Аб’яднанне беларускіх прадпрымальнікаў «Перспектыва» скіравала зварот да кіраўніка дзяржавы пра няроўныя ўмовы ўсталявання шапікаў у Менску.
У звароце адзначаецца, што ў горадзе кампанія «Энерга-Оіл», падкантрольная буйному бізнесоўцу Аляксею Алексіну, актыўна ставіць шапікі «Табакерка». Разам з тым у 2008 годзе ў выніку рашэння ўладаў спынілі сваё існаванне кіёскі простых прадпрымальнікаў.
«Прайшло 10 гадоў і кіёскі вяртаюцца ў сталіцу пад выглядам «Табакерка». Але тое, як гэта робіцца, і выклікала шквал абурэння і гневу ў жыхароў нашай краіны. Справа ў тым, што ўлады дазволілі ўсталёўваць кіёскі толькі аднаму прадпрымальніку – Аляксею Алексіну», – піша кіраўнік «Перспектывы» Анатоль Шумчанка.
Арганізацыя просіць Аляксандра Лукашэнку «аднавіць справядлівасць у гэтым пытанні і вярнуць менчукам кіёскі дробнага раздробнага гандлю ва ўсіх раёнах гораду, падаўшы права і магчымасць іх устаноўкі праз аўкцыёны ўсім без выключэння жадаючым прадпрымальнікам, а не абраным».
Прадпрымальнікі таксама згаджаюцца прадаваць толькі беларускія тавары і адмовіцца ад гандлю тытунёвымі вырабамі.
МГ belsat.eu