«Санітарка магла падысці на калідоры і змусіць зняць майткі». Як у Навінках абыходзяцца з пацыентамі


Кацярына (імя гераіні змененае на ейную просьбу) правяла ў Навінках 19 дзён. Гэтага часу ёй хапіла, каб зразумець, што ўмовы ў дыспансеры хутчэй нагадваюць СІЗА. Увага: у тэксце ёсць фрагменты апісання сцэнаў жорсткага абыходжання з людзьмі.

РНПЦ психического здоровья, инициата ByCovid19, сборы медицинского оборудования для врачей Беларуси, пандемия коронавируса, волонтёрская помощь, масочный режим, ковид
РНПЦ псіхічнага здароўя (Навінкі). Менск, Беларусь. 15 красавіка 2020 года.
Фота: Белсат

Прывязвалі за любую правіннасць

Кацярына добраахвотна прыйшла ў Навінкі: у дзяўчыны дыягнаставалі трывожна-дэпрэсіўны разлад. Апошнім часам яна адчувала сябе яшчэ горш, таму пастанавіла паправіць стан у шпіталі:

«Мае знаёмыя былі ў дыспансеры на Бехцерава і добра адгукаліся пра ўзровень лячэння там. Навінкі – больш вядомае месца, таму я чакала яшчэ лепшага лячэння і стаўлення. Але я памылялася».

Дзяўчына адразу трапіла ў перадковіднае аддзяленне – яна паступіла з невялікаю тэмпературай. У Кацярыны забралі кнігі, мабільны тэлефон і вопратку: «Было вельмі халадно, а я ляжала ў адной шпітальнай сарочцы і халаце пад тонкаю коўдраю. Калі я прасіла сваю вопратку, то персанал знаходзіў нейкія адгаворкі. Я не магла зразумець: чаму я не магу хадзіць у сваіх штанах?»

Жанчын у Навінках увогуле не выпускаюць надвор: дырэктар супраць жаночага курэння, таму шмат хто з пацыентак курыць у прыбіральні. Персанал у Навінках увесь час чыніць вобшукі, галоўным чынам шукаюць любыя псіхаактыўныя рэчывы і цыгарэты.

«Была санітарка, якая магла падысці да жанчыны на калідоры, брала рукою за прамежнасць – правярала такім чынам, ці ёсць цыгарэты. Маглі нават змусіць зняць майткі!», – прыгадвае перажытае Кацярына.

Але ў шпіталі не заўсёды крытычна ставіліся да курэння: «Мяне паразіла, што персанал мог быць лаяльны да курэння, калі пацыенты пагаджаліся рабіць іхную працу: мяняць памперсы, памыць калідор. Часам іх змушалі да такога: калі хтосьці адмаўляўся, то прывязвалі да ложка рукі і ногі».

Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя (Навінкі). На фота малады чалавек звязаны, каб не даць яму магчымасці кусаць свае рукі. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь, 1997 год.
Фота: Paul Fusco / Magnum Photos / Forum

У ковідным аддзяленні патэлефанаваць сям’і можна было толькі 2 гадзіны на дзень. Часам на пасце збіраліся чэргі да 60 чалавек.

«У ковідным аддзяленні ляжала прывязаная да ложка жанчына, якую кармілі раз на дзень. Вось гэтая жанчына ляжала выгнутая, увесь час крычала. А калі ейная дачка тэлефанавала ў Навінкі, то медсястра спакойным голасам казала ў слухаўку, што з ёй усё ў парадку», – прыгадвае Кацярына.

Аддзяленне разладу харчовых паводзінаў

Апошні тыдзень Кацярына правяла ў аддзяленні, дзе былі асобы з разладам харчовых паводзінаў, хоць у дзяўчыны зусім іншы дыягназ. Гэты час яна прыгадвае з жудасцю і болем: «У асноўным у гэтым аддзяленні былі падлеткі. А санітаркі і медсёстры толькі лаянкаю размаўлялі».

У пацыентаў з РХП была тэрапія, але яна, на думку Кацярыны, праходзіла вельмі дзіўна. Псіхолаг дазваляла лаяцца і выкарыстоўваць электронныя цыгарэты падчас сесіяў, часта выказвала жорсткае меркаванне пра пацыентаў: «Адной 14-гадовай дзяўчыне яна сказала, што тая хутка памрэ. І іншыя падхапілі гэтую думку ды пачалі цкаваць дзяўчыну».

Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя («Навінкі»). На фота працэдура прымусовага кармлення ў Навінках. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь, 1997 год.
Фота: Paul Fusco / Magnum Photos / Forum

Яшчэ Кацярына прыгадвае пра цкаванне дзяўчыны з ейнай палаты. Яе змушалі піць каларыйныя кактэйлі, а калі тая ванітавала, то псіхолаг казала: «Не будзеш есці – памрэш. Табе кепска, бо гэта толькі ў тваёй галаве». «Я шмат размаўляла з жанчынамі з маёй палаты, спрабавала патлумачыць ім, што трэба падтрымліваць адна адну. Гэта было дзіўна, бо я сама была пацыенткай! Але ў выніку да мяне прыслухаліся, перасталі цкаваць тую дзяўчынку, а яна прызнала, што мае праблемы», – кажа Кацярына.

Кацярына зазначае: шмат хто з пацыентак проста імкнуўся набраць вагу і выйсці з Навінак. Аніхто не спрабаваў разабрацца ў корані праблемаў.

Але пацыенты з разладам харчовых паводзінаў маюць крыху вышэйшы статус за іншых. Напрыклад, Кацярына распавядае, што да іх паступіла жанчына, якая захварэла на анарэксію пасля хатняга гвалту. Але месцаў у палаце ўжо не было. Таму пастанавілі пацыентку, якая мела вялікія праблемы з памяццю, перасяліць у калідор.

«Гэтая жанчына забывала літаральна ўсё! Яна была ў Навінках на той момант 2,5 месяца, і ёй не рабілася лепей. Я прыдумала пісаць на стыкерах, які сёння месяц і дзень. Гэта спрацавала, і пацыентка запомніла гэтую інфармацыю. Было вельмі жорстка пераводзіць яе ў калідор, асабліва калі яна нарэшце запомніла, дзе ейны ложак», – распавядае Кацярына.

Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя (Навінкі). На фота малады хлопчык, які не можа хадзіць – ён праводзіць усе свае дні моўчкі і адзін у сваім ложку. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь, 1997 год.
Фота: Paul Fusco / Magnum Photos / Forum

Ад болю разадрала жывот

Самае страшнае адбылося з Кацярынаю за колькі дзён да выпіскі. Дзяўчыну з ейнай палаты, якая важыла 31 кілаграм, змусілі вельмі шмат з’есці. Праз нязвыклыя аб’ёмы ежы ў яе пачаліся моцныя колікі.

«Мне даводзілася трымаць яе за рукі, каб яна не разадрала жывата да крыві. А медперсанал аніяк не рэагаваў і нават забараняў выклікаць дапамогу. Я супакойвала іншых дзяўчат, якія біліся ў істэрыцы. Гэта магло здарыцца яшчэ і праз тое, што за тры тыдні да гэтага памерла дзяўчынка, і на ейны труп вадзілі паглядзець іншых дзяўчат», – распавядае нашая гераіня.

Менавіта пасля гэтага выпадку Кацярына болей не магла трываць: «Пасля гэтай сітуацыі я не магла заснуць і супакоіцца. Праз тры дні я сабрала рэчы, распавяла лекарам, што адбылося. Настойвала на тым, што ўдома мне будзе лягчэй».

Але дзяўчыну адмовіліся выпісваць са шпіталю, хоць яна добраахвотна туды прыйшла. Маці Кацярыны давялося націснуць на медперсанал, каб вызваліць дачку. «Мяне лячыла інтэрн, якая нават не ведала майго дыягназу! Думала, што ў мяне анарэксія!» – абураецца Кацярына.

Жыццё пасля Навінак

Пасля выхаду Кацярына звязалася з блізкімі дзяўчат, якія, на ейны погляд, не мусяць быць у Навінках, і распавяла, што там адбываецца. Некаторых з іх адразу забралі.

«Пасля Навінак мне ўдалося трапіць да псіхіятра, я цяпер удвая болей займаюся з псіхатэрапеўтам, але па-ранейшаму маю праблемы са сном. Дасюль я шмат фантазіявала, як апынаюся ў СІЗА. Высветлілася, што перабыванне ў Навінках даволі да СІЗА падобнае, толькі вось у дадатак могуць звязаць і даваць незразумелыя прэпараты».

Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя (Навінкі). На фота супрацоўніца лякарні збірае дзяцей, каб адвесці іх пасля прагулкі ў шпіталь. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь, 1997 год.
Фота: Paul Fusco / Magnum Photos / Forum

Кацярына прызнаецца, што яна адчувала сябе абсалютна бяспраўнай, яе пазбавілі любой свабоды:

«Не было права нават ведаць свайго дыягназу, схемы лячэнне: уся інфармацыя была закрытая. Апроч таго, пануе абсалютная ўлада персаналу. Вельмі дзіўная рэч, калі санітаркі праяўляюць свае амбіцыі на пацыентах».

Маці Кацярыны таксама працуе ў медыцыне. І, нягледзячы на ўмовы працы ды заробкі, для яе здароўе ды інтарэсы пацыента – на першым месцы.

Затое гэты досвед дапамог дзяўчыне знайсці сваё магчымае пакліканне: «Калі я была ў Навінках, то шмат думала, як палепшыць умовы. Зразумела, што хацела б стаць дзіцячым псіхолагам. На маёй працы ў мяне моцнае выгаранне, што ў пэўным сэнсе і стала прычынаю, чаму я трапіла туды. Таму, магчыма, я знайшла сваё сапраўднае пакліканне. Нават мне ўдавалася лепей дапамагаць людзям у Навінках, чымся персаналу».

Паводле Кацярыны, пры папярэднім дырэктары Навінак умовы ўтрымання пацыентаў былі лепшыя.

Меншае зло

Мы звярнуліся па каментар да псіхіятра Канстанціна Мінкевіча, каб ён пракаментаваў правілы ўтрымання ў псіханеўралагічных дыспансерах.

«Падставы для шпіталізацыі ў любы псіхіятрычны стацыянар больш-менш стандартныя: наяўнасць псіхічнага разладу, які немагчыма альбо неэфектыўна лячыць амбулаторна. Часцей за ўсё ідзецца пра так званую вялікую псіхіятрыю, найперш шызафрэнію, хаця ў прынцыпе мажлівая шпіталізацыя з любым дыягназам псіхічнага разладу ці разладу паводзінаў. Плюс разнастайныя экспертныя пытанні звычайна патрабуюць шпіталізацыі – такая склалася традыцыя», – кажа адмысловец.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Журавіцкі псіханеўралагічны дзіцячы дом і прытулак. Пахар, Рагачоўскі раён, Гомельская вобласць.
Фота: Paul Fusco / Magnum Photos / Forum

Канстанцін падкрэслівае, што знаходжанне ў агульна псіхіятрычным аддзяленні прадугледжвае абмежаванне свабодаў пацыентаў, як мінімум – свабоды перамяшчэння: дзверы зачыненыя для ўсіх, незалежна ад таго, шпіталізаваны чалавек добраахвотна ці не.

Тое ж і з выпіскаю: пацыент нібыта сам пастанавіў лячыцца і ў любы момант можа ад яго адмовіцца, але практычна гэта так не працуе, трэба пісаць заяву і атрымаць дазвол доктара.

«З аднаго боку, гэта спадчына мінулых часоў, калі псіхіятр вызначаў лёс сваіх бяспраўных пацыентаў. З другога – недасканаласць беларускае (і наагул постсавецкае) псіхіятрычнае сістэмы, якая апынулася ў прамежкавым стане: заканадаўства змянілася ў бок сучасных стандартаў дапамогі, а ўмовы і, галоўнае, разуменне з боку выканаўцаў – не», – падкрэслівае Канстанцін.

Наконт таго, калі персанал можа ўжываць фізічную сілу, ёсць вялікае разыходжанне з правіламі і рэчаіснасцю.

«Напрыклад, звязваць пацыентаў можна на кароткі час максімальна бяспечнымі сродкамі, калі інакш пацыент можа пашкодзіць сабе альбо іншым. На практыцы ж захады абмежавання ўжываюцца значна часцей. Прычынаў на тое некалькі, і першая з іх – беларускія псіхіятрычныя стацыянары і блізка не адпавядаюць стандартам ХХІ стагоддзя ў сэнсе сваёй арганізацыі. Напрыклад, у Швецыі на аднаго пацыента псіхіятрычнага аддзялення маецца адзін чалавек персаналу, калі іх браць агулам – лекар, медсястра, санітар(ка). У Беларусі, у тым жа РНПЦ псіхічнага здароўя персаналу істотна меней, чымся пацыентаў. Пацыенты не ізаляваныя адно ад аднаго, яны разам у досыць вялікіх палатах. Тых, у каго абвастрэнне і хто патрабуе пільнага назірання за станам, утрымліваюць у так званых назіральных палатах, дзе можа быць і шэсць, і дзесяць і больш чалавек. Іхны стан можа мяняцца вельмі хутка, і некаторыя з іх умомант могуць рабіцца небяспечнымі. Таму і захады абмежавання накіраваныя на апярэджанне гэтае небяспекі – коштам празмерных абмежаванняў для ўсіх без разбору».

Скардзіцца на жорсткае абыходжанне пацыенты могуць, але гэта часта не мае сэнсу. Прычына ў беларускай сістэме, дзе скаргі ніколі не разглядаюцца. Трэба сістэмныя змены, на якія няма волі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Журавіцкі псіханеўралагічны дзіцячы дом і прытулак. Пахар, Рагачоўскі раён, Гомельская вобласць.
Фота: Paul Fusco / Magnum Photos / Forum

Але ў той жа час дзякуючы беларускім псіханеўралагічным дыспансерам можна трапіць у рэмісію.

«Хаця я даўно крытыкую арганізацыю стацыянарнае псіхіятрычнае дапамогі ў Беларусі, я разумею, што ў некаторых выпадках гэта меншае зло, чым уласна разлад, і без стацыянару – нават дрэннага – не абысціся», – зазначае Канстанцін.

Гісторыі
«Хачу, каб вінаватых пакаралі». Беларуска – пра тое, як страціла ў СІЗА дзіця
2021.12.22 15:47

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў