Кіраўнік Менскага аблвыканкаму Аляксандр Турчын заклікаў «трымацца за кадры», бо «без людзей немагчымы эканамічны рост». Ён заявіў пра гэта на нарадзе, прысвечанай рынку працы ў сталічным рэгіёне, перадае БелТА. Паводле звестак Белстату, з пачатку года краіна страціла 35 тысячаў работнікаў.
У Менскім абласным выканкаме адбылася нарада, прысвечаная рынку працы. Чыноўнікі распавялі, што на 1 лістапада ў сталічным рэгіёне было больш за 19 тысячаў вакансіяў, а беспрацоўных на ўліку – толькі 363.
«Сітуацыя з кадрамі – гэта вельмі сур’ёзная тэма. Без людзей немагчымы эканамічны рост. Узровень заробкаў мусіць быць годны, калі мы не можам даць добрых умоваў працы і заробкаў, то гэтае пытанне трэба развязваць», – заявіў старшыня Менскага аблвыканкаму Аляксандр Турчын.
Паводле паведамлення БелТА, чыноўнік таксама заклікаў «трымацца за нашыя кадры і ў кожным выпадку разумець, чаму чалавек хоча сысці».
Белстат раней падлічыў, што ў верасні сёлета ў эканоміцы Беларусі былі занятыя 4 137 900 чалавек. Гэта на 35 тысячаў меней, чымся ў пачатку года, і на 192 тысячы меней, чымся было ў студзені 2020-га. Лік страчаных за няпоўныя тры гады працаўнікоў параўнальны з колькасцю жыхароў Бабруйску.
Занятымі ў эканоміцы лічаць усіх, хто займаецца працоўнаю дзейнасцю, звязанаю з вытворчасцю тавараў ці надаваннем паслугаў за ўзнагароджанне ці за аплату ў натуральным выражэнні, або проста дзеля атрымання прыбытку. Чаму колькасць такіх асобаў пастаянна скарачаецца, Белстат не тлумачыць.
Пры гэтым, нягледзячы на нястачу работнікаў, у Беларусі працягваюцца звальненні з палітычных прычынаў.
СК belsat.eu