Тытунёвы бізнес і новыя алігархі пры Лукашэнку


Набыў моц указ Аляксандра Лукашэнкі, паводле якога дзяржава падзялілася выключным правам на імпарт тытунёвай сыравіны з прыватнікам – кампаніяй «Інтэр Табака» Аляксея Алексіна. Статус адмысловага імпарцёра дасць бізнесоўцу ледзь не манаполію ў гэтым бізнесе – ад набыцця тытуню да продажу цыгарэтаў у кіёсках. За што такая ласка ад кіраўніка дзяржавы?

На словах – змаганне за здаровы лад жыцця беларусаў, на справе – інвестыцыі ў цыгарэтны дым. Указ №298 «Аб імпарце тытунёвай сыравіны» Аляксандр Лукашэнка падпісаў «у мэтах стварэння дадатковых умоваў для вытворчасці тытунёвых вырабаў». Таварыства з абмежаванай адказнасцю «Інтэр Табака» Аляксея Алексіна атрымала ад Лукашэнкі выключнае права дзяржавы на імпарт тытуню ў межах стварэння адзінай тавараправодзячай сеткі кампаніяй «Энерга-Оіл». Беларусам яна знаёмая па кіёсках «Табакерка» – ледзь не на кожным прыпынку грамадскага транспарту.

«Тое, што ад дзяцей іх хаваюць, шторамі прыкрываюць, гэта адно. Але ўсё роўна яны на віду атрымліваюцца. І зашмат іх».

«Паглядзіце, паўсюль, на ўсіх прыпынках гэтыя табакеркі. Нават кветак няма, а ёсць цыгарэты».

«Лепш бы ў нас было вады пабольш, цукерак, квасу для дзяцей», – кажуць пра «Табакеркі» жыхары Берасця.

«Табакеркі» Аляксея Алексіна з’явіліся на вуліцах нягледзячы на тое, што гарадскія ўлады або цалкам забаранілі кіёскі дробных прадпрымальнікаў, як у сталіцы, або значна абмежавалі іх колькасць.

Раней «Інтэр Табака» атрымала дазвол на імпарт гатовых цыгарэтаў, да гэтага прывозіць тытунёвую прадукцыю мела права толькі прадпрыемства «Беларусьторг» Упраўлення справамі прэзідэнта. Каб пабудаваць фабрыку цыгарэтаў у прамысловай зоне «Шабаны», для «Інтэр Табака» змянілі межы гораду Менску. Прадпрымальнікі ставяцца вельмі насцярожана да такой дзяржаўнай дапамогі адной прыватнай кампаніі.

«Гэта вельмі небяспечная манаполія, і логіка развіцця падзеяў кажа, што краіна панясе значную шкоду ад манапалізацыі гандлю тытунёвымі вырабамі. Гэта і «Табакеркі», і сістэма манапалізаваная аптовых паставак цыгарэтаў для іншых рознічных гандляроў», – каментуе Віктар Маргелаў, сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва.

Аляксей Алексін – былы галоўны спецыяліст дэпартаменту энергарэсурсаў і нафтапрадуктаў кампаніі «Белзнешгандальінвест» Упраўлення справамі прэзідэнта. Іншымі словамі, алігарх новай хвалі, якія прыйшлі на змену некаторым старым сябрам Лукашэнкі, такім, як Юрый Чыж. Гэтыя новыя людзі не проста бізнесоўцы, а бізнесоўцы-чыноўнікі.

«Напрыклад, Аляксандр Зайцаў, якога называюць былым памочнікам Віктара Лукашэнкі ў дзяржструктурах. Зараз Алексін і Зайцаў, разам з Мікалаем Варабьём, валодаюць адным з найбуйнейшых лагістычных аператараў «Брэмена-груп». Дарэчы, расследаванне «Белсату» паказала датычнасць «Брэмена-груп» да кантрабанды санкцыйнай прадукцыі ў Расею», – распавядае аўтар расследавання Станіслаў Івашкевіч.

Апроч цыгарэтаў і лагістычных паслугаў Аляксей Алексін гандлюе нафтапрадуктамі, мае інтарэсы ў рэстаранным бізнесе і банкаўскіх паслугах.

«Вельмі шмат з ягоных бізнесаў звязаныя з маштабнай кантрабандай. Гэта ў свой час экспарт так званых распушчальнікаў-растваральнікаў і біяпаліва ва Украіну», – прыгадвае Станіслаў Івашкевіч.

Момант, калі Аляксей Алексін стаў кантраляваць манаполію на рэалізацыю цыгарэт фабрыкі «Нёман», адчулі і нашыя суседзі. Бо якраз тады ажно ў два разы вырас узровень кантрабанды беларускіх цыгарэтаў у Літву.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu