У Беларусі расце дэфіцыт кадраў. Каго не стае больш за ўсё?


Медыкі, трактарысты, кіроўцы, кухары, будаўнікі, прадаўцы: склалі рэйтынг найбольш дэфіцытных у краіне прафесіяў. Калі колькасць вакансіяў і надалей будзе расці такімі ж тэмпамі, у Беларусі хутка не будзе каму лекаваць, будаваць, выхоўваць дзяцей. 

Здымак ілюстрацыйнага характару.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Пра кадравую катастрофу гаворыць не толькі статыстыка, але і сайты для пошуку працы. На сёння ў Агульнарэспубліканскім банку вакансіяў размешчаныя 116 429 прапановаў працы. На люты гэтая лічба складала 99 953. Такім чынам прырост вольных працоўных месцаў за няпоўныя тры месяцы – 16 476. Колькасць вакансіяў няспынна расце, пачынаючы з вясны 2022 года. Пры гэтым рэзюмэ – толькі 10 095, то бок менш у 10 разоў.

Лідаруе ў колькасці вакансіяў Менск: тут патрабуюцца 29 929 спецыялістаў (у лютым 2023-га патрабаваліся на 4051 спецыяліста менш). Затым ідзе Менская вобласць – (18 314), Гарадзенская (15 695), Берасцейская (13 739), Гомельская (13 612), Віцебская (12 991), Магілёўская (12 178).

Якіх спецыялістаў не стае найбольш? Рэйтынг вакансіяў

Тэндэнцыя мінулага года – нястача медыкаў – працягваецца і сёлета. Брак дактароў адчуваецца  ледзь не ў кожнай паліклініцы, пра што сведчаць чэргі каля кабінетаў адмыслоўцаў. Працадаўцы прапануюць вакансіі дактароў з заробкам Br 2000, але дэфіцыт не змяншаецца.

Возьмем кваліфікаваных спецыялістаў. Гэтак, на снежань 2022-га налічваліся 6286 вакансіяў. У лютым 2023-га лік вырас да 6330. Сёння ў краіне не стае 6651 доктара, гэта на 365 больш, чымся было ў снежні.

Самы высокі заробак абяцаюць намесніку галоўнага доктара ў Пінскай цэнтральнай больніцы (Br 4265), найменшы – Br 800–900 – стаматолагам у 4-й гарадской дзіцячай клінічнай больніцы Менску (дарэчы, тут наагул цяжкая сітуацыя з персаналам: мы знайшлі больш за 60 вакансіяў). Шмат дзе патрабуюцца некалькі спецыялістаў. Напрыклад, у радзільні ў Баранавічах патрэбныя 6 дактароў, а ў дзіцячай паліклініцы ў Берасці – 7 спецыялістаў розных кірункаў.

Таксама адчувальны дэфіцыт медычных сясцёр. Гэтак, на травень 2023 года знаходзім 4055 вакансіяў. Пры гэтым тры чвэрці з усіх прапановаў сведчаць, што медсястра не будзе атрымліваць заробку, большага за Br 800.

Наступныя ў нашым рэйтынгу – трактарысты і кіроўцы. Для трактарыстаў адкрытыя 3217 вакансіяў (на канец 2022 года было на 683 менш), а для кіроўцаў – 4027. У абодвух выпадках 50 % наймальнікаў гавораць, што чалавек не зможа зарабляць больш за Br 800.

Рэзка вырасла ў краіне колькасць вольных месцаў працы для электраманцёраў: цяпер патрабуюцца 3324 адмыслоўцы (заробак ад Br 554 да Br 2000). У той час у канцы 2022 года патрабаваліся толькі 1474  (дэфіцыт павялічыўся на 1850 чалавек).

У Беларусі ўсё менш асобаў, якія прафесійна… гатуюць. Знайшлі ажно 2200 вакансіяў для кухараў на заробак ад Br 500 (у дзіцячыя садкі) да Br 2000 (у рэстараны). У канцы 2022 года былі адкрытыя 1924 вакансіі ў гэтым профілі (+ 276).

Таксама ў Беларусі вялікая нястача прадаўцоў. Гэтак, знаходзім 2184 вакансіі з заробкамі Br 500–2000.

Не стае і газазваршчыкаў – адкрытыя 1239 вакансіяў на заробак Br 554–4000 (у канцы 2022-га патрабаваліся 923 спецыялісты).

Паглыбляецца нястача будаўнікоў. Цяпер патрабуюцца 1200 адмыслоўцаў будаўнічага профілю. У лютым была 871 вакансія. У снежні 2022-га лічба была меншая на 407 вакансіяў. Адзначым, што расці яна пачала з пачатку года.

Здымак ілюстрацыйнага характару.
Фота: Белсат

Найбольшы заробак абяцаюць кіраўніку структурных падраздзяленняў у вытворчасці і эксплуатацыі ў будаўніцтве ў буравой кампаніі «Дэльта» (Гомельшчына, Рэчыцкі раён) – Br 4000–4500. Найменшы заробак – Br 550–600 – прапануюць кантралёру будаўнічых матэрыялаў і вырабаў у Менскім домабудаўнічым камбінаце.

Не развязваецца праблема з кіроўнымі кадрамі.У снежні 2022-га мы знайшлі 1016 вакантных месцаў на кіроўныя пасады, у лютым 2023-га – 1106, цяпер – 1102 вакансіі. Самы высокі заробак – Br 7000–10 000 – прапануе таварыства з абмежаванай адказнасцю «Алютэх Інкарпарэйтэд»: шукаюць кіраўніка праектаў з валоданнем нямецкай, польскай і англійскай моваў, досведам продажаў на рынках ЕЗ і СНД не менш за 10 гадоў. Таксама падобны заробак прапануе таварыства з абмежаванай адказнасцю «ЭйчЭс Белакон» (абавязковае веданне англійскай, нямецкай і літоўскай моваў, стаж працы на дрэваапрацоўчых вытворчасцях – не менш за 10 гадоў, наяўнасць пасведчання кіроўцы, веданне праграмы «АutoCAD»), да Br 11 000 заробку прапануе «СтатусБанк», але чамусьці ніхто не ідзе.

Застаецца адчувальным дэфіцыт выхавальнікаў у дзіцячых садках. На сёння знаходзім 746 вакантных месцаў працы. У лютым было на 109, а ў снежні 2022-га – на 124 менш.

Самы вялікі заробак тут – Br 1040 – прапануе дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Рамантыка Люкс» на Гомельшчыне, найменшы – Br 600 – прапануюць выхавальнікам у дзіцячых садках № 5 Магілёва, № 9 Полацку (3 месцы),  № 52 Горадні (2 месцы).

Шукаюць таксама дырэктараў (знайшлі 557 вакансіяў з заробкам Br 500–8000) і эканамістаў (494 вакансіі з заробкам Br 500–2767).

У Беларусі працягваюць знікаць настаўнікі. Гэтак, на сёння знаходзім 411 вакансіяў. У лютым шукалі 379 настаўнікаў, у снежні 2022-га – 355.

Самы вялікі заробак прапануюць міжнародныя школы англійскай мовы. Васьмёх выкладчыкаў на заробак Br 3300 шукае прыватная дзіцячая Міжнародная школа. Яна ніяк не можа закрыць усіх вакансіяў яшчэ з мінулага года. Што датычыць дзяржаўных школаў, то найбольшы заробак прапануюць настаўніку матэматыкі ў Кіраўскай СШ – Br 1400–1500.

Найменшы заробак – Br 550–600 – настаўнікам матэматыкі, фізічнай культуры, пачатковых класаў і расейскай мовы ў Прывольненскай СШ Менскага раёну, а таксама настаўніку англійскай мовы ў СШ № 13 у Лідзе.

Саша Гоман belsat.eu 

Стужка навінаў