Менгарвыканкам патлумачыў, што ставіць «Табакеркі» можна, а звычайныя кіёскі – не


Менскія прадпрымальнікі месяц таму звярнуліся да ўладаў з просьбай вярнуць на вуліцы кіёскі рознічнага гандлю, бо «Табакеркі» кампаніі алігарха Алексіна з’яўляюцца па ўсім горадзе. 30 жніўня арганізацыя «Перспектыва» атрымала адказ ад Менгарвыканкаму.

Сталічныя ўлады не дазволяць ІП ставіць свае кіёскі на прыпынках, вынікае з адказ на зварот «Перспектывы».

Канкрэтная прычына, чаму гэта не дазваляецца, у лісце не згадваецца, аднак ёсць тлумачэнне, навошта гораду патрэбныя «Табакеркі».

«Пытанні стварэння спецыялізаванай сеткі па продажы тытунёвых вырабаў у адпаведнасці з інвестыцыйным дагаворам каардынуюцца канцэрнам «Белдзяржхарчпрам». З прадстаўленай інфармацыі канцэрну «Белдзяржхарчпрам» вынікае, што інвестыцыйны дагавор заключаны на рэалізацыю інвестыцыйнага праекта па стварэнні недзяржаўнай спецыялізаванай сеткі па рэалізацыі тытунёвых вырабаў.

Рэалізацыя інвестыцыйнага праекта не скіравана на выключную ўстаноўку спецыялізаваных гандлёвых абʼектаў, а ўключае шэраг іншых важных падсістэм, якія дазваляюць змагацца з кантрафактнай прадукцыяй на ўнутраным рынку, забяспечваць гарантаваны збыт тытунёвых вырабаў дзяржаўнай тытунёвай фабрыкі і афіцыйных імпарцёраў, абмежаваць продаж тытунёвых вырабаў і іх даступнасць непаўналетнім», – напісана ў адказе.

У Менгарвыканкаме падкрэслілі, што ўсталяванне «Табакерак» ажыццяўляецца цяпер і будзе працягвацца надалей.

Гандаль у кіёсках ІП улады Менску лічаць немэтазгодным з наступных прычын:

«У мэтах фармавання сталічнага ўзроўню гарадскога асяроддзя і стварэння камфортных умоў для абслуговага персаналу, прадаўцоў і спажыўцоў, а таксама выканання санітарных норм і правілаў развіццё гандлёвай інфраструктуры горада лічым мэтазгодным за кошт абʼектаў капітальнага будаўніцтва».

Прадпрымальнікі рэакцыяй чыноўнікаў не задаволеныя і сцвярджаюць, што такая пазіцыя супярэчыць палітыцы кіраўніка дзяржавы, які абяцаў стварыць роўныя ўмовы для бізнесу.

Цяпер «Перспектыва» чакае адказу на аналагічны зварот у Адміністрацыю прэзідэнта.

Аб’ектыў
Тытунёвы бізнес і новыя алігархі пры Лукашэнку
2019.08.09 21:56

КА belsat.eu

Стужка навінаў