На Менскім трактарным заводзе (МТЗ) уводзяць новае палажэнне, якое мае заахвоціць працаўнікоў прывадзіць працаваць на прадпрыемства новых работнікаў. Кіраўніцтва МТЗ будзе плаціць за кожнага рэкрутаванага супрацоўніка 500 рублёў, паведаміў афіцыйны тэлеграм-канал прадпрыемства.
Правіла пачынае дзеяць з 1 снежня 2023 года. На МТЗ патрабуюцца кіроўцы-выпрабавальнікі, зубарэзчыкі, кавалі-штампоўнікі, наладчыкі аўтаматычных лініяў і агрэгатных станкоў, кавальска-прэсавага абсталявання, станкоў з праграмным кіраваннем, а таксама – аператары розных профіляў, слесары, токары, фрэзероўшчыкі, шліфоўнікі ды іншыя спецыялісты.
Галоўная ўмова – каб разрад прыцягнутых на працу быў не ніжэйшы за трэці. Грошы «рэкруцёрам» будуць выплачваць толькі ў выпадку, калі новы работнік адпрацуе на заводзе тры месяцы без аніякіх парушэнняў.
Як заўважае выданне «Аўтабізнес», такі механізм рашэння кадравай праблемы і да гэтага дзеяў на некаторых беларускіх прадпрыемствах. Прыкладам, на Менскім маторным заводзе за кожнага прыцягнутага спецыяліста даюць 600 рублёў: 250 рублёў – адразу, 350 – праз паўгода).
Практыкуецца такое і на Менскім заводзе колавых цягачоў, дзе таксама выплачваюць 500 рублёў за прыведзенага работніка (адразу – 200 рублёў, праз тры месяцы – 300).
Зміцер Міраш belsat.eu