Валанцёры ладзілі дзяжурства пад сценамі ізалятару на вуліцы Акрэсціна з лета 2020 года. Праз новую хвалю рэпрэсіяў яны былі вымушаныя прыпыніць сваю працу.
«Думаем, вы і так бачылі апошнія навіны. У сувязі з гэтым на Акрэсціна заўтра валанцёраў не будзе. Калі ласка, паклапаціцеся аб перадачах загадзя самастойна», – паведаміў учора ўвечары валанцёрскі тэлеграм-канал «Спісы затрыманых».
Валанцёры нагадваюць, што перадачы на Акрэсціна прымаюць па чацвяргах з 10:00 да 17:00. Выключэнне складаюць лекавыя прэпараты, неабходныя затрыманаму, якія прымаюцца штодня.
Усю неабходную інфармацыю пра перадачы можна знайсці тут. На гэтым сайце таксама можна спампаваць заяву на перадачу – валанцёры раяць рыхтаваць яе загадзя.
Валанцёры ладзілі дзяжурства на Акрэсціна з лета 2020 года. Яны дапамагалі сваякам зняволеных рыхтаваць перадачы, кансультавалі іх, вялі спісы затрыманых, а таксама сустракалі вызваленых, забяспечвалі іх вадой і ежай, калі ў гэтым была патрэба.
ІІ belsat.eu