Лукашэнка: Краінай я кірую, а не Пуцін і сілавікі, але да сілавікоў прыслухоўваюся


Тыя, хто з’ехаў за мяжу ад палітычнага пераследу, змогуць вярнуцца пасля пакаяння ў Беларусь, але ў іх не перестануць бачыць пагрозу і да кожнага прыменяць індывідуальны падыход. Як перадае тэлеграм-канал «Пул Первого», аб гэтым казаў сёння Аляксандр Лукашэнка падчас нарады аб грамадска-палітычным становішчы.

Лукашэнка лічыць, што ён працягвае кіраваць Беларуссю, а не Пуцін і сілавікі. Скрыншот з відэа тэлеграм-каналу «Пул Первого»: Telegram / pul_1

Падчас нарады па пытаннях грамадска-палітычнага становішча ў Беларусі 24 студзеня Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму грамадзянаў, якія паводле яго слоў «выступалі супраць дзяржавы і збеглі за мяжу, а сёння гатовыя пакаяцца». Ён заявіў, што ад такіх асобаў не трэба адхіляцца, але да кожнага прымяніць індывідуальны падыход пры іх вяртанні.

«Хто гатовы жыць у міры, тварыць дзеля дабрабыту сваёй краіны, не павінны быць адхілены грамадствам. Нам патрэбна не зачыняцца ад тых, кто спатыкнуўся і ўсвядоміў гэта, а зрабіць крок насустрач», – цытуе Лукашэнку «Пул Первого».

Пры гэтым Лукашэнка лічыць, што гіпатэтычныя ворагі «будуць усяляк перашкаджаць вяртанню дадому гэтых людзей»: «Для беглых, якія гандлююць інтарэсамі народа, простыя людзі заўсёды будуць таранам для барацьбы супраць дзяржавы і сталай крыніцай асабістага фінансавага дабрабыту».

Дзеля інтарэсаў «беглых» Лукашэнка паставіў задачу «дакладна вызначыць, хто сапраўды перагледзеў свае погляды і жадае спакойна жыць, вучыцца і працаваць, а хто – не». Пры гэтым ва ўсіх, хто ўцёк ад палітычнага пераследу ў Беларусі за мяжу, правіцель бачыць патэнцыйную пагрозу, такія людзі, паводле Лукашэнкі, могуць скарыстацца нагодай вярнуцца «дзеля нанасення шкоды інтарэсам дзяржавы». Таму да «вяртанцаў» будзе прымяняцца «выключна індывідуальны падыход да кожнага і справядлівасць у прыняцці рашэнняў».

Узгадваючы падзеі 2020 года, Лукашэнка заявіў, што рэжым будзе жорстка рэагаваць на любыя выступы супраць дзяржавы і дзейсных уладаў:

«Мы жорстка на гэта рэагуем. Мы ніколі не дапусцім гэтага шатання 2020 года. Там, зразумела, і пандэмія, і іншыя пытанні, перадвыбарныя, на гэта ўплывалі, але гэта нам не апраўданне».

Лукашэнка таксама прыпалохаў удзельнікаў нарады тым, што калі б рэжым ў 2020 годзе не выстаяў, то ў Беларусі «было б горай, чым ва Украіне. Украіна багатая, багацей нас. Было б тут значна горай. Я не жадаю, каб мне ці вам кланяліся за гэта і нам дзякавалі, але ўсім зразумела, дзеля чаго і дзякуючы каму выстаялі. І калі пасля гэтага нехта вылазіць з-пад плінтусу і як таракан пачынае ізноў гэтую сваю гадкую справу, ваюючы супраць народа і ўлады… Калі нехта – то не дай бог».

Падчас нарады Лукашэнка таксама прызнаў, што ў 2020 годзе ўтрымаўся пры ўладзе толькі дзякуючы дзеянням сілавікоў і ўлічвае іх меркаванне, калі прымае важныя рашэнні. Пры гэтым ён падкрэсліў, што працягвае кіраваць Беларуссю і выконвае «свае абавязкі згодна Канстытуцыі», у той час як гучаць выказванні, што «краінай кіруюць Пуцін і сілавікі».

Раней Лукашэнка прапаноўваў вярнуцца прадстаўнікам IT-галіны, аднак аб якойсьці  заўважнай рэакцыі на гэтую прапанову невядома.

Тымчасам, 23 студзеня Дзяржаўны памежны камітэт паведаміў, што за мінулы год пры заездзе ў Беларусь затрымалі 52 беларусаў, якіх абвінавачваюць у «датычнасці да экстрэмісцкай дзейнасці».

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў