«Гэта ваенныя злачынствы». У ЕЗ паабяцалі пакараць датычных да бамбавання цывільных аб’ектаў ва Украіне


Афіцыйны прадстаўнік замежнапалітычнай службы Еўразвязу Пэтэр Стана пракаментаваў «Белсату» абстрэлы Украіны мінулай ноччу і заклікі Кіева да партнёраў перадаць знішчальнікі F-16. Ён сказаў, што кожная дзяржава асобна разгледзіць магчымасць перадачы самалётаў, а бамбаванне цывільных аб’ектаў назваў ваеннымі злачынствамі.

Наступствы абстрэлу 9-павярховага дому ў горадзе Умань. Чаркаская вобласць, Украіна. 28 красавіка 2023 года.
Фота: Нацыянальная паліцыя Украіны / Telegram

«Гэтыя бамбаванні цывільных аб’ектаў ёсць ваеннымі злачынствамі – і без пакарання яны не застануцца», – заявіў «Белсату» спікер замежнапалітычнай службы Еўразвязу Пэтэр Стана. Ён паабяцаў, што «усе датычныя: і камандзіры, і выканаўцы, і іхныя хаўруснікі – паўстануць урэшце перад судом».

Так Стана пракаментаваў абстрэлы, што ў ноч на пятніцу ўчыніла расейская армія.

У горадзе Умані Чаркаскай вобласці ракета трапіла ў жылы 9-павярховы дом. Паводле апошніх звестак паліцыі, лік ахвяраў дасягнуў 23, сярод іх – чацвёра дзяцей.

У Дняпры праз абстрэл быў зруйнаваны прыватны дом, дзе загінула 31-гадовая жанчына ды двухгадовае дзіця. Яшчэ 3 асобы пацярпелі.

У горадзе Украінка Кіеўскай вобласці абломкі расейскай ракеты пашкодзілі шматпавярховік, у выніку раненні атрымала 13-гадовая дзяўчынка.

Hавiны
Уначы Расея нанесла масаваны ракетны ўдар па шэрагу ўкраінскіх гарадоў
2023.04.28 10:10

Кіраўнік украінскага МЗС Дмытро Кулэба, каментуючы ў сваім Twitter гэтыя бамбаванні, напісаў, што «шлях да міру – узбраенне Украіны знішчальнікамі F-16». Пазней на прэс-канферэнцыі ў Адэсе міністр заявіў, што краінам-партнёрам неабходна як мага хутчэй ухваліць навучанне ўкраінскіх пілотаў на заходніх баявых самалётах. Гэта, на меркаванне Кулэбы, прывядзе да рашэння аб перадачы такіх самалётаў Украіне.

«Мы мусім скінуць Расею з неба», – сказаў міністр. Ён патлумачыў, што знішчальнікі неабходныя для прыкрыцця ўкраінскіх войскаў падчас контрнаступу, для абароны Чорнага мора і прыбярэжных тэрыторыяў.

Пэтэр Стана, каментуючы «Белсату» заклік кіраўніка МЗС, адзначыў, што гэтую праблему чальцы Еўразвязу мусяць развязаць самастойна:

«Калі ёсць запыт на F-16, то гэта справа дзяржаваў – чальцоў Еўразвязу, якім належаць гэтыя знішчальнікі, разгледзець, гатовыя яны перадаць іх Украіне або не. Але агулам Еўразвяз гатовы і далей падтрымліваць Украіну ды даваць ёй усё, што неабходна для абароны ад незаконнае агрэсіі».

Hавiны
Байдэн заявіў, што ЗША пакуль што не будуць пастаўляць Украіне самалёты F-16
2023.02.25 10:23

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў