Ініцыятыва «ByPol» апублікавала новае расследаванне абставінаў гібелі Рамана Бандарэнкі.
У сваім расследаванні «ByPol» выкарыстоўваў запісы тэлефонных перамоваў, якія атрымалі «Кіберпартызаны» ў выніку ўзлому базы МУС.
«ByPol» прыходзіць да высновы, што першы, хто выкарыстаў фізічны гвалт супраць Рамана Бандарэнкі на плошчы Пераменаў 11 лістапада 2020 года, быў Дзмітрый Шакута – неаднаразовы чэмпіён свету па тайскім боксе і кікбоксінгу, інструктар па спецпадрыхтоўцы Спецыяльнага атраду хуткага рэагавання (СОБР). Шакута ўваходзіў у групоўку прэс-сакратара Наталлі Эйсмант, яны неаднаразова рабілі рэйды ў пратэставыя двары, каб зразаць бел-чырвона-белыя стужкі і замалёўваць апазіцыйныя графіці. Дзеялі яны пад прыкрыццём байцоў СОБРу і АМАПу.
Другі падазраваны ва ўжыванні гвалту ў дачыненні Бандарэнкі – Яўген Ціманоўскі, старэйшы прапаршчык СОБРу. Ён перад пагрузкаю Рамана ў службовы мікрааўтобус наўмысна ўдарыў яго галавой аб зямлю. Паводле расследавання «ByPol», акрамя Ціманоўскага, у групу Спецыяльнага атраду хуткага рэагавання ўваходзілі таксама капітан Сарман, старэйшы прапаршчык Анцюфееў, прапаршчык Буйкевіч, прапаршчык Савенка. У мікрааўтобусе СОБРу Бандарэнка быў каля 20 хвілінаў: невядома, што рабілі з затрыманым увесь гэты час. Потым Рамана перадалі ў цяжкім стане амапаўцам, якія даставілі яго ў Цэнтральны РУУС. Адтуль яго забрала хуткая дапамога.
Нагадаем, што 31-гадовы Раман Бандарэнка памёр 12 лістапада 2020 года ў рэанімацыі шпіталю хуткай дапамогі ў Менску.
II belsat.eu