Калі вы набывалі якаснае дзіцячае адзенне за прымальны кошт, то не маглі не заўважыць закрыцця пунктаў некалі папулярнай сеткі крамаў «Буслік». Сапраўды, іх колькасць на працягу некалькіх месяцаў працягвае скарачацца. І праблемы апошнім часам з’явіліся не толькі ў іх. Разбіраемся, што адбываецца з папулярнымі крамамі ў Беларусі і што сёння прапануюць набываць беларусам.
За крок да банкруцтва
На пачатку завіталі ў краму. «Буслік» спецыялізуецца на продажы адзення для дзяцей ад нараджэння да 12 гадоў, тавараў для догляду, дзіцячага харчавання, тавараў для школы і творчасці, цацак і гульняў.
Што адразу кідаецца ў вочы – пустэча. Там, дзе раней вісела каляровая вопратка, цяпер – пустыя вешалкі і стэлажы. Засталося яшчэ крыху адзення для зусім малых дзяцей на ўзрост 1–3 гады. На паліцах знаходзім некалькі хлапчуковых куртачак і джэмпераў. Для дзяўчатак выбару няма наагул.
Пакупнікоў зусім няшмат. Вось жанчына гадоў 35 ідзе каля пустых стэлажоў і трымае ў руцэ некалькі вешалак з адзеннем – пэўна, збірае рэшткі. Каля сцяны стаіць запоўненая адзеннем і заклееная вялікая скрыня, на якой напісана «Зімовыя курткі». Побач праходзіць крыху разгублены мужчына з дзяўчынкаю гадоў 12.
У аддзеле цацак карціна больш вясёлая. Ёсць і пазлы, і канструктары, і розныя лялькі. З дзіцячым харчаваннем на першы погляд таксама някепска, але, мяркуючы з даты вырабу, гэта яшчэ старыя партыі.
Трапіўшы сюды, ствараецца ўражанне, што крама зачыняецца і проста распрадае рэшткі тавару. Прадаўніца за касай адказвае на гэта ўнікліва: пакуль працуем. Разам з тым з 17 студзеня кампанія прыпыніла сваю бонусную праграму.
Што здарылася
Праблемы ў «Бусліка» пачаліся ў кастрычніку 2023 года. Польская кампанія «CDRL» (брэнд «Coccodrillo»), якая яшчэ ў 2018-мг набыла беларускую кампанію «ДПМ», уладальніка «Бусліка», паведаміла пра фінансавыя праблемы сваёй беларускай дачкі. Паводле польскай кампаніі, «ДПМ» павінна была за 10 дзён пагасіць валютны крэдыт беларускага «Альфа Банку» памерам каля $ 3,95 млн, займеўшы права скіраваць спагнанне на маёмасць беларускай юрыдычнай асобы.
Падставаю для неадкладнага пагашэння крэдыту сталася нібыта тое, што банк угледзеў прыкметы неплацежаздольнасці ў дзейнасці «Бусліка», а таксама змяншэнне кошту закладу кампаніі ў звязку з недастатковаю колькасцю тавараў у абароце, якія забяспечваюць крэдыт.
Самастойна пагасіць такую суму на працягу 10 дзён уладальнік «Бусліка» не здолеў, як і своечасова разлічыцца з польскаю мацярынскаю структураю за пастаўленыя тавары. Каб справіцца з цяжкаю сітуацыяй, кіраўніцтва «ДПМ» скіравала ў Менскі гарвыканкам заяву пра перадухіленне эканамічнай неплацежаздольнасці і банкруцтва. Для нармалізацыі фінансавага стану прапаноўвалася ўвесці арэндныя вакацыі, перагледзець умовы крэдытнай лініі ды павялічыць гандлёвую нацэнку.
Рэтэйлер «CDRL» у сваю чаргу пастанавіў спісаць кошт акцыяў «ДПМ» на Br 41,3 млн і пратэрмінаваную дэбіторскую запазычанасць сеткі памерам 1,7 млн злотых (больш за $ 400 тысячаў). Пасля гэтага польскі інвестар аб’явіў аб прыпыненні далейшых паставак тавараў у Беларусь. Гэта адразу ж заўважылі беларускія пакупнікі. У заяве кампаніі таксама адзначаецца «бягучая палітычная сітуацыя ў Беларусі, якая праяўляецца ў значным уплыве ўладаў на фармаванне гандлёвых стасункаў і эканамічным становішчы даччынага таварыства». Пазней кампанія «CDRL» прызнала страту кантролю над «ДПМ».
Нацыяналізацыя па-беларуску?
22 студзеня з’явілася інфармацыя, што сетку супермаркетаў «Буслік» плануюць трансфармаваць. Брэнд захаваюць, а ў крамах будуць прадаваць беларускія тавары і адзенне для дзяцей. Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў заявіў, што цяпер работа ў гэтым кірунку ідзе з беларускім уласнікам сеткі.
Праблемы не толькі ў «Бусліка»
У прыкладна гэты ж час – восень 2023 года – праблемы ўзніклі яшчэ ў адной буйной гандлёвай сетцы «Востраў чысціні». Міністэрства антыманапольнага рэгулявання аштрафавала сетку за павышаныя цэны. Сума штрафу была параўнальна невялікая – Br 16 тысячаў, кампанія пагасіла яго адразу. Прычынаю сталіся нібыта звароты неабыякавых грамадзянаў, якія ўгледзелі ў крамах сеткі высокія цэны на дзіцячыя харчы і крупы. У верасні з’явілася інфармацыя, што ў офісе сеткі прайшлі ператрусы.
Кампанія «Ромакс», якая кіруе «Востравам чысціні і смаку» ды «Востравам здароўя», сутыкнулася з фінансавымі цяжкасцямі. У гандлёвых пунктах заўважна паменела тавараў: знікалі то алкаголь, то побытавая хімія. А некаторыя крамы наагул пазачыняліся.
У пачатку 2024 года дастаўцы закідалі сетку судовымі пазовамі. Частку даўгоў уладальнікі здолелі пагасіць. І хоць з уладальнікаў дыскаўнтараў працягваюць выбіваць пазыкі праз суд, кампанія заявіла, што аднаўляе дастаўку тавараў у Менску і некаторых сумежных мясцовасцях.
«Востраў чысціні» – адзін з двух найбуйнейшых гандляроў побытавай хіміяй у Беларусі. У сегменце гандлю хіміяй ён саступае толькі «Міле». З часам уладальнікі пашырылі прапанову тавараў і сталі «Востравам чысціні і смаку», а таксама запусцілі сетку са 100 аптэк «Востраў здароўя».
Асноўныя ўладальнікі кампаніі «Ромакс» – сям’я Віктара Рамука. У Беларусі «Ромакс» працуе з 1998 года, але сетка ўласных крамаў «Востраў чысціні» пачала развівацца ў 2010-м. Віктара Рамука разам з жонкай арыштоўвалі ўвосень 2022-га. Некаторы час Віктар Рамук правёў у СІЗА і выйшаў, пагадзіўшыся выплаціць налічаныя штрафы. Ходзяць чуткі, што багаты выкуп за гаспадара моцна адбіўся на фінансавым стане кампаніі.
Рынак рэтэйлу працягвае ліхаманіць
Днямі стала вядома, што ў Беларусі закрыецца частка крамаў «Алмі». Знаная гандлёвая сетка ў Беларусі трансфармуе свой бізнес, бо «расейскі ўласнік мяняе стратэгію». Частку крамаў мае намер захаваць. Там, дзе сітуацыя горшая, гандлёвыя пляцоўкі будуць здаваць у арэнду. У МАРГ прызнаюць: прычына – у коштавым рэгуляванні, які моцна адбіўся на гандлі.
Першую краму «Алмі» адкрыў у 2005 годзе нарадзінец Пінску Аляксандр Зарыбка. Спачатку гандлёвыя аб’екты пад гэтаю назваю працавалі ў Беларусі і ў Расеі. У 2016-м Зарыбка прадаў усе крамы ў РФ. На сёння «Алмі» – гэта каля 40 гандлёвых абʼектаў па ўсёй краіне. На сайце кампаніі паведамляецца, што крамы ёсць ува ўсіх рэгіёнах Беларусі, а «ў чатырох з шасці вобласцяў назіраецца высокая лаяльнасць да брэнду».
Расея і Кітай наступаюць
Ізноў ідзём у крамы, гэтым разам паглядзець, што прапануюць набываць беларусам. У крамах з дзіцячым адзеннем знаходзім шмат тавараў з Расеі і Кітаю. Вельмі танныя майкі з Бангладэшу ці дзіцячыя курткі расейскай вытворчасці ад 45 рублёў. Дзіцячая касметыка, крэмы, шампуні, зубныя шчоткі і пасты, харчы – таксама расейскія. Ёсць і беларускае, але нават паводле раскладкі ў гандлёвых шэрагах беларускага вытворцу трэба яшчэ пашукаць. У краме з таварамі для немаўлятаў практычна ўсё – з Кыргызстану і Расеі. Турэцкае, бадай, можна знайсці хіба што на рынках. Пра якасць можна спрачацца, але не мае сэнсу – у беларусаў цяпер асабліва няма выбару.
У аддзеле побытавай хіміі гэтак сама – запар і побач расейскае. Бачым тут тую ж фішку з раскладкаю: тавары беларускай вытворчасці ад «Вітэксу», «Беліты» і «Модуму» – у самым нізе. Расейскае – на ўзроўні вачэй. На чатырох паліцах знаходзім расейскую туалетную паперу, і толькі ў самым нізе – беларускую. Цікава, але і ў прадуктовых крамах тавары расейскай вытворчасці, так выглядае, у прыярытэце паводле раскладкі. Не кажучы пра тое, што менавіта расейскія прадукты часцей за ўсё можна набыць на акцыях і зніжках.
Гэтак, сёння беларускія крамы ўсё больш нагадваюць расейскія ці кітайскія. Замежных інвестараў выціскаюць, як у гісторыі з «Буслікам». Але ці зоймуць іх месца беларускія вытворцы?
Саша Гоман belsat.eu