Людзі выйшлі адзначаць свята за мяжою. Якія беларускія законы яны парушылі?

Лукашысты разумеюць, што ў 2020 годзе яны зазналі паразу, таму і робяць усю гэтую дзікасць. Яны баяцца паўтарэння тых падзеяў, і нават максімальна моцнае закручванне гаек не дапамагае. Яны выдатна разумеюць, што ўтрымліваць уладу могуць толькі сілай, ураўноўваючы пад месячны пейзаж усё, што адбываецца ў краіне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святкаванне Дня Волі ў Варшаве, Польшча. 24 сакавіка 2024 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Яны так і не змаглі прымусіць сябе любіць. Знайсці ўсіх, хто выходзіў у 2020-м, яны таксама не змаглі, а большасць тых людзей да гэтага часу ўнутры краіны, і яны не даравалі, яны памятаюць і чакаюць. Як чакаюць і сотні тысяч людзей, якія былі вымушаныя ўцякаць ад катаванняў лукашэнкаўскага рэжыму, сотні тысячаў, якія былі выціснутыя з краіны і якім прыйшлося пачынаць з чыстага ліста ў 40, 50, 60 гадоў.

Няўжо гэта можна прабачыць? Няўжо можна змірыцца з тым, што Лукашэнка бярэ закладнікаў і катуе ў турмах тваіх сяброў, калег, сваякоў? Больш за тое, не толькі катуе, але ўжо і забівае.

На мінулым тыдні рэжым Лукашэнкі яшчэ раз паказаў, каго ён баіцца – прадстаўнікоў беларускіх дыяспараў за мяжой, людзей, якія ўжо чатыры гады працягваюць бегчы марафон, паказваючы, што старонка не перагорнутая, што 2020 год не скончаны.

Лукашэнку раз’юшваюць людзі з нацыянальнымі сцягамі, якія прыходзяць пад консульствы рэжыму ў еўрапейскіх краінах і за акіянам ды кажуць праўду. Ён бы іх разарваў, знішчыў, спусціў бы на іх АМАП, але нельга, не выйдзе. Тут так нельга.

Гэта ўсё бачаць ягоныя прадстаўнікі ў консульствах, і ім застаецца толькі ціха, як мышам, сядзець за двухметровым плотам, выглядаючы ў шчылінку, і трэсціся ад думкі, што раптам давядзецца ехаць дадому.

Калі ў 2020 годзе рэжым выціскаў людзей за мяжу, ён не думаў, што дае беларускаму грамадству тое, чаго ў яго ніколі не было, – моцныя беларускія дыяспары, якія цяпер ёсць у нас па ўсім свеце і якія, як адзначалася вышэй, выходзяць на акцыі і не даюць магчымасці забыцца пра тое, што адбываецца ў Беларусі.

Hавiны
СК сабраўся судзіць яшчэ 104 беларусаў, якія святкавалі за мяжою Дзень Волі
2024.05.16 17:02

На мінулым тыдні рэжым пастанавіў пачаць крымінальныя справы супраць тых, хто святкаваў Дзень Волі ў еўрапейскіх і амерыканскіх гарадах 25 сакавіка. Падазраванымі ў справе праходзяць 104 асобы. Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэту рэжыму Лукашэнкі Сяргей Кабаковіч, які сказаў, «што частка грамадзянаў радыкальных поглядаў, якія падтрымліваюць экстрэмісцкую ідэалогію, пакінулі нашую краіну, скаапераваліся ў дробных ячэйках у краінах ЕЗ і ЗША, дзе на чале з “беглымі” ініцыятарамі спробы рэвалюцыі пачалі фармаваць інструменты вонкавага ціску на Беларусь. Такімі зрабіліся антыбеларускія акцыі так званых дыяспараў за мяжой, у тым ліку прымеркаваныя да ўрачыстасці нацыяналістаў, так званага Дня Волі».

Кабаковіч заявіў, што пачатая крымінальная справа і ніхто не ўцячэ ад адказнасці, і паабяцаў канфіскаваць маёмасць грамадзянаў у Беларусі. Заадно ён абазначыў, чаго больш за ўсё баіцца рэжым Лукашэнкі – ціску і новых санкцыяў. Гэта якраз усе тыя кірункі, у якіх нам з вамі трэба актыўна працаваць.

Пасля заявы Кабаковіча бандыты са зброяй (так званыя праваахоўныя органы рэжыму Лукашэнкі) кінуліся ў дамы беларусаў: яны выбівалі дзверы, уломваліся ў дамы сваякоў тых людзей, якія ўжо даўно не жывуць у Беларусі, вазілі іх на допыты.

Дзеялі фактычна, як акупацыйны рэжым, як фашысты падчас Другой сусветнай вайны. Нагадаем, што тады, калі забівалі аднаго акупанта, вораг паліў цэлыя вёскі. Нічога не нагадвае?

Цяпер давайце разбірацца, што адбылося.

Людзі за мяжою выйшлі адзначыць адно з самых вялікіх святаў любога беларуса. То бок Кабаковіч не лічыць сапраўднае нацыянальнае свята святам?

Людзі выйшлі адзначаць яго за мяжою. Якія беларускія законы яны парушылі? Кабаковіч абяцае адабраць маёмасць людзей. Гэта паводле якіх законаў?

Менавіта такія, як Кабаковіч, і дзеляць беларускае грамадства, менавіта яны называюць чорнае белым, а белае – чорным. Але праз чатыры гады лукашысты нарэшце дайшлі да таго, каб называць падзеі 2020 года рэвалюцыяй.

Мы бачым, што ім хочацца, каб усе забылі 2020 год, але яны не маюць уплыву на тых, хто за мяжой. Адзіная магчымасць – ціснуць на сваякоў, знаёмых, браць закладнікаў.

Магчыма, некаторыя беларусы за мяжою пасля гэтага, думаючы пра бяспеку сваякоў у Беларусі, больш не будуць выходзіць. Але гэта мусяць рабіць іншыя – праводзіць акцыі, патрабаваць новых санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі ды Пуціна і, у прыватнасці, закрыцця мяжы для руху грузаў з Беларусі і Расеі, ціснуць на ўрады цывілізаваных краінаў, распавядаць замежным медыям пра падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі.

Hавiны
ЕЗ асудзіў рэйды і канфіскацыю маёмасці актывістаў, якія з’ехалі з Беларусі
2024.05.20 20:38

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў