумняецца хлопец.
***
У Беларусі ад 9 жніўня па ўсёй краіне цягнуцца пратэсты супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў-2020. Паводле звестак ЦВК на іх ужо ў шосты раз перамог Аляксандр Лукашэнка, яго афіцыйны вынік – 80,10 %. Асноўная канкурэнтка – Святлана Ціханоўская – паводле ЦВК набрала 10,12 %.
Падчас пратэстаў былі затрыманыя каля 7 тысячаў чалавек. Шмат асобаў казала пра жорсткае абыходжанне падчас затрыманняў. Былі зафіксаваныя выпадкі выкарыстоўвання электрашокеру, затрыманых не кармілі і не давалі вады, некаторыя зазналі сэксуальны гвалт.
Ксенія Тарасевіч belsat.eu